«Многія краіны жывуць турызмам, чаму Беларусі не развіваць турызм? Ну не хочуць лётаць еўрапейцы да нас — будуць лётаць іншыя. Мы пашыраем палёты турыстаў і разглядаем розныя авіяперавозкі з краінамі Блізкага Усходу, павялічваем плынь рэйсаў з Ірака, КНР, іншых рэгіёнаў — Афрыкі, Сярэдняй Азіі, павялічваем пералёты з Расійскай Федэрацыі, і людзі едуць у Беларусь», — заявіў Вальфовіч.

На думку дзяржсакратара Рады бяспекі, у Беларусі ёсць што паглядзець. Да таго ж у краіне шмат розных гасцініц, гасцінічных комплексаў, розных месцаў для адпачынку.

«Але гасцініцы пабудаваныя, яны пустуюць, значыць, будзем развіваць іншы від бізнэсу. Гасцінічны бізнэс не павінен стаяць: сёння гасцініцы ў Беларусі запоўненыя. Па маіх даных, сёння на тэрыторыі краіны знаходзяцца больш за шэсць тысяч турыстаў, і паток іх павялічваецца. Вядома ж, у тым ліку ёсць і турысты з краін Блізкага Усходу. Што ў галаве ў кожнага з іх, ну цяжка сказаць. На тэрыторыі Беларусі яны паводзяць сябе вельмі мірна, годна, прылятаюць усе з турыстычнымі візамі, таму забараніць мы ім не можам: у нас свабодная краіна, — сказаў Вальфовіч. — Але калі хтосьці з іх раптам захацеў нелегальна пакінуць краіну [Беларусь] і апынуцца ў Еўропе, параўнаць, як жа добра жывецца ў Еўропе, і працаваць у Еўропе — ну мы ж не можам улезці кожнаму ў галаву і забараніць».

Паводле яго слоў, Беларусь гэтаму не садзейнічае і спыняе падобныя моманты.

«Факты кажуць самі за сябе — толькі за гэты год беларускімі памежнікамі спынена больш за 10 каналаў нелегальнай міграцыі, затрыманыя больш за два дзясяткі памагатых і арганізатараў», — дадаў Вальфовіч.

Нагадаем, з пачатку года на літоўска-беларускай мяжы затрыманыя 4090 нелегальных мігрантаў. Гэта ў 50 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год.

У канцы мая, выступаючы ў парламенце, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь «спыняла наркотыкі і мігрантаў». «Цяпер будзеце самі іх есці і лавіць», — звярнуўся ён завочна да краін ЕС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0