У Мінску з’явіліся досыць арыгінальныя ўлёткі ультранацыяналістычнай арганізацыі. Дык што ж гэта за таямнічая «Белая Воля»?

У раёне трактарнага заводу і ў Чыжоўцы на слупах ды на прыпынках можна пабачыць улёткі незарэгістраванай ўльтранацыяналістычнай арганізацыі «Белая Воля». На іх маецца выява маладога чалавека з аўтаматам Калашнікава ў руках на тле Пагоні. Унізе цытата з «Пагоні» Максіма Багдановіча — «…толькі ў сэрцы трывожным пачую…» «Белая воля» гучна заявіла пра сябе ў часе правядзення Сацыяльнага маршу ў лістападзе 2007 году. Удзел чальцоў арганізацыі ў акцыі апазіцыі меў большы розгалас, чым сама акцыя.

Дык што ж гэта за таямнічая «Белая Воля»? Якія мэты яна пераследуе, хто яе чальцы? Прапануем вашай увазе артыкул Юліі Сівец ды Міколы Бянько «Белая Воля» ў кантэксьце афіцыйнага палітычнага праекта», размешчаны на сайце «Наше мнение».

nn.by

***

«Белая Воля» ў кантэксьце афіцыйнага палітычнага праекта»

Днямі на Сацыяльным Маршы дэбютавала ўльтраправая арганізацыя пад назвай «Белая Воля». Некалькі дзесяткаў «белавольцаў» пабіліся са сваімі апанентамі з супрацьлеглага лагеру анархістаў. Хто з іх стварыў патрэбную карцінку для тэндэнцыйных рэпартажаў БТ — цяпер не істотна. Важна іншае: пустая да нядаўняга часу ніша ультранацыяналістычных арганізацыяў на беларускім палітычным полі можа неўзабаве быць занятай.

Варта зрабіць агаворку, што ранейшыя праварадыкальныя структуры кшталту прарасійскай РНЕ і нацыяналістычныя «Белы легіён», «Край» не здабылі сімпатыяў прыхільнікаў радыкальнага дзеяння ў сілу розных прычынаў.

РНЕ захлынулася ў паўкрымінальных разборках і практычна не знайшла ў Беларусі прыхільнікаў расійскага нацыяналізму. Кропка ў справе беларускага аддзялення РНЕ была пастаўленая ў 2006 годзе. Тады супраць сяброў Гомельскай філіі РНЕ камітэт дзяржбяспекі распачаў крымінальную справу па факце дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі. Праўда, КДБ так і не прызнала РНЕ экстрэмісцкім аб’яднаннем, абмежаваўшыся куды больш мяккай фармулёўкай. Так, улады прадэманстравалі, што дзейнасць РНЕ у Беларусі непажаданая.

«Белы легіён» і «Край», хоць і мелі выразную прабеларускую скіраванасць, былі варожымі сістэме каштоўнасцяў беларускіх уладаў і малазразумелыя для шараговых жыхароў краіны з размытай нацыянальнай ідэнтычнасцю.

Што тычыцца «Белай Волі», яе з’яўленне можна назваць нечаканасцю. Эпатажны ўдзел прыхільнікаў дадзенай арганізацыі ў пратэстным Сацыяльным Маршы выклікаў большы рэзананс, чым сама акцыя апазіцыі. З гэтага пункту гледжання шэсце групы «Белая Воля» падчас Сацыяльнага Маршу можна сапраўды лічыць «пераможным».

Калі казаць пра ідэалогію «Белай Волі», то для яе ўласцівыя папулізм, а таксама спекуляцыя на тэмы сацыяльных праблемаў — ад нелегальнай міграцыі да падзення ўзроўню нараджальнасці. Натхняльнікі «Белай Волі» вызначылі некалькі патэнцыйных пагрозаў для беларускага грамадства: транснацыянальныя карпарацыі, расейскія алігархі, лібералізм. Як бачым, ідэі не здзіўляюць сваёй навізной і цалкам упісваюцца ў схему дзяржаўнай ідэалогіі.

Для распрацаванай афіцыйнай дактрыны характэрныя часам супярэчлівыя пастулаты. Напрыклад, з аднаго боку, дэкларуецца арыентацыя на інтэграцыйныя працэсы з постсавецкімі краінамі, пераважна з Расеяй, а, з іншага, абвяшчаецца курс на стварэнне новага грамадства, якое пойдзе па асаблівым беларускім шляху.

Альбо яшчэ, за дэмакратычным фасадам хаваецца патрэба ў моцным лідэры, які абапіраецца на маналітны народ, што мусіць падзяляць агульнапрынятыя каштоўнасці. Супярэчлівыя на першы погляд прынцыпы афіцыйнай ідэалогіі насамрэч робяць сістэму дзяржаўнага кіравання максімальна ўстойлівай і гнуткай, паколькі дазваляюць кіраўніцтву краіны адносна лёгка манеўраваць у зменлівых вонкавых і ўнутрыпалітычных варунках. Гэта дазваляе ахопліваць і мабілізаваць пры патрэбе шырокія колы насельніцтва Беларусі.

Зрэшты, для ідэалогіі новага ўльтранацыяналістычнага праекта «Белая Воля» таксама ўласцівы постмадэрновы набор супрацьлегласцяў кшталту наяўнасці ў эмблеме арганізацыі афіцыйнага сцяга — каланіяльнай спадчыны — і нацыянальнага бел-чырвона-белага штандара.
Хоць на афіцыйнай інтэрнэт-старонцы руху выкарыстоўваюцца дзве дзяржаўныя мовы, але асноўная колькасць прапагандысцкіх і справаздачных матэрыялаў «Белай Волі», напісаныя на расейскай мове (сайт на дадзены момант не дзейнічае — НН). Стваральнікі ўльтраправага руху адмяжоўваюцца як ад ліберальных апазіцыйных партыяў, так і ад уладаў, калі тыя прымаюць непапулярныя рашэнні кшталту скасавання ільготаў.
Аднак разыходжанні з афіцыйнай лініяй — нязначныя, паколькі стратэгічныя мэты (моцная дзяржава, сацыяльная роўнасць, дэмаграфічная і энергетычная бяспека, незалежнасць ад Захаду) радыкалаў з «Белай Волі» і апалагетаў рэжыму супадаюць.

Адсюль вынікае, незалежна ад таго, хто ініцыяваў стварэнне «Белай волі», пастулаты гэтай арганізацыі ўпісваюцца ў сістэму дзяржаўнай ідэалогіі і маюць не расійскую скіраванасць, а таму могуць быць выкарыстаныя ўладамі.

Вядома, на дадзены момант беларускія ўлады вымушаныя рабіць сімвалічныя саступкі Захаду ў выглядзе дазволу на правядзенне альтэрнатыўных акцыяў, адкрыцця ў Менску Прадстаўніцтва Еўракамісіі etc. На гэтым фоне тактыка гвалтоўных разгонаў АМАПам апазіцыйных мерапрыемстваў будзе выглядаць недарэчнай. У такім разе арганізацыі, падобныя «Белай Волі», могуць выконваць функцыю натуральнага стрымліваючага фактара росту грамадскай актыўнасці напярэдадні наступных парламенцкіх выбараў.

P.S. На Сацыяльным Маршы ролю АМАПу, а менавіта запалохванне ўдзельнікаў акцыі, свядома ці несвядома выканалі «белавольцы». Такім чынам, у будучым існуе імавернасць таго, што «Белая Воля» можа выкарыстоўвацца ў якасці інструмента сілавога кантролю. Пры гэтым, улады забіваюць адным стрэлам некалькіх зайцоў: дыскрэдытуюць тытульную апазіцыю, змяншаюць колькасць ўдзельнікаў акцыяў праз імавернасць быць збітым ультранацыяналістамі, апраўдваюць разгоны пры канфліктах «белавольцаў» і дэманстрантаў. У выніку, аўтарытарная сутнасць дзяржавы чарговы раз будзе схаваная пад маскай квазідэмакратыі.

Юлія Сівец, Мікола Бянько

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру