Сам хлопец сваю не прызнаў. Патлумачыў, што ведаў пра несанкцыянаваныя мітынгі з інтэрнэту, што людзі былі нязгодныя з агучанымі ўладамі вынікамі выбараў і выходзілі на пратэсты, у тым ліку і 23 верасня — у дзень інаўгурацыі. Абвінавачаны адзначыў, што ў той дзень перапісваўся з незнаёмым хлопцам у тэлеграме, вырашылі сустрэцца каля «Галерэі» і паразмаўляць наконт музыкі, таксама, магчыма, сыграць. Калі прыйшлі на месца, было ўжо шмат людзей, якія рухаліся ў бок Стэлы. У нейкі момант незнаёмы хлопец выйшаў на праезную частку дарогу з астатнімі людзьмі, тады Ілля крычаў яму, каб ён сышоў адтуль, але хлопец не слухаў, Камкоў падбег да яго і пачаў выцягваць з дарогі, бо баяўся за яго бяспеку. 

Пасля хлопцы пайшлі ў бок Нямігі і дайшлі да Burger King, дзе замовілі ежу, сядзелі на тэрасе. Абвінавачаны бачыў, як уздоўж праспекта Пераможцаў хадзілі людзі ў цёмнай вопратцы і балаклавах, дакладна не ўсведамляў, што гэта супрацоўнікі міліцыі. У нейкі момант да аднаго чалавека на тэрасе падышлі 3 ці 4 чалавекі ў балаклавах, пачалі хапаць яго за спіну, а хлопец спрабаваў вызваліцца. Ілля Камкоў думаў, што гэта нейкія бандыты, і пачаў адцягваць іх ад хлопца, аднак пасля самога абвінавачанага схапілі, скруцілі рукі і павялі па праспекце, адвялі ў будынак і склалі пратакол. Толькі пры складанні пратакола Ілля зразумеў, што быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

Таксама абвінавачаны адзначыў, што з сабой не меў ніякай пратэснай атрыбутыкі, не збіраўся браць удзел у мітынгу, бо бацькі прасілі яго не ўдзельнічаць у пратэстах.

Сведкай на судзе выступіў спецыяліст, які аказваў Іллі Камкову псіхалагічную дапамогу: хлопец быў шпіталізаваны ў РНПЦ псіхічнага здароўя, прайшоў курс лячэння. Характарызуе абвінавачанага як сацыяльна бяспечнага, нерашучага, баіцца супрацоўнікаў міліцыі, калі іх бачыць — здараецца панічная атака. Па меркаванні сведкі, Ілля не мог здзейсніць злачынства, што ставіцца яму ў віну.

Абарона настойвала, што Ілля не прызнаў сябе вінаватым, знаў пра пратэсты, але не цікавіўся імі і не браў удзелу ў мітынгах, не планаваў парушаць грамадскі парадак. Калі пабачыў затрыманне хлопца, то ўспрыняў гэта як грамадзянскі канфлікт, спрабаваў яго спыніць, але ў выніку яго затрымалі і прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу. На думку адваката, не было даказана, што Камкоў блакаваў рух, выкрыкваў лозунгі. Больш за тое, нельга прыцягваць і да адміністрацыйнай, і да крымінальнай адказнасці за адно і тое ж дзеянне. Абарона прасіла суд апраўдаць Іллю за недаказанасцю яго віны.

Аднак суддзя Сяргей Шаціла падтрымаў пазіцыю дзяржабвінавачвання і пакараў Іллю Камкова трыма гадамі «хіміі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0