«Ужо адчуваю сябе ў бяспецы. Рэпрэсіі маглі закрануць і мяне, хоць прамых пагроз не паступала. Але я разумеў, што працаваць і жыць у краіне мне спакойна не дадуць, — расказаў ён, — Рашэнне аб ад'ездзе было прынята ўчора літаральна на працягу паўгадзіны. Цяпер я выехаў ва Украіну, але тут праездам. З Крысцінай у мяне пакуль няма сувязі…»

«Пакуль я проста ў шоку ад усёй гэтай сітуацыі, — дзеліцца Арсеній Зданевіч, —

 У мяне столькі злосці, што мая жонка знаходзілася на іншым канцы свету, а я не мог яе абараніць. Нейкія мужчыны, якім ужо пад 60 гадоў, спрабавалі націснуць на яе, зламаць, давялі да слёз.

Гэта ненармальна! Гэта ганебныя паводзіны для мужчыны. І такія людзі не павінны працаваць са спартоўцамі і ў прынцыпе з людзьмі. Гэта выходзіць за ўсе рамкі. Я не перажываю за сябе ці сваю будучыню ў чужой краіне, але моцна перажываю за жонку, каб з ёй было ўсё ў парадку, каб яна была пад абаронай».

Арсеній Зданевіч мяркуе, што нельга спартсмена прымушаць выконваць нарматыў па тым відзе, якім ён ніколі не займаўся. І яшчэ без яго згоды.

«Калі б з Крысцінай хоць бы карэктна і лаяльна пагаварылі, магчыма, такой сітуацыі б і не адбылося. Але ніхто не паставіў нават у вядомасць. Мая жонка даведалася ад нейкіх старонніх людзей, што ёй трэба будзе бегчы 400 метраў», — кажа ён.

— Гэта фінальная кропка ў кар'еры?

— Вядома, не хочацца губляць усё тое, да чаго яна так доўга ішла. Крысціна хацела добра паказаць сябе на гэтых Алімпійскіх гульнях, але, на жаль, ёй не далі такой магчымасці. Проста давялі чалавека да істэрыкі шляхам запалохвання.

Думаю, нават калі б Крысціна магла вярнуцца ў Беларусь і ёй нічога не пагражала б, то жаданне выступаць за такую зборную ў яе б ужо не было.

Гэта ж ненармальная сітуацыя, калі людзі з тваёй каманды, з якімі ты штодня трэніруешся, маўчаць альбо кажуць, што з Крысцінай паступілі правільна.