Пра гэта паведаміла ягоная жонка. 14 жніўня скончылася 10 сутак з моманту затрымання, Уладзімір праходзіў падазраваным па арт. 342 КК (арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).

Адрас для лістоў: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1.

***

Уладзіміру Мацкевічу 65 гадоў, ён родам з Іркуцкай вобласці Расіі. Мацкевіч — метадолаг і філосаф, грамадскі дзеяч. Мацкевіч вучыўся ў Ленінградскім дзяржаўным універсітэце на факультэце псіхалогіі. У 1982 годзе, пасля заканчэння ВНУ, па размеркаванні быў накіраваны на Вільнюскі радыётэхнічны завод. Затым працаваў у Ленінградскім інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту. Падрыхтаваў кандыдацкую дысертацыю, але да яе абароны не быў дапушчаны, бо не пажадаў уступаць у КПСС. 

Мацкевіч меў дачыненне да некалькіх прэзідэнцкіх кампаній 

У 1987 годзе па запрашэнні Міністэрства адукацыі Латвійскай ССР перайшоў на працу ў Ліепайскі педагагічны інстытут, прапрацаваў у ім да 1989 года. У пачатку 1990-х гадоў супрацоўнічаў па пытаннях рэформы адукацыі з першым міністрам адукацыі Расіі Дняпровым. 

Мацкевіч таксама ўключыўся ў работу па распрацоўцы праграмы адукацыі ў Беларусі і цесна супрацоўнічаў з Міністэрствам адукацыі Беларусі. 

Уладзімір Мацкевіч удзельнічаў у прэзідэнцкіх кампаніях, пачынаючы з 1994 года. Выключэннем сталі толькі 2001 і 2015 гады. У 1994 ён прапанаваў сваю дапамогу Зянону Пазняку, аднак пасля адмовы далучыўся да штаба Станіслава Шушкевіча ў якасці паліттэхнолага. Праз некаторы час іх супрацоўніцтва спынілася праз рознагалоссі. 

«Тады, у снежні 1993 года, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, я прапанаваў аказаць пасільную дапамогу кандыдату, які, з нашага пункту гледжання, мог бы перамагчы і стаць першым прэзідэнтам Беларусі, які б павёў яе па шляху нармальнага развіцця», распавядаў Мацкевіч пра тыя часы. 

Праз некаторы час ён пачаў супрацоўнічаць з Аб’яднанай дэмакратычнай партыяй і балатаваўся па Ангарскай выбарчай акрузе Мінска на парламенцкіх выбарах 1995 года. Прымаў удзел у стварэнні Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай партыі. 

У 1994-1997 гадах Мацкевіч быў распрацоўшчыкам, аўтарам і вядучым трох перадач на Беларускім тэлебачанні. З канца 2002 года па сакавік 2003 года з’яўляўся першым кіраўніком і вядучым ток-шоу «Выбар» на тэлеканале АНТ. 

З 2012 года стаў вядучым праграмы «Гутарка дня» на тэлеканале «Белсат». 

Уладзімір Мацкевіч з’яўляецца аўтарам вялікага кола публіцыстычных матэрыялаў і каля 50 навуковых прац па пытаннях палітыкі, культуры, трансфармацыі і адукацыі. 

У 2020 годзе абраны дэлегатам платформы народных прадстаўнікоў «Сход». Таксама ён быў першым кіраўніком Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь», якая аб’ядноўвала грамадскіх дзеячоў і арганізацыі, што падтрымліваюць праеўрапейскае развіццё Беларусі. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0