«Шмат хто пачне казаць, што ў нас у бюджэце грошай не хапае, таму мы пра падаткі загаварылі, — выказаўся Аляксандр Лукашэнка, — Гэта звычайныя заявы нашых «свядомых» пратэстуноў. Абсалютна не. Якраз дзіўна, але бюджэт складваецца лепш нават, чым мы думалі, лепш, чым магло б быць».

Канкрэтных лічбаў і тлумачэнняў, чаму ж сітуацыя ў бюджэце складваецца лепш, чым чакалася, публічна не агучылі. Пры гэтым навінаў ад Мінфіну пра змяншэнне дэфіцыту бюджэту таксама пакуль не было.

«Магу сказаць, што ўсё ідзе па плане, — адзначае кіраўнік праекта «Кошт урада» эканаміст Уладзімір Кавалкін. — Толькі вось план у нас з дэфіцытам у 6 мільярдаў рублёў. Толькі за першае паўгоддзе мінус 1,6 мільярды. Гэта вялізны дэфіцыт. І самае галоўнае — незразумела, дзе ўзяць гэтыя грошы. Рэзерваў на гэта асабліва няма.

Лукашэнка з аднаго боку лічыць, што ўсё добра з бюджэтам, але з другога праводзіць нараду па пытанні, дзе ўзяць грошы на рамонт інфраструктуры — мастоў і дарог. Ён залазіць у свой прэзідэнцкі фонд, каб заплаціць бюджэтнікам. Так што калі глянуць на аб'ектыўныя лічбы, то можна пабачыць, што грошай у бюджэце на бягучыя патрэбы не хапае. І пазыку даваць Беларусі пакуль ніхто не збіраецца, прынамсі Захад».

Эканаміст адзначае, што пакуль нельга нават сказаць, укладзецца бюджэт у 6 мільярдаў дэфіцыту ці не. Бо гэты прагноз быў звярстаны вясной, яшчэ да ўвядзення двух апошніх пакетаў заходніх санкцыяў.

«Мы да канца не ведаем, якія санкцыі і калі будуць уведзеныя і як яны спрацуюць. Таму на бягучую сітуацыю акрамя жаданняў Лукашэнкі і Мінфіну вельмі ўплывае гэты знешні фактар, — адзначае ён. — Мы ведаем, што восенню плануецца ўвесці яшчэ адзін пакет санкцыяў, з боку ЗША. І яны могуць павялічыць дэфіцыт бюджэту. Асабліва, калі мы кажам пра калійную і нафтавую галіны. У гэтым выпадку мы кажам пра выпадаючыя даходы ад знешнегандлёвых мытаў. Гэта, вядома, можа павялічыць дэфіцыт».

Дадатковыя праблемы з’явяцца, калі ўлады Беларусі не змогуць узяць крэдыт у Расіі. Санкцыі і праблемы з крэдытам могуць прывесці да павелічэння мінуса. Але, па словах Кавалкіна, пакуль прагназаваць канкрэтныя лічбы складана.

«Вельмі шмат пераменных. Даваць прагноз на паўгода наперад — справа ў цяперашніх умовах вельмі няўдзячная», — заключае ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0