Лагічны ланцужок там такі: Масква асцерагаецца, што да ўлады ў Беларусі пасля Лукашэнкі могуць прыйсці антырасійскія сілы, а значыць, каб Крэмль перастаў трымацца за кіраўніка, які відавочна засядзеўся, яму, Крамлю, патрэбныя гарантыі больш доўгатэрміновай, жалезнай прывязкі незалежна ад таго, хто будзе кіраваць у Беларусі.

Лук'янаў прапануе мадэль Арменіі, дзе ёсць расійская вайсковая база, то-бок Масква не асцерагаецца дазваляць армянам свабодна і часам турбулентна мяняць сваю ўладу, таму што пры любым зыходзе гэтая ўлада вымушаная будзе заставацца прарасійскай.

Таму, робіць выснову эксперт, у Беларусі ёсць сэнс размясціць расійскія войскі на пастаяннай аснове, а далей хай сабе беларусы самі вырашаюць, хто і як ім будзе кіраваць, але Масква ўжо будзе спакойная.

Я рэдка каментую чужыя тэксты, але тут паважаны эксперт, на мой погляд, дапускае важную памылку, занадта распаўсюджаную як у Расіі, так і сярод беларускіх экспертаў па знешняй палітыцы, асабліва тых, хто называе сябе «рэалістамі».

Памылка гэтая — у гіпертрафаванай увазе да геапалітычных меркаванняў і недаацэнцы ўнутраных фактараў, вялікія дзядзькі ўсе вырашаць, а людзі хай там гуляюцца ў дэмакратыю пасля гэтага. Суб'ектнасць самога грамадства і тое, якія праблемы гэта можа падкінуць уладам, альбо ігнаруецца, альбо недаацэньваецца.

База ў Арменіі служыць у якасці стабілізатара расійскага ўплыву не толькі таму, што яна там ёсць, а яшчэ і таму, што Расія для Арменіі — гарант бяспекі ад варожых суседзяў, пагрозу ад якіх адчуваюць усе армяне. І як следства, база (а пасля нядаўняй вайны з Азербайджанам — і агулам ваенны патранаж Масквы) не стала прадметам грамадскага расколу.

А цяпер уявіце размяшчэнне расійскай базы ў Беларусі цяпер. Яшчэ ў снежні 2015 года, калі беларусы былі пад масіраваным інфармацыйным уплывам мілітарысцкай расійскай прапаганды, больш людзей выступала супраць расійскай базы (34%), чым за яе (27%). Астатнія былі абыякавыя.

Цяпер украінскія фобіі астылі, прыхільнікамі сталай расійскай вайсковай прысутнасці будуць толькі заўзятыя русафілы ці, хутчэй, «натафобы», якіх дакладна не стала больш за пяць гадоў. Але нават калі абапірацца на тыя лічбы і дадаць да іх рэзкую палярызацыю ў грамадстве, то з'яўленне базы стала б сур'ёзным дэстабілізуючым фактарам.

Апаненты Лукашэнкі палічылі б яе здачай суверэнітэту, каб выратаваць сваю ўладу. Стаўленне да гэтай базы пасля Лукашэнкі было б такім жа, як да ягонай таксічнай спадчыны, прадмета закуліснай угоды, пра якую непапулярны кіраўнік не спытаў грамадства.

Пасля змены ўлады, сілы, якія прадстаўляюць сённяшні пратэст, ставілі б пытанне аб гэтай базе як аб незаконна размешчанай. Такую ж бы пазіцыю заняў бы Захад, таму што, з іх пункту гледжання, Лукашэнка не мае права на такія здзелкі, а значыць, гаворка ідзе аб аднабаковай паўзучай інтэрвенцыі.

Нарэшце, навошта ў гэтай логіцы ставіць базу самому Лукашэнку? Бо ён таксама можа прачытаць артыкул Лук'янава і зразумець немудрагелістую логіку: няма базы — Маскве патрэбны Лукашэнка як антызаходні якар, ёсць база — Лукашэнка ўжо не моцна і патрэбны.

Гэта значыць, калі ўвесь трук пройдзе, то Лукашэнку давядзецца змушаць на гэты крок, хутчэй за ўсё — жорсткім эканамічным шантажом. У народзе гэта толькі дадасць ваеннай базе вобраз навязанага вонкавага траянскага каня.

Не абапіраючыся на дастатковую падтрымку ў самой Беларусі — як у кіруючых элітах, так і ў грамадстве — такая база будзе не стабілізатарам расійска-беларускага сяброўства, а раздражняльнікам у гэтых адносінах і генератарам палітычных канфліктаў у самой Беларусі.

Калі хтосьці запярэчыць, што любая будучая ўлада пабаіцца выганяць расійскую базу, бо тады Масква перакрые нафту і газ, то незразумела, у чым наогул яе сэнс. Гэтыя вентылі могуць самі па сабе стрымаць ад любога выхаду з-пад расійскага каўпака.

А калі не могуць, адкуль упэўненасць, што прэзідэнт Бабарыка або Латушка ў якім-небудзь 2028 годзе не папросіць расійскіх салдат праехаць на радзіму, каб заадно ссекчы на гэтым унутрыпалітычных ачкоў, як абаронца незалежнасці?

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?