«Ён і для сябе не вырашыў, якім будзе яго месца ў новай палітычнай сістэме»

Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што Лукашэнка адчуваў сябе ў васьмігадзінным фармаце вельмі камфортна.

«Гэта было шоу, а не нармальная прэс-канферэнцыя, куды запрашаюцца прадстаўнікі шырокага спектра медыя. Назіралася відавочная селекцыя медыя, прысутнічалі людзі з атачэння Лукашэнкі. Натуральна, ён адчуваў сябе гаспадаром становішча. Нават калі яму задавалі рэзкія або непрыемныя пытанні, ён з дапамогай лаяльнай яму залі граміў суразмоўцаў у дэмагагічным ключы.

Яму было ўтульна ў гэтай аўдыторыі, таму ён доўга і вельмі падрабязна разважаў на розныя тэмы. Мяркую, таксама ставілася задача прадэманстраваць насуперак усім злым языкам, што правадыр рэжыму знаходзіцца ў добрай форме і лёгка вытрымлівае такі марафон».

На думку Класкоўскага, чакалася, што падчас сустрэчы мы пачуем праграмную прамову.

«Можа, у ёй будуць акрэслены этапы канстытуцыйнай рэформы ці Лукашэнка скажа пра сваю палітычную будучыню. Але нічога гэтага не прагучала. Выступоўца не абмаляваў ніякай перспектывы для краіны. Прагучала шмат стандартных развагаў пра навядзенне парадку. Ён настальгіраваў па савецкіх часах, згадваў Фідэля Кастра, намякаў, што хутка ўсе школьнікі мусяць быць піянерамі.

Звычайны набор савецкіх стэрэатыпаў — і ніякага ўяўлення, як будзе развівацца Беларусь. Дакладней, пастаянна гучаў тэзіс, што зачыстка ва ўсіх сферах працягнецца. Як адзначыў аналітык Валер Карбалевіч, гэта азначае, што працягнецца курс на таталітарызацыю краіны».

Аналітык звяртае ўвагу, што Лукашэнка выступаў вельмі канфрантацыйна, калі казаў пра дачыненні з іншымі краінамі — акрамя Расіі («хоць каменьчыкі ў яе агарод таксама ляцелі»).

«Гучалі рытуальныя словы пра магчымасць дыялогу. Але складваецца ўражанне, што

Лукашэнка спальвае ўсе масты ў дачыненнях з Захадам. Гэта азначае ўзмацненне залежнасці Беларусі ад Расіі і ўзрастанне пагрозы для суверэнітэту краіны».

Як адзначае Класкоўскі, Лукашэнка так і не ўдакладніў адносна свайго сыходу з улады і ўласнай палітычнай будучыні.

«Ён у чарговы раз гуляе словамі і намёкамі. З адных выказванняў можна меркаваць, што ён хутка сыдзе. З іншых вынікала, што ён не можа кінуць краіну. Гэта звычайны супярэчлівы набор тэзісаў Лукашэнкі на гэтую тэму. Я думаю,

ён і для сябе не вырашыў, якім будзе яго месца ў новай палітычнай сістэме пасля прыняцця новай канстытуцыі. Хоць, мяркуючы па ўсім, гэта будзе дэкаратыўная змена пасады, а сутнасць сістэмы не зменіцца».

Аналітык мяркуе, што Лукашэнка іграе ў сваю гульню.

«З аднаго боку, ён разважае, як паказаць, што ёсць нейкая палітычная дынаміка жыцця. З другога боку, імкнецца захаваць статус-кво. Магчыма, тут адлюстроўваецца яго закуліснае супрацьстаянне з Расіяй.

У папярэдні перыяд адчувалася, што Крэмль падштурхоўваў Лукашэнку да канстытуцыйных зменаў і мяккага транзіту ўлады. Але цяпер той мяркуе, што здушыў пратэсты, на нейкі час зацэментаваў рэпрэсіямі грамадства. Магчыма, ён даводзіць Пуціну ў закулісных размовах, што сітуацыя з ягонага гледзішча нармалізавалася і сыходзіць няма патрэбы».

Аналітык мяркуе, што Лукашэнка імкнуўся навязаць грамадству сваю альтэрнатыўную версію падзей, што адбываліся цягам гэтага года.

«Што гэта не была народная рэвалюцыя, а мяцеж, у якім удзельнічалі адмарозкі пад кіраўніцтвам замежных лялькаводаў.

Цягам васьмі гадзін ён імкнуўся падмяніць парадак дня, каб мабілізаваць і натхніць сваіх прыхільнікаў, а таксама перацягнуць на свой бок электаральнае балота. Праціўнікаў рэжыму Лукашэнка не ставіць задачы пераканаць.

Наадварот — запалохаць, каб яны дрыжэлі і баяліся варухнуцца».

«Пытанне, наколькі ў часткі беларускага грамадства, якая марыць пра перамены і свабодную Беларусь, хопіць сілы духу. Каб ператрываць і прайсці праз пекла, якое мы назіраем у грамадска-палітычным жыцці Беларусі», — рэфлексуе Класкоўскі.

«Сустрэча адбылася, каб Лукашэнка пазбавіўся ад сваёй унутранай напружанасці»

Дырэктару Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэю Казакевічу васьмігадзінная сустрэча падалася «дастаткова пуставатай».

«Але мы ўжо да гэтага прызвычаіліся, — кажа аналітык. — Так, прагучала дастаткова шмат агрэсіі супраць заходніх краін, адбылася дэманстрацыя рашучасці. Але

гэтая сустрэча нагадвала мерапрыемства для самога Лукашэнкі. Яна прайшла не для таго, каб сфарміраваць інфармацыйнае поле і даць нейкія зразумелыя мэсэджы Захаду або насельніцтву.

Натуральна вынесем за дужкі асобны мэсэдж пра тое, што ён пры ўладзе, застанецца ў сваім крэсле і ўсё кантралюе. Многія тэзісы і фразы, а таксама глабальна гэты васьмігадзінны фармат абсалютна не трапляў у чаканні ні беларускай, ні замежнай аўдыторыі.

Сустрэча адбылася, каб Лукашэнка самавыявіўся, пазбавіўся ад часткі сваёй негатыўнай энергіі і ўнутранай напружанасці».

На думку Казакевіча, акрамя пуставатасці ў выказваннях панавала нервовасць.

«Калі пытанні тычыліся сітуацыі ў краіне, падзей 2020 года, наогул нейкіх праблем у шырокім значэнні гэтага слова, усё гэта выклікала негатыўную рэакцыю. Гэта таксама

сведчыць пра негатоўнасць Лукашэнкі і створанай ім сістэмы да дыялогу і альтэрнатыўных пунктаў гледжання».

Як трактаваць супярэчлівыя выказванні Лукашэнкі пра ўласны сыход з пасады? Казакевіч мяркуе, што той дагэтуль не вырашыў.

«Напрыклад, не вырашыў, што рабіць з Усебеларускім народным сходам. Хоць дыскусіі пра яго ідуць, як мінімум, з восені мінулага года. Не ведае, што вырашыць з Канстытуцыяй. Гэтаксама ён нічога не вырашыў пра транзіт і не можа наважыцца на яго. Лукашэнка разумее, што трэба думаць пра перадачу ўлады, але рабіць гэтага абсалютна не хоча».

Аналітык мяркуе, што стратэгія Лукашэнкі ў тым, каб зрабіць гэтае пытанне максімальна цьмяным і непразрыстым.

«Дзейнічаць у такой стылістыцы, як з пытаннем беларуска-расійскай інтэграцыі. Колькі ішло гаворкі пра карты па інтэграцыі. Іх то збіраліся падпісваць да канца года, то пазней, праз пару месяцаў. А цяпер зноў усё адцягваецца.

Бачу тут падобную стратэгію: не пазначаць пэўныя тэрміны, каб сітуацыя была падвешанай, і не даваць арыенціраў для людзей, якія б думалі пра такі транзіт».

На думку Казакевіча, Лукашэнка не хоча браць на сябе нейкія абавязкі на гэты конт.

«Думаю, гэта робіцца наўмысна. З аднаго боку, пытанне не здымаецца з парадку дня, з другога — нічога не вырашаецца».

Дырэктар «Палітычнай сферы» канстатуе, што Лукашэнка ставіў перад сабой задачу стабілізаваць сітуацыю, але фактычна яе праваліў.

«Ён і пачаў, і скончыў рыторыкай вайны. Ён не можа выйсці з гэтага кола і нармалізаваць сітуацыю ў краіне.

Дакладнага палітычнага плану дзейнасці ў яго няма. Улада не фармулюе нейкую выразную перспектыву. Лукашэнка ўсё больш замыкаецца ў сваім калідоры сацыяльнай падтрымкі. Яго антызаходнюю павестку і апеляцыю да савецкай спадчыны падтрымлівае прыкладна 20-25%. Але ён нават не спрабуе ўцягнуць у іх колы іншых людзей, хто мае хоць крыху іншую пазіцыю.

Вельмі малаверагодна, што Лукашэнка зможа перацягнуць на сябе большасць. Ён хутчэй будзе заставацца малапапулярным палітыкам, які не мае перспектыў перамагчы на выбарах. Таму застаецца верагоднасць нейкіх спантанных зменаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0