«Слова года для беларусаў — годнасць». Выкладчык Наталля Дуліна — пра выпрабаванні і чаму не трэба здавацца
Да 2020 года Наталля Дуліна была выкладчыкам у Мінскім лінгвістычным універсітэце. Яна падтрымала перамены ў Беларусі і сваіх студэнтаў, якія выказалі нязгоду з несправядлівымі выбарамі і гвалтам. Інязаўцаў затрымлівалі наўпрост ва ўніверсітэце, ніхто не чакаў, што АМАП можа нахабна ўварвацца ў ВНУ. Пасля спробы забастоўкі з Дулінай хутка развіталіся, яна патрапіла на суткі, а яе сукамерніцы з гонарам расказвалі, што «сядзелі з такім чалавекам»! У размове з «Нашай Нівай» Наталля расказвае, што было самым складаным за гэты год і чаму беларусам не варта адчайвацца.
«Са жнівеньскіх падзей прайшоў год. На жаль ці на шчасце, але нейкія рэчы прытупляюцца. Калі чуеш пра чарговае забойства, гвалт ці прыклад несправядлівасці (калі чалавека называюць тэрарыстам або экстрэмістам), натуральна ў гэты момант сціскаецца сэрца. Але ў глыбіні душы разумееш, што гэта ўжо не навіна, гэтага варта было чакаць.
Таму, напэўна, не магу казаць пра боль, хутчэй — адчай ад бяссілля, ад немагчымасці нешта зрабіць. Калі працягнуць метафару, то ты нібыта спрабуеш ісці супраць хвалі, якая цябе захлёствае. Мне гэта не прыносіць боль, а вельмі злуе. Унутры расце вельмі моцнае, усёпаглынальнае пачуццё абурэння, якое можа проста «паглынуць».
Вельмі радуе, што людзі, якія аказваюцца ў складаных умовах — цярпяць гвалт (у тым ліку, псіхалагічны), жахлівае стаўленне, праходзяць турмы — не ламаюцца і застаюцца людзьмі.
Раней мне здавалася, што такія выпрабаванні могуць прайсці нямногія. А тут я бачу, што большасць людзей, трымаюцца вельмі годна. Дзякуючы ім я таксама стала мацней.
Калі б у мяне як у лінгвіста спыталі, якое слова можна назваць ключавым у гэтым годзе, якое слова ахарактарызавала Беларусь і беларусаў, я б выбрала «годнасць». Яно неадназначнае, у яго ёсць розныя бакі і адценні. Але дзякуючы яму можна ахарактарызаваць усё тое, што мы адкрылі ў сабе, адчуваем у адносінах адзін да аднаго, што нас радуе і што не.
Я гляджу на Святлану Ціханоўскую і проста дзіўлюся, колькі яна паспела зрабіць за гэты час. Дзіўна, як нягледзячы на перажыты стрэс — згадаем, як ёй пагражалі дзецьмі — яна працягнула сваю дзейнасць. Для мяне гэта вельмі нечаканы ўчынак. Не ведаю, ці магла б я ці хтосьці з нас вытрымаць тое, што Святлана.
Таксама мяне прыемна здзівіла, што мы з беларусамі глядзім у адзін бок, што побач — аднадумцы. Бо раней я больш скептычна ставілася да людзей. Спрацоўваў агульны стэрэатып. Пасля жніўня маё сяброўскае і прафесійнае атачэнне не змянілася. Людзі, якія былі аднадумцамі, імі і засталіся. Так, некаторыя асобы адкрыліся не з лепшага боку. Але я не адчула нейкага расчаравання. З гісторыі вядома, на якія подласці здольны чалавек, таму нічога дзіўнага тут няма. Мяне больш здзіўляюць і ўзрушваюць станоўчыя прыклады, калі чалавек аказваецца моцным, годным, выяўляе салідарнасць.
Усёабдымная дапамога, жаданне дапамагчы, спроба акружыць клопатам можа больш прабіць мяне на слёзы, чым адмоўныя прыклады.
У сённяшнім кантэксце я не песіміст. Цудоўна разумею: нават калі Лукашэнка сыдзе, могуць знайсціся яго паплечнікі, які проста так не адмовяцца ад ўлады. Але ўсё ж такі думаю, што ўсё будзе добра. Мы не вернемся да таго, што было раней. Наш народ перажывае вельмі траўматычны, але адначасова і каштоўны вопыт. Таму я рада, што зараз у Беларусі. Не хачу з’язджаць — тады б мне было вельмі журботна і некамфортна, мяне натхняе тое, што я тут».
Каментары