«Наступным крокам пасля санкцый ЕС будзе банкаўская сістэма, — цытуе Delfi прэзідэнта Літоўскай прамысловай канфедэрацыі. — І тады будзе няважна, што і як, калі не можаш разлічыцца». 

Грошы з Еўропы ўжо ідуць з затрымкай

У гэты ж час беларускія бізнэсоўцы сігналізуюць «Нашай Ніве», што на працягу апошняга месяца назіраюцца перабоі ў руху сродкаў з-за мяжы. 

«Нам не дайшоў перавод з Францыі, пры гэтым ён не вярнуўся і адпраўніку, а завіс у адным з банкаў-карэспандэнтаў. Мы не можам зразумець, як дзейнічаць», — кажа бізнэсмен.

«У нас пакуль не было выпадкаў, калі грошы зусім не даходзілі, але рух сродкаў ускладніўся, — кажа іншы суразмоўца. — Цяпер тое, на што ты разлічваў праз тры дні, можа ісці некалькі тыдняў. Я звязваю гэта з амерыканскімі і еўрапейскімі санкцыямі, спецыяльныя службы банкаў-карэспандэнтаў цяпер вельмі пільна правяраюць усё, што ідзе ў Беларусь, бо ў адносінах да краіны дзейнічаюць адразу некалькі санкцыйных рэжымаў, і цана памылкі для іх можа каштаваць нашмат больш атрыманай выгады ад пераводу. 

Яшчэ адзін прыклад — мінскі гулец рынку нерухомасці выйграў аўкцыён, але праз тое, што грошы на афіляваныя кампаніі ішлі тры тыдні, ён не змог у час перавесці іх на асноўны рахунак і аплаціць выйграны аўкцыён, у выніку згубіў выгадную прапанову. Ёсць выпадкі, калі бізнэсоўцы не паспелі своечасова сплаціць квартальныя падаткі, бо з Еўропы доўга ішлі грошы. 

Пакуль што праблема вырашаецца, калі і ты, і твой контрагент аднолькава заматываваныя, каб угода прайшла, і яны табе дапамагаюць на тым баку. Калі такога добрага партнёрства няма, планы некаторых бізнэс-праектаў сыплюцца». 

Які эфект ад адключэння SWIFT? Уявіце тарнада

Эканаміст Дзмітрый Крук лічыць, што гэтыя прыватныя выпадкі звязаныя з перестрахоўкамі і дадатковымі праверкамі замежных банкаў, якія вагаюцца, ці бяспечна цяпер мець справу з беларускімі контрагентамі.

Гэта працэс прызвычайвання да новых умоваў працы, і пакуль не сведчыць аб зменах у агульнай карціне. Але, кажа Крук, сітуацыя вельмі хісткая, абставіны могуць змяняцца вельмі хутка. Заява літоўскага прамыславіка, на яго погляд, не выглядае як абазнаны інсайд, але мае пэўную логіку. 

«Яшчэ месяцы чатыры таму выказванні аб адключэнні Беларусі ад SWIFT маглі здавацца чымсьці фантастычным ці свядома маніпулятыўным. Сёння ж, калі ідзе эскалацыя адносін паміж Беларуссю і заходнімі краінамі, верагоднасць такого сцэнару ўжо выходзіць за межы статыстычнай хібнасці. Маё асабістае меркаванне, што такая верагоднасць застаецца значна меншай за 50%. Я б умоўна ацэніў яе ў 30%.

Але для такой падзеі — гэта вельмі шмат. Для параўнання ўявіце, што вам кажуць, што заўтра з 30% верагоднасцю над Мінскам пройдзе тарнада. І яшчэ для параўнання, год таму верагоднасць тых санкцыяў, якія ўжо зацвержданыя, я б ацаніў не больш за 5%».

Што будзе, калі Беларусь сапраўды, хаця б часткова, асобнымі банкамі, трапіць пад абмежаванні? 

«Здарыцца буйны фінансавы шок, у тым ліку і на спажывецкім рынку. Немагчымасць праводзіць плацяжы парушыць лагістычныя ланцужкі, адаб'ецца на магчымасці кампаній выконваць свае абавязкі. 

Але ці набудзе гэта ўстойлівы характар, ці пяройдзе ў паўнавартасны фінансавы крызіс — тут няма прадвызначанасці. Сыходзячы з бягучага вельмі хісткага стану нашай эканомікі, асабліва ў сферы фінансавай стабільнасці, такі сцэнар здаецца верагодным. У гэтым разе такая падзея можа стаць трыгерам для эфекту даміно: скачкоў курса, інфляцыі, плацежаздольнасці, прасядання даходаў».

Нават у выпадку адключэння SWIFT шляхі абыходу застаюцца

Пры гэтым эканаміст дапускае, што досыць хутка можна знайсці варыянты для аднаўлення разлікаў. «Досвед Ірана паказвае, што часткова гэта было магчыма нават ў межах іх кейсу, да якога, мяркую, мы не дойдзем.

У нашым выпадку важную ролю для перафарматавання і аднаўлення механізму разлікаў могуць адыграць расійскія банкі.

Для іх гэта можа стаць прывабным і з пункту гледжання бягучай фінансавай пазіцыі, асабліва сыходзячы са стратэгічных мэтаў на беларускім рынку.

Гэты сцэнар не азначае, што ўсё пройдзе бясследна (частка разлікаў завісне, наогул гэтыя разлікі стануць істотна даражэйшымі, гэта ўсё адаб'ецца на гандлі і эканоміцы ў цэлым), але, прынамсі, без паўнавартаснага фінансавага крызісу і рэзкага зніжэння ВУП».

Які сцэнар больш верагодны, будзе залежыць ад фармату адключэння SWIFT (адключаць ці ўсе беларускія банкі, ці выбарачна), а таксама ад хуткасці ўсталявання новых механізмаў міжнародных разлікаў, лічыць Крук.

Адзін з нашых суразмоўцаў з бізнэс-сферы адзначае, што нават адключэнне ад SWIFT прадугледжвае магчымасці для манёўраў. 

«Нават такія юрысдыкцыі, як Паўночны Кіпр і Паўночная Карэя ўсё роўна нейкім чынам (праз Турцыю і Кітай) інтэграваныя ў міжнародную эканоміку, зусім ужо анклаваў не існуе. Эканоміку адключэнне не заб'е, але заб'е некаторыя бізнэсы», — кажа бізнэсмен. 

Нагадаем, з 1 студзеня 2022 года беларускія крамы і банкі будуць абавязаныя прымаць плацёжныя карткі расійскай сістэмы «Мир».

У свеце хапае «праблемных» краін, але ад SWIFT іх не адключаюць

«На сёння мне гэта падаецца малаверагодным, — кажа Вадзім Іосуб. — Гэта заявіў кіраўнік Літоўскай прамысловай канфедэрацыі. Ён не з'яўляецца ні афіцыйнай асобай краіны, ні афіцыйнай асобай ЕС, тым больш, не з'яўляецца прадстаўніком SWIFT, таму трэба з вялікай перасцярогай ставіцца да такіх заяў. Магчыма, тут агучана чыёсьці палітычнае жаданне, але ніяк не гатовае рашэнне».

Іосуб нагадвае, што было літаральна некалькі прэцэдэнтаў адключэння ад SWIFT у свеце: 

«І гаворка ідзе не пра адключэнне цэлай краіны, звычайна як падключаюць, так і адключаюць асобныя банкі ў краіне. Калі казаць пра прэцэдэнты, то гэта банкі Паўночнай Карэі і большасць банкаў Ірана. Гэта адбылося праз тое, што і ў Паўночнай Карэі, і ў Іране банкі вінавацілі ў фінансаванні стварэння зброі масавага паражэння. Сусветная супольнасць успрыняла гэта як максімальна магчымую пагрозу. Стаўленне заходніх краінаў да Беларусі і бягучай палітычнай сітуацыі агульнавядомае. Нягледзячы на апошнія падзеі, узровень небяспекі Беларусі для заходняга свету нельга параўнаць са зброяй масавага паражэння. Таму не факт, што на бягучым этапе будуць прымяняцца такія санкцыі, як адключэнне ад SWIFT». 

Дакладны алгарытм, у якіх выпадках магчымае адключэння ад SWIFT, не прапісаны.

«У свеце існуе не адзін дзясятак таталітарных краінаў, не адзін дзясятак краінаў, у легітымнасці ўладаў якіх дэмакратычныя краіны могуць сумнявацца. Але гэта не становіцца аўтаматычнай нагодай для адключэння банкаў краіны ад SWIFT, — кажа эксперт. — Напэўна, цяперашняму кіраўніцтву Беларусі давядзецца прыкласці больш «намаганняў» для таго, каб заслужыць такія санкцыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0