Многім галоўным гераіням той першай акцыі давялося з’ехаць з Беларусі, некаторыя — у турмах. 

 «Жанчыны сталі альтэрнатывай Лукашэнку»

Вольга Шпарага актыўна ўдзельнічала ў жаночых маршах. 29 жніўня яна несла ў руках расцяжку пра волю, роўнасць, сястрынства. Цяпер яна часова пражывае ў Берліне. Адна з апошніх кніг Вольгі прысвечаная якраз беларускім падзеям-2020 «У рэвалюцыі жаночы твар: выпадак Беларусі».

«Я з'ехала 25 кастрычніка, таму што, калі выйшла з турмы пасля 15 сутак, мне прысудзілі яшчэ 12, і я пабаялася, што ў наступны раз з турмы ўжо не выйду. Мяне затрымалі мэтанакіравана, і двойчы прадстаўнікі пракуратуры і КДБ гутарылі са мной у турме. Я змагу вярнуцца на радзіму, калі палітычныя рэпрэсіі спыняцца.

Беларускія кабеты выйшлі на пратэсты (а дакладней, узначалілі іх на пэўных этапах), таму што, першае: былі да гэтага гатовыя — ведаюць толк у каманднай працы. Другое: іх падштурхнула сітуацыя — арышт лідараў.

 

Другая прычына сведчыць пра тое, што жанчынам у Беларусі бракавала веры ва ўласныя сілы і падтрымкі грамадства, бо яно шмат у чым патрыярхальнае. Тым не менш, кінуўшы выклік стэрэатыпам, нашы жанчыны, на мой пагляд, умацавалі ў грамадстве свае пазіцыі. Яны заявілі пра цэнтральную праблему — беларускае грамадства працята гвалтам, ад хатняга і штодзённага да інстытуцыйнага і дзяржаўнага. 

 Для мяне таксама было важна праяўляць салідарнасць як з кабетамі, так і з іншымі грамадскімі групамі, таму я і выходзіла.

Як мы пабачылі, для беларусаў не стала праблемай паверыць у жаночае трыа і даверыць уладу жанчынам, таму што яны сталі ўвасабленнем альтэрнатывы Лукашэнку: плюралізм, салідарнасць, дыялог, адкрытасць і крэатыўнасць.

 

На мой пагляд, на першым этапе наша рэвалюцыя дасягнула сваёй мэты: яна карэнным чынам змяніла грамадства. У нас з'явілася ўяўленне пра дэмакратычную будучыню, мы з атамізаваных грамадзянаў ператварыліся ў салідарных. Нарэшце, мы пераламалі ўяўленне пра саміх сябе як маўклівай большасці, што падтрымлівае Лукашэнку. Цяпер рэжым у вырашальнай ступені трымаецца на рэпрэсіях. Яму няма што прапанаваць людзям, таму што яны яго перараслі. Цяпер пытанне толькі ў часе і ў нашай веры ва ўласныя сілы і ўзаемную падтрымку».

«Сказала маці, што паехала на Камароўку па корм для жывёл»

Пісьменніца Ганна Златкоўская з’ехала з Беларусі ў лістападзе, баялася, што па яе могуць прыйсці.

 

«Яшчэ да выбараў мы з сяброўкай абмяркоўвалі, што было б нядрэнна, каб жанчыны зладзілі нейкую акцыю: вось каб расцягнуцца ад Нямігі да Стэлы. Бо ўжо ў чэрвені пасля затрымання Віктара Бабарыкі з сынам падчас акцый салідарнасці пачаліся брутальныя затрыманні. І ў асноўным хапалі мужчын. Потым прайшлі выбары і жудасныя дні пасля, і мне патэліла прыяцелька: будзе жаночая акцыя на Камароўцы, прыходзь. Усе добрыя ідэі, відавочна, лунаюць у паветры. Тым больш, усе загадзя разумелі, што наўрадці на выбарах дадуць перамагчы Святлане Ціханоўскай. Усе рыхтаваліся да падзей 9-га жніўня, каб паказаць, што нас шмат, што нашы галасы скралі. Жаночыя акцыі сталі працягам дэманстрацыі: мы не змірыліся, мы супраць.

 

Калі дайшло да збораў, я вельмі спужалася. Разумела: пасля трох дзён гвалту і жорсткасці наш выхад можа справакаваць працяг. Я перажывала, што мяне затрымаюць: для мяне страшнае само асэнсаванне сустрэчы з Акрэсціна і нашай судовай сістэмай (я далей хадзіла на ўсе акцыі, але заўсёды баялася быць схопленай). Але я не магла застацца дома. Гэта ж пра пачуццё годнасці: ніхто не мае права забіваць, гвалтаваць і катаваць людзей. Калі з гэтым пагадзіцца, як тады жыць? Страшна ўсім, але нехта павінен змагацца з несправядлівасцю, бо інакш нам яшчэ 30 гадоў прыйдзецца зноў сядзець пад лаўкай.

Маленькі сын у той дзень быў на лецішчы ў маці. Я папярэдзіла мужа, куды пайду, але маці нічога не казала, каб тая не перажывала. Потым было смешна: я ўжо стаяла з дзяўчатамі ў ланцугу, як патэліла маці і пытаецца: «А ты дзе?» І я расказваю, што паехала на Камароўку па корм для жывёл. Пасля мама з навін усё ж даведалася, па які «корм» я хадзіла.

Я ўзяла з сабой толькі сумку праз плячо, каб было зручней збягаць, калі прыйдзецца, і яшчэ цацку-авечку — нас жа абазвалі авечкамі. Увесь час была нібыта дрыгучы заяц. Але акрамя трывожнасці, адчувалася, што мы робім нешта важнае. Да нас з кветкамі заехаў Сцяпан Латыпаў (тады я, канечне, не ведала, хто гэта). Пасля, каб аддзячыць, адзін мужчына прапанаваў пачаставаць нас кавай. Праўда, у кавярні яго ініцыятыву перахапіў бармэн: «Усім дзяўчатам кава сёння за наш кошт». Але самы кранальны момант для мяне — калі да нас падышоў дзядуля. Ëн падыходзіў да кожнай і плакаў, казаў «дзякуй». Я таксама расплакалася. Я зразумела, што ў тым ліку выходжу за гэтых сталых людзей, у якіх улада скрала ўсё. Былі, канечне, бабулі, якія крычалі нам: «Прастытуткі!» Але мне іх шкада: яны не разумеюць, што ваююць супраць сябе.

Я супакоілася толькі тады, калі ўсе пачалі разыходзіцца. Для нас гэта прайшло спакойна, хоць навокал, як крумкачы, кружлялі бусікі і аўтазакі. Некаторым дзяўчатам давялося збягаць. Дома мяне ўсю трэсла, але як жа было моцна, калі пасля я пабачыла, што ланцугі размножыліся па ўсім Мінску, а потым і па ўсёй краіне!

Мне здаецца, тая акцыя на Камароўцы стала знакавай: яна паказала, якія ў нас прыгожыя і светлыя беларускі, якія смелыя. Мы прадэманстравалі, што такое — сапраўдны фемінізм у дзеянні: гэта калі жанчыны гатовыя абараняць сваю краіну, сваіх мужчын і дзяцей. І для гэтага неабавязкова браць зброю ў рукі. Я думаю, тая акцыя стала маніфестам і пасылам усёй краіне, яна дала сілу новай хвалі масавых пратэстаў.

«Запаркавалася побач з бусікам сілавікоў»

Дызайнерка Вольга Кардаш з’ехала з Беларусі ў верасні, напярэдадні яе папрэдзілі, што могуць затрымаць. Яна не толькі выходзіла на пратэсты, але адшыла серыю футболак з лога бастуючых прадпрыемстваў (50% ад продажаў ішлі ў адзін з фондаў падтрымкі рэпрэсаваных). 

«Пра акцыю на Камароўцы мне распавяла добрая знаёмая. Планавалася, што гэта будзе для сваіх, правераных, але ў выніку на рынак нейкім чынам прыйшло вельмі шмат жанчын рознага ўзросту і прафесій. Мы па ходзе вырашалі, што апрануць, што ўзяць — вельмі спантанна.

Я прыехала на сваім аўто. Папярэдне некалькі разоў аб’ехала квартал, правярала, ці ёсць аўтазакі. Было страшна, бо з 9-га жніўня вакол была вайна, я жыла ў нейкім шоку. Але гэты страх надаваў і сілу змагацца. А калі ты стаіш і трымаеш за руку незнаёмага чалавека, разумеючы, што вы разам, гэта дае энергіі яшчэ больш. Мне ўвогуле спадабаліся ўсе жаночыя акцыі і маршы, нерэальна на іх зараджалася. Дзяўчаты проста руляць светам!

Для мяне ў той дзень усё скончылася добра: мы прайшліся яшчэ да парку Чалюскінцаў, вярнуліся і сышлі адразу ж, як толькі пабачылі навокал аўтазакі і «ціхушнікаў». Праўда, я няўдала запаркавалася: побач са мной наўпрост сталі бусікі з сілавікамі. І мне яшчэ доўга прыйшлося бадзяцца па раёне, каб з’ехаць пасля іх знікнення: я была ўпэўненая, што ў маім белых пінжаку і штанах, яны адразу мяне схопяць.

 

Я не палітолаг, але праз год магу з упэўненасцю сказаць, што выхад жанчын даў вельмі шмат. Для многіх нібыта перавярнуўся свет, калі яны ўбачылі, што пратэстуюць усе — ад студэнтак да пенсіянерак. Гэта натхніла многіх далучыцца. Беларусы ўсё ж не пра радыкальныя рашэнні, мы пра мір, хоць так і складаней здабыць свабоду.

На першых пратэстах здавалася, што вось яна, перамога, амаль заўтра. Таму і трэба хадзіць на ўсе акцыі і не спыняцца. Давядзецца яшчэ пачакаць. І тыя, хто дагэтуль не ўбачыў, што большасць беларусаў хоча дэмакратыі і заявіла пра гэта — проста сляпыя.

Беларускі і беларусы неверагодныя. І я спадзяюся, што, калі вярнуся дадому, мы зноў будзем пасміхацца адно аднаму на вуліцы проста так, бо будзем свабоднымі».

«Дзяўчына побач сціснула маю руку мацней»

Праграмістка Юлія Цвірбут была затрыманая на вераснёўскім жаночым маршы, яна адседзела 14 сутак. Пасля былі сігналы, праз якія яна адчувала сябе ў небяспецы. З часам гэта толькі прагрэсавала, таму Юля вырашыла не чакаць развязку і прыняла рашэнне з'ехаць, але верыць, што зможа вярнуцца: «Пры ўмове, што ў новай Беларусі ўсе вінаватыя будуць пакараныя, а ўлада будзе абраная народам».

 

«12-га жніўня я знаходзілася ў стане фрустрацыі: сумесь страху, немачы, гора, злосці, поўнага неразумення, што рабіць далей і як з усім гэтым жыць. Таму, калі я ўбачыла ў нейкім чаце паведамленне пра збор каля Камароўкі, я ўзрадавалася проста магчымасці хоць нейкай актыўнасці і праявы эмоцый. Тады ўжо лунала ў паветры нейкая вера ў жаночую сілу: пасля рашэння Ціханоўскай стаць кандыдатам, пасля аб'яднання трох штабоў і такой магутнай выявы трох жанчын разам, іх сімвалаў. Ідэя пра чыста жаночую акцыю ляжала на паверхні. Я ўдзячная той адважнай кабеце, якая проста запусціла гэты працэс.

Мы выбудаваліся ў ланцужок, узяліся за рукі — стала страшна. Я адчула, што дзяўчына побач сціснула маю руку мацней, і зразумела, што ёй таксама не па сабе. Але тое, што мы былі разам, напаўняла энергіяй і сілай. Былі мінакі, якія пачыналі лаяцца, былі незадаволеныя, але я запомніла таго дзядулю, які са слязьмі ў вачах падыходзіў да кожнай з нас і казаў «дзякуй».

Гэта быў вельмі важны момант, з якога пасля пачаліся ўсе дзённыя мірныя акцыі пратэсту, на мой погляд. Я ганаруся быць беларускай».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?