Як распавяла «Вясне» жонка Арцёма Вольга, апошні ліст ад мужа з калоніі быў датаваны 9 ліпеня. Адвакат апошні раз да яго патрапіў 14 ліпеня — больш наведаць Анішчука яму не далі. Таксама начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка не прыняў адваката ў прыёмны дзень, бо нібыта яму кудысьці трэба было з'ехаць. 

Па словах Арцёма, увечары 13 ліпеня яго перавялі ў атрад. У камеры ён знаходзіцца яшчэ з трыма людзьмі. Ужо раніцай 14 ліпеня на Арцёма Анішчука «павесілі» парушэнні і адправілі на гутарку з аператыўным супрацоўнікам. Як сказаў Арцём, начальнік калоніі Аляксей Лазарэнка пагражаў яму артыкулам 410 Крымінальнага кодэкса (Дзеянні, што дэзарганізуюць працу папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў).

Таксама Вольга адзначае, што пра следства ў адносінах да яе мужа па крымінальнай справе арт. 411 Крымінальнага кодэкса (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі выпраўленчай установы) нічога невядома ні ёй, ні Арцёму, ні нават адвакату.

«Я хвалююся за стан Арцёма, што з ім адбываецца. Можа ён захварэў, можа яго збілі…» — кажа Вольга.

Па інфармацыі MAYDAY, упраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці адмовіла прадстаўнікам Магілёўскай абласной ГНК у наведванні ПК-15. Там назіральнікі планавалі сустрэцца з Арцёмам Анішчуком. Афіцыйна прычынай адмовы стала «небяспека распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі».

Вольга Анішчук падала заяву ў ГНК для візіту назіральнікаў у калонію для праверкі інфармацыі аб катаваннях, але ім, як ужо згадвалася вышэй, адмовілі.

Раней Вольга паведамляла, што ў ПК-15 ужываюць гвалт у дачыненні да яе мужа. Каб выратавацца ад катаванняў, Арцём праглынуў металічныя прадметы. Пазней з'явілася інфармацыя, што пасля рэзанансу гісторыі ў СМІ і пракурорскай праверкі, Арцёма збіў начальнік калоніі. 

Нагадаем, на Арцёма Анішчука ў магілёўскай калоніі завялі новую крымінальную справу па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі выпраўленчай установы). Прычына новай «крыміналкі» — Арцём нібыта парушыў рэжым: двойчы адмовіўся прыбірацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0