Затрымалі Таццяну 4 жніўня. 

«Я была дома — да мяне прыйшлі раніцай, а 7.30. Правялі вобшук там, дзе я жыву, а потым яшчэ ў бацькоў, дзе я прапісана. Забралі тэхніку і, паколькі ў мяне шмат тэкставага матэрыялу, некалькі кніжак, паперы. У бацькоў забралі старыя паперы, якія былі ў маім пакоі», — расказвае Таццяна і дадае, што ў цэлым усё прайшло карэктна.

Умовы на Акрэсціна для палітычных застаюцца нечалавечымі: ні матрацаў, ні пасцелі, кругласуткава ўключанае святло. Перадачу Таццяна атрымала. А дзяўчатам, што з ёй сядзелі, аддалі рэчы, якія сваякі ім пакінулі тыдзень таму.

«Такія ўмовы — гэта дадатковы ціск і спроба паказаць у тым ліку іншым жыхарам гэтай установы, што вось хто самыя злачынцы. І гэта абсалютна непрымальна. Супрацоўнікі ведаюць, што павінны выконваць унутраныя правілы, бо калі з імі размаўляеш пра матрацы і бялізну, яны кажуць: «Ну вы ж разумееце».

У камеры палова сядзела па справах палітычных, а палова — па звычайных крымінальных, накшталт невялікіх крадзяжоў. Ім не пашанцавала, што яны патрапілі да нас. Для іх гэта было дадатковае пакаранне, і некаторыя ўсё спрабавалі з ахоўнікамі дамовіцца, каб іх перавялі ў нармальную камеру».

Таццяна пасля выхаду з ІЧУ

Таццяна пасля выхаду з ІЧУ

Адной з сукамерніц Таццяны была Надзея Калач — дударка гурта Irdorath. Дзяўчыну перавялі на Валадарку. Надзею і іншых музыкаў гурта затрымалі на лецішчы, калі яны святкавалі яе дзень народзінаў.

«Гэта сітуацыя для яе была вялікім шокам. І тыя абвінавачванні, якія выстаўляю цца, і сам спосаб, у які яны выстаўляюцца, калі інтэлігентных, культурных людзей гвалтоўна затрымліваюць», — дзеліцца Вадалажская. 

Да чаго рыхтавацца ёй самой, сацыёлаг не разумела.

«Я разумею ў прынцыпе прэтэнзію да каманды Мацкевіча, але што канкрэтна яны лічаць найбольш правакатыўным для іх, мне так і не стала ясна. Гэтыя 10 дзён не было ніякіх следчых дзеянняў. І гэта таксама складана — не мець ніякай інфармацыі. Я не чакала, што яны выпусцяць мяне пасля 10 дзён. Паколькі следчых дзеянняў не было, думаю, яны проста не паспелі падрыхтавацца, каб пакінуць мяне там».

Сацыёлаг застаецца падазраванай па артыкуле 342 КК.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0