У панядзелак, 16 жніўня, суд вынес рашэнне па справе жыхара «плошчы Перамен» арбарыста Сцяпана Латыпава. Мужчыну прысудзілі да 8,5 года пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў 300 базавых. У той жа дзень ягоны бацька Сяргей Анваравіч паехаў у СІЗА №1 на Валадарскага, каб сустрэцца з сынам. Час набліжаўся да вечара, таму спатканне ім не дазволілі. Пабачыцца атрымалася толькі раніцай. Як прайшла сустрэча, распавядае Zerkalo.io.

Сцяпан Латыпаў з бацькам сустрэліся 17 жніўня. Цяпер Сяргей Анваравіч адчувае сябе не вельмі добра, таму пра тое, як усё прайшло, распавядае цётка арбарыста Галіна.

— Мінулым летам Сяргей Анваравіч цяжка хварэў на каранавірус. Восемдзясят дзён ён правёў у шпіталі, а калі выпісаўся, сына затрымалі, — кажа пра здароўе Латыпава-старэйшага Галіна. — Адзінаццаць месяцаў, якія Сцяпан знаходзіцца за кратамі, суд — усё гэта таксама ні на кім не адбілася станоўча ў плане псіхічным і фізічным, але мы стараемся трымацца.

Заявы на спатканне са Сцяпанам бацька і цётка напісалі 16 жніўня — яшчэ да абвяшчэння прысуду. Са слоў суразмоўніцы, яе заяву «суддзя не захацеў падпісаць».

— Цётка не з'яўляецца блізкім сваяком, таму мне маглі адмовіць у спатканні. Але нават адваката гэтая сітуацыя здзівіла, таму што звычайна такія дазволы даюць, — працягвае Галіна і тлумачыць: — Сцяпан для мяне блізкі чалавек. Да затрымання мы часта размаўлялі, ён прыязджаў да мяне ў госці.

Спатканне бацькі з сынам доўжылася гадзіну. Сяргей Анваравіч вельмі баяўся, што ўвечары пасля прысуду Сцяпана могуць перавесці ў іншае месца і сустрэча сарвецца. Ноч напярэдадні ён не спаў, і а восьмай раніцы выехаў да СІЗА. У чарзе ён быў першы, і каля 9.00 яны пабачыліся.

— Сцяпан адчувае сябе добра, упэўнена. Падчас апошняга слова ён змог выказацца — і яму стала лягчэй. Нібы падняўся на гару, і прыйшло палягчэнне, — вобразна перадае словы Сяргея Анваравіча Галіна. — Паміж Сцяпанам і адміністрацыяй СІЗА склаліся карэктна-ветлівыя адносіны. Скаргаў і нараканняў на ўмовы ўтрымання ён не агучваў. Лісты, сказаў, хоць і з затрымкай, але даходзяць.

У СІЗА, працягвае цётка, Сцяпан займаецца спортам — прысядае, робіць расцяжкі, адціскаецца і шмат чытае. Нягледзячы на тое, што адбылося ў судзе 1 чэрвеня, калі Латыпаў уваткнуў ручку ў горла, дэпрэсіі ў яго няма. Сваім учынкам, тлумачыць суразмоўца, Сцяпан хацеў выказаць пратэст супраць таго, што з ім адбылося.

— Ён паказваў, што нельга загнаць чалавека ў кут толькі за тое, як ён думае. Сцяпан ведае, за што змагаецца, таму ён не зламаны, — адзначае цётка.

А вось з фізічным здароўем Латыпава не ўсё так добра. Падчас апошняга слова, кажа цётка, пляменнік паведаміў: пасля таго, як яго збілі, ён стаў горш чуць.

— Я ў жаху ад таго, як з ім абышліся. Хіба так можна здзекавацца з людзей у XXI стагоддзі, — каментуе цётка словы пляменніка пра тое, як яго білі і завязвалі на галаву пакет. — У дзяцінстве ў Сцяпана былі два моцныя страсенні мазгоў. Яго наогул нельга чапаць.

— Як Сцяпан паставіўся да 8,5 года, якія прызначыў яму суд?

— Яны з бацькам гэта не абмяркоўвалі. Ва ўсякім разе мне пра гэта ніхто не распавядаў. Сцяпан будзе абскарджваць рашэнне суда, і нам хочацца верыць, што гэта нешта зменіць.

— А просьбы ў яго да бацькі нейкія былі?

— Акрамя асабістых момантаў, пра якія не варта распавядаць, Сцяпан папрасіў падпісаць яго на якія магчыма газеты і часопісы. Сказаў, нават калі яго перавядуць, гэтая падпіска будзе ісці за ім, — кажа Галіна. — Прасіў, каб не шкадавалі і пісалі яму праўду, бо жыць без інфармацыі вельмі цяжка. Распавядаў, што ў камерах няма люстэркаў, таму 11 месяцаў, колькі ён знаходзіцца ў зняволенні, ён не бачыў у люстэрку свайго адлюстравання.

У Галіны таксама была просьба да пляменніка. Праз Сяргея Анваравіча яна прасіла Сцяпана пачаць пісаць дзіцячую кнігу пра вясёлыя прыгоды вожыкаў.

— Сцёпа адказаў, не тая сітуацыя, каб пісаць светлыя і добрыя казкі, — агучвае цётка атрыманы адказ. Тым не менш, кажа, пляменнік усё ж працягвае вучыцца маляваць вожыкаў і адсылае іх сябрам, у якіх ёсць маленькія дзеці. — А яшчэ Сцёпа прасіў перадаць шчыры дзякуй усім, хто падтрымлівае яго ўсе гэтыя месяцы. Усім, хто піша яму, прыносіць перадачы, прыходзіў у суд. Усім, хто разам з ім перажывае за нашу краіну і свабоду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0