На традыцыйных спаборніцтвах па начным арыентаванні «Папараць‑кветка», якія праходзілі ў ноч на 5 ліпеня ў лесе недалёка ад мікрараёна Вялікае Сяло, маладзечанскую маладую турыстку так напалохалі нейкія жывёліны, што яна вымушаная была сысці з дыстанцыі.

«Любоў вучыцца ў адной з вышэйшых навучальных устаноў Мінска, — расказаў у інтэрв’ю «РГ» начальнік дыстанцыі і галоўны суддзя спаборніцтваў Ягор Дзмітрачэнка. — Яна адзіная жанчына, якая сёлета прыняла ўдзел у «Папараць‑кветцы», таму перамога ў жаночай групе ёй была забяспечаная. Але перапалоханая жанчына не здолела скончыць дыстанцыю з‑за жывёлін, якіх раптам убачыла сярод ночы ў лесе».

Па словах Ягора Дзмітрачэнкі, Люба вярнулася з дыстанцыі ўся ў слязах.

Расказала: бегла па маршруце, раптам перад сабой у свеце ліхтара ўбачыла вочы нейкіх істот, якія свяціліся. Памеры гэтых істот — прыкладна да пояса чалавека. Яны беглі насустрач Любе.

Турыстка вельмі перапалохалася і пачала ўцякаць, не скончыўшы маршрут. Лес, у якім спаборнічалі турысты, знаходзіцца побач з горадам, таму галоўны суддзя «Папараць‑кветкі» мяркуе,

што істотамі, якія перашкодзілі маладзечанцы дайсці да канца дыстанцыі, былі бадзяжныя сабакі.

Што тычыцца саміх спаборніцтваў, то з‑за дрэннага надвор’я яны сёлета не сабралі шмат удзельнікаў. Да таго ж, спартсменам перашкаджаў зараснік, які ў гэтым годзе вельмі разросся ў лесе.

Першае месца ў спаборніцтвах маладзейшых мужчын заняў кандыдат у майстры спорту Аляксей Мямелаў з Мінска. У спаборніцтвах старэйшых мужчын лепшым стаў Аляксандр Хаўрук з Маладзечна.

Сяргей Зянько, Рэгіянальная газета

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0