Дзяніс Дудзінскі да лета 2020-га быў тэлевядучым на БТ, яго запрашалі вядучым на вялікія дзяржаўныя канцэрты, у тым ліку на «Славянскі базар», ён быў паспяховым акцёрам у незалежным тэатры. Пасля таго, як Дзяніс выставіў допіс у падтрымку крамы Symbal.by, з тэлебачання давялося сысці, іншыя праекты таксама сталі немагчымымі. Дудзінскага кідалі на суткі на Акрэсціна, дзе паказальна здымалі на відэа ў «пакаяльным» сюжэце. У пачатку чэрвеня да яго прыйшлі сілавікі, неўзабаве ён разам з жонкай, вядучай Кацярынай Раецкай, быў вымушаны з'ехаць за мяжу. 

Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, Дзяніс усё яшчэ верыць, што Беларусь будзе іншай.

«Любая краіна — гэта людзі. Змяняюцца людзі — змяняецца і краіна. Летась беларусы зразумелі, убачылі і пачулі ў твар, што іх меркаванне і галасы на выбарах нікога не цікавяць. Яны не праглынулі гэта і пачалі задаваць пытанні самім сабе, свайму атачэнню, блізкім, працадаўцам. Гэта тычылася не толькі праціўнікаў, але і прыхільнікаў улады. Нават апошнім давялося казаць пра сваю пазіцыю адкрыта.

Наступны этап — беларусы пабачылі, што яны не адныя, што іх сотні тысяч, якія могуць нешта змяніць. Перш за ўсё, у сабе. Людзі выйшлі, яны змяніліся.

Але — і ў гэтым парадокс — краіна не змянілася. Улада аказалася мацнейшай, цынічнай, больш хітрай і подлай.

Але Беларусь, якую я ўбачыў 16 жніўня і ў наступныя выходныя — мая галоўная радасць. Гэта краіна, у якой я хачу жыць і працаваць. Прычым не толькі для сябе, але і для яе грамадзян. Мінулагоднія падзеі змянілі маё стаўленне да іх. Напрыклад, я дзесяць гадоў не сябраваў з адным чалавекам, а 16 жніўня сустрэўся з ім ля стэлы. Неўзабаве пачалі стэлефаноўвацца. А пасля затрымалі мяне, пасля яго, праз пэўны час — зноў яго. У выніку мы сталі дапамагаць адзін аднаму. Наогул, высветлілася, што многія людзі, якіх я, магчыма, калісьці не заўважаў або ставіўся з не надта вялікай павагай, сталі для мяне вернымі і надзейнымі таварышамі.

Бадай, не толькі я, увесь свет адкрыў для сябе беларусаў. Нават скажу так: беларусы самі для сябе адкрылі беларусаў. Выйшлі і раптам здзівіліся: «Гэта мы?»

Уявіце, як чалавек падыходзіць да штангі вагой у 200 кг і кажа: «Не, я яе ніколі не падыму». «Дык паспрабуй», — кажуць яму. «Не, не змагу». У нейкі момант ён рызыкуе — і раптам у яго атрымліваецца, ён крычыць: «Фатаграфуй мяне хутчэй! 200 кг! Гэтага не можа быць, бо не можа быць!» Або марафонская дыстанцыя 42 км. Ты думаеш, што яе немагчыма прабегчы, а потым урэшце фінішуеш. Аналагічна паводзілі сябе і беларусы.

Мой боль звязаны з канкрэтнымі людзьмі. Гаворка пра некалькіх чалавек, з якім я сябраваў, да якіх хадзіў у госці.

Яны апынуліся нават не па іншы бок барыкадаў — такую пазіцыю можна і нават трэба паважаць, калі яна выказваецца шчыра, не за грошы.

Дзе мяжа? Вазьміце майго суседа з двара, які працуе інжынерам і жыве з чатырма дзецьмі ў маленькай двухпакаёвай кватэры. Яму ніхто не плаціць, каб ён спрачаўся са мной. Ён дапамагаў маёй жонцы, калі мяне пасадзілі і казаў, што патлумачыць мне пасля вызвалення, чаму я не маю рацыі.

Або сусед з майго дома. Восенню побач з намі праходзіў «Партызанскі марш», я жыву на Партызанскім праспекце. Раніцай чую, як ля пад'езда ідзе нейкая сварка. Моладзь падпірае каменем дзверы, каб людзі, якія будуць разбягацца ад АМАПа, маглі забегчы ў пад'езд. Чую, як гэты рабацяга крые іх матам. Спускаюся, а ён тым часам тлумачыць з мацярком: «Каменьчык ад'ездзе — дзверы зачыняцца. Тут кантакт трэба разамкнуць!» Пры гэтым ён за дзейную ўладу.

Я пра тых людзей, якія аказаліся стукачамі, нягоднікамі, мярзотнікамі. У 46 гадоў балюча ўсведамляць, што такім можа аказацца чалавек, з якім ты дзесяць гадоў дзяліў апошнюю кашулю. Гэты канкрэтны прыклад тычыўся толькі мяне, таму даўно адпусціў яго. Але сустракаюцца і іншыя гісторыі.

16 жніўня сустракаю сваю знаёмую. Ідзём побач з ёй па праспекту, радасныя і шчаслівыя, сярод агромністага натоўпу беларусаў.

Абдымаемся, радуемся, фатаграфуемся. Стэла, сонца, мы перамаглі. Праз месяц яна сядзіць на тэлеканале і расказвае: якія мярзотнікі тыя беларусы, якія выходзяць.

Або іншы прыклад. Калі ты трапляеш туды — у РУУС, у турму ці на Акрэсціна — сустракаеш людзей, з якім судакранаўся па працы. Вёў у іх карпаратыў або дзень народзінаў у цешчы. Хтосьці з іх мог нешта выйграць у «Ваша лато», калі я там працаваў, або прачынацца пад перадачу «Добрай раніцы, Беларусь». Яны мяне пазнаюць і так ціхенька: «Дзёня, а ты ведаеш, хто гэта зрабіў?» «Хто?» — запытваю я. «Адыду зараз у прыбіральню, паперы на стале ў мяне не чапай». Чалавек сыходзіць, і я гляджу краем вока.

Там жа ўсе прозвішчы дакументуюцца. Калі гэтыя паперы трапяць мне ў рукі, натуральна, усё агучу.

Раптам гэта супадзенне?

Але я на 100% упэўнены, што ўсё гэта скончыцца. Так, спачатку нам будзе яшчэ цяжэй. Мы трапім у прастору без часу. Але гэта будзе наш асэнсаваны выбар. Не атрымаецца так, што ўлада змянілася, а на наступны дзень ва ўсіх зарплаты па 10 тысяч даляраў, і мы купаемся ў золаце.

Натуральна, будзе цяжка. Тады наступіць той момант, калі сапраўды давядзецца зацягнуць паясы. Нас будуць троліць прыхільнікі Лукашэнкі і казаць, што пры ім такога не было. Выберамся!

Паездзіўшы па свету — я быў прыкладна ў 100 краінах — скажу, што беларусы — абсалютна еўрапейскі народ. Магу іх параўнаць са швейцарцамі або са скандынавамі. За апошнія дзесяць гадоў беларусы аб’ездзілі Еўропу, яны паглядзелі ва ўсе бакі свету, усмакталі ў сябе розныя традыцыя, перабудаваліся: пачынаючы ад знешняга выгляду да менталітэту.

Беларусаў усюды любяць. Ад іх чакаюць якасную працу ў тэрмін. Пакуль нас успрымаюць хутчэй як танную працоўную сілу, але праз год-два беларусы сябе праявяць. Упэўнены, атрымаецца крута».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0