Партыя БНФ настойвае на тым, каб пры выбары адзінага кандыдата ад апазіцыі абавязковай умовай было валоданне будучага прэзідэнта беларускай мовай.

«Белорусский партизан» вырашыў высветліць, як да такой умовы ставяцца беларусы. Па словах паэта Генадзя Бураўкіна, гэта пазітыўны момант. «Веданне беларускай мовы для прэзідэнта павінна быць абавязковай умовай. Гэта нават патрабаванне той Канстытуцыі, якая можа быць і не самая лепшая, але паводле якой мы жывём. У нас у краіне ў Канстытуцыі вызначаныя дзве дзяржаўныя мовы: беларуская і руская, — і чалавек, які прэтэндуе на пасаду прэзідэнта, павінен быць гарантам канстытуцыі.

Ён павінен абсалютна валодаць як рускай, так і беларускай мовамі, і, найперш, беларускай мовай, паколькі ў Канстытуцыі яна запісаная першай і гэта мова карэннага насельніцтва.

Людміла Гразнова — кіраўнік Беларускага праваабарончага альянсу — перакананая, што будучы прэзідэнт павінен ведаць ня менш за тры мовы.

«Абавязковай умовай павінна быць валоданне рускай мовай, беларускай мовай і адной з моваў, на якіх размаўляе ўвесь астатні свет — французскай, нямецкай альбо англійскай, бо сучасны ўзровень інтэграцыі і камунікацыі патрабуе ад будучага кандыдата вельмі высокіх лінгвістычных здольнасцяў».

Экс-дэпутат парламенту генерал Валеры Фралоў да самой ідэі выбару адзінага кандыдата ад апазіцыі ставіцца з вялікім недаверам.

«Гэта цалкам фантастычная ідэя, якая наўрад ці да чаго прывядзе», — перакананы генерал.
Аднак прызнае, што веданне беларускай мовы неабходнае для лідэра Беларусі. «У Кыргызстане, напрыклад, будучы прэзідэнт мусіць здаць іспыт па кіргізскай мове. І гэта вельмі разумна. Так варта зрабіць і ў нас. Будучы кандыдат абавязкова павінен добра валодаць беларускай мовай», — лічыць Валеры Фралоў.

Карацей, прэзідэнт, які не ведае сваёй роднай мовы — гэта сапраўды нонсенс. Хаця для нашай краіны, на жаль, звыклы.

«Белорусский партизан»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0