У распараджэнні «Дасье» і Der Spiegel апынуліся дакументы «ЦэнтрКурорт», якія пацвярджаюць удзел дзяржаўнай турфірмы ва ўвозе мігрантаў у Беларусь. З іх вынікае, што ў пачатку траўня 2021 года «ЦэнтрКурорт» заключыў дамову аб супрацоўніцтве «ў развіцці міжнароднага турызму паміж краінамі арабскага свету і Рэспублікай Беларусь» з беларускай турыстычнай кампаніяй «Оскартур». Яе ўзначальвае Салах Мухэймен Аль-Асадзі.

Неўзабаве «Оскартур» стаў справаздачыцца перад «ЦэнтрКурортам» аб кантактах з авіякампаніяй Fly Baghdad, а праз некалькі тыдняў пасля гэтага іракскі перавозчык запусціў рэгулярныя рэйсы ў Мінск. Акрамя таго, «Оскартур» звярнуўся ў «ЦэнтрКурорт» з просьбай дапамагчы атрымаць візы 51 грамадзяніну Ірака, хоць выдачай віз займаецца Міністэрства замежных спраў, а не Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. У адным з выпадкаў «Оскартур» папрасіў «ЦэнтрКурорт» дапамагчы з афармленнем візы іракцу па імені Махамед Насер Алван Окбі, якому раней турыстычная кампанія прапанавала кантракт на маркетынгавыя паслугі, а копію кантракта адправіла ў «ЦэнтрКурорт».

Пасля ў «ЦэнтрКурорт» па візы для 10 грамадзян Ірака звярнулася яшчэ адна беларуская кампанія — «Берагавая зорка». З дакументаў вынікае, што праз прэзідэнцкі «ЦэнтрКурорт» прайшло больш за 200 заявак на візы для іракскіх грамадзян. Мэтай прыезду амаль усіх «турыстаў», у тым ліку дзяцей, было пазначана «правядзенне паляўнічых тураў».

У некаторых заяўках на візы таксама ўказваліся гасцініцы размяшчэння — «Мінск» і «Беларусь», якія папулярныя сярод іракскіх «турыстаў». У групах, прысвечаных паездцы з Ірака ў Еўропу праз Беларусь, самі іракцы пішуць, што ў гатэлях не затрымліваюцца: звычайна яны праводзяць там пару начэй, а пасля едуць да памежнага пункта «Беняконі» і спрабуюць пералезці праз паўтараметровы плот, які аддзяляе Беларусь ад Літвы. Калі пашанцавала, перад мігрантамі адкрываюцца ўсе дзверы ў Еўропу: межы паміж краінамі Еўрасаюза практычна не ахоўваюцца.

У дадатак «ЦэнтрКурорт» заключыў дамову на аказанне транспартных паслуг з беларускай кампаніяй «Стройтур», якая прапануе арэнду аўтобусаў з кіроўцамі. У далейшым гэтая фірма выстаўляла «ЦэнтрКурорту» рахункі за аказанне транспартных паслуг па маршруце Мінск — Аэрапорт Мінска — Мінск. Паездкі праходзілі як мінімум тройчы: 14, 15 і 21 траўня.

Практычна ва ўсіх запытах на візы для іракцаў згадваюцца дзве кантактныя асобы з «ЦэнтрКурорта» і «Оскартура». Der Spiegel удалося паразмаўляць з былым супрацоўнікам «ЦэнтрКурорта», чыё імя сустракаецца ў запытах. Ён папрасіў не раскрываць сваю асобу, але пацвердзіў сапраўднасць дакументаў. Паводле яго слоў, «ЦэнтрКурорт», які належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта, дапамог атрымаць візы сотням грамадзян Ірака. У зоне прылёту «турыстаў» чакалі заказаныя «ЦэнтрКурортам» аўтобусы, якія развозілі іх па гатэлях у цэнтры Мінска.

«Мне хутка стала ясна, што гэта не турыстычныя паездкі, — кажа экс-супрацоўнік турфірмы. — Я зразумеў, што гэта ўсё незаконна, і звольніўся ў канцы траўня». 

Дырэктар «ЦэнтрКурорта» Наталля Ярмак паведаміла Der Spiegel, што «прадпрыемства не працуе па запрашэннях у Рэспубліку Беларусь гасцей з Ірака, Сірыі, Лівіі, Афганістана». Калі журналіст Der Spiegel задаў пытанне дырэктару «Оскартура» аб іх супрацоўніцтве з «ЦэнтрКурортам», Салах Мухэймен Аль-Асад павесіў трубку.

У пачатку жніўня літоўскі бок афіцыйна абвясціў аб рашэнні адпраўляць нелегальных мігрантаў назад у Беларусь. З-за бесперапыннага патоку бежанцаў літоўцы гатовыя плаціць мігрантам за ад'езд з краіны па 300 еўра, але пакуль ахвотных няшмат. У сацыялных сетках можна сустрэць дзясяткі відэа з беларуска-літоўскай мяжы, дзе відаць, як людзі спрабуюць сагрэцца, спальваючы сваю вопратку, а ў закрытых групах у Facebook абмяркоўваюць магчымасць перасекчы мяжу з Польшчай, калі Літва працягне абмяжоўваць паток уцекачоў.

9 жніўня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь і далей гатова прымаць турыстаў з ААЭ, Турцыі, Сірыі, Ірана, Ірака і Афганістана, патлумачыўшы гэта эканамічнымі прычынамі. Адначасова ён адхіліў абвінавачванні ў арганізацыі нелегальнай міграцыі.

«Факты на стол, дзе Лукашэнка каго ўзяў, перакідае і гэтак далей», — запатрабаваў ён.

Дакументы, якія апынуліся ў распараджэнні Цэнтра «Дасье» і Der Spiegel, раскрываюць частку гэтых фактаў: ​​з іх вынікае, што турфірма Кіраўніцтва справамі прэзідэнта наўпрост займалася завозам будучых нелегальных мігрантаў у Беларусь.

Чытайце таксама:

Да 7 мільёнаў даляраў. Падлічылі, колькі грошай мігранты маглі пакінуць у Беларусі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру