За што каралі беларусаў ў ліпені? На аснове дадзеных валанцёраў «Вясны» «Наша Ніва» сабрала топ самых абсурдных адміністрацыйных спраў. 

Белыя аркушы на вокнах

42-гадовая Мая Шатохіна і 26-гадовы Юрый Клімашэўскі атрымалі па 15 сутак за «выражэнне сваіх палітычных інтарэсаў шляхам размяшчэння на акне аднаго белага аркуша паперы». У гэтым жа «правініліся» яшчэ двое мінчукоў — 34-гадовы Дзяніс Кулікоў і 31-гадовы Андрэй Мураўёў. Суддзя Марыя Ярохіна, як і Юлія Чыж, таксама палічыла, што ім і міліцыянерам больш бачна, што можна вывешваць на вокны сваіх кватэр, а што не. Дзяніса па артыкуле 24.23 КаАП арыштавалі на 13 сутак, Андрэя — на 28.

Яшчэ адна мінчанка Анастасія Емельянава атрымала ад суддзі Аляксандра Волка штраф на 1450 рублёў: падставай для затрымання ў яе выпадку стаў белы аркуш, які вісеў на 12-м паверсе дома. А 44-гадовага Андрэя Грынчыка за такі ж белы аркуш пакаралі ўвогуле 25 суткамі. Мужчына тлумачыў на судзе, што вывесіў яго як сімвал таго, што ён выступае супраць гвалту, але ў трактоўцы міліцыянераў белы аркуш паперы — гэта «незаконны бюлетэнь, які заклікае да пратэстных мерапрыемстваў і з'яўляецца адзіночным пікетам». 

За бел-чырвона-белы сцяг, які нікому не быў бачны

Сцяг, што вісеў на ўваходзе ў кладоўку, і не перашкаджаў нікому, акрамя «неабыякавага грамадзяніна», стаў прычынай 15-сутачнага арышту 51-гадовага Дзмітрыя Асеева. Дзмітрый на судзе акцэнтаваў увагу на тым, што сцяг нікому не быў бачны, таму нельга сказаць, што ён праводзіў пікетаванне, але для суддзі Цэнтральнага раёна Дзмітрыя Карсюка такі аргумент не спрацаваў.

За патэнцыйна магчымы ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве

57-гадовую Марыну Петражыцкую затрымалі, таму што міліцыянерам нібыта паступіла інфармацыя пра яе магчымы ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Але арыштавалі яе ў выніку за непадпарадкаванне, якое жанчына змагла нейкім чынам аказаць у кайданках.

15-сутачным арыштам жанчыну пакараў суддзя Дзмітрый Карсюк.

За рэпост з канала, прызнананага экстрэмісцкім

Да 34-гадовага Алега Пралата міліцыянеры прыйшлі з ператрусам. Мужчына прадэманстраваў ім таксама змест свайго мабільнага тэлефона, адкуль супрацоўнікі даведаліся пра рэпосты з каналаў, што лічацца экстрэмісцкімі.

Як вынік — 14 сутак па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў). Такое рашэнне вынесла суддзя Марыя Ярохіна.

За скінутыя са стала пісьмовыя прыналежнасці ў РУУС

Пенсіянерку Алу Спосаб затрымалі, калі яна вярталася з крамы. Як сведчылі міліцыянеры, з жанчынай хацелі правесці прафілактычную гутарку і адпусціць, але ў службовым кабінеце Фрунзенскага РУУСа яна пачала паводзіць сябе агрэсіўна, рукой скінула прыналежнасці са стала, не рэагавала на просьбы супакоіцца. Гэтых фактаў хапіла, каб скласці на 61-гадовую жанчыну пратакол па артыкуле 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

У трактоўцы суддзі Марыі Ярохінай хуліганства пацягнула на 11 сутак жыцця за кратамі.

За цішотку на балконе «няправільных» колераў

Змаганне са спалучэннем бел-чырвона-белых колераў у краіне працягваецца. Белая цішотка з чырвонай паласой пасярэдзіне, якую Алеся Яначкіна павесіла на балконе сушыцца, нагадала міліцыянерам сцяг. Як следства — пратакол па артыкуле 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне і штраф у памеры 2900 руб (100 базавых).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0