«У нядзелю, 15 жніўня, я знаходзіўся ў Кабуле, калі выбухнуў ўвесь гэты хаос. У дзень, калі талібы ўвайшлі ў Кабул, я адправіўся ў аэрапорт, але разгубіўся, таму што не мог знайсці там амерыканскіх адказных асоб, якія павінны былі дапамагчы з эвакуацыяй. Па дарозе я заехаў у амбасаду ЗША, але там ужо нікога не было, таму што ўсе супрацоўнікі перамясціліся на тэрыторыю міжнароднага аэрапорта Хаміда Карзая, і амбасада цяпер працавала там. Я вельмі баяўся, што не паспею дабрацца да аэрапорта да таго, як талібы цалкам захопяць горад».

«Страціў месца ў чарзе, да якога давялося стаяць дзевяць гадзін»

«Паколькі я загадзя запоўніў анлайн-форму запыту на эвакуацыю, я павінен быў сустрэцца з кім-небудзь з каманды эвакуацыі, каб растлумачыць сваю сітуацыю. Але калі я дабраўся да брамы аэрапорта, там панаваў поўны хаос. Казалі, што застаўся толькі адзін грамадзянскі самалёт, але ён, як нам сказалі, быў прызначаны выключна для эвакуацыі афганскіх афіцыйных асоб. Не пускалі нават пасажыраў з дзейнымі квіткамі на руках: верагодна, іх месца ў самалёце занялі некалькі высокапастаўленых чыноўнікаў.

Астатнія, і я ў тым ліку, былі шакаваныя і страшэнна напалоханыя тым, як развівалася сітуацыя. Я больш за дзве гадзіны спрабаваў знайсці хоць каго-небудзь з амерыканцаў. Дзякуючы супрацоўніку аэрапорта, які падказаў мне, дзе знаходзяцца амерыканскія салдаты, пасля некалькіх гадзін чакання і мітусні, я нарэшце знайшоў амерыканскага салдата і маліў яго дапамагчы мне з эвакуацыяй. Ён пагадзіўся, але сказаў, што спачатку трэба праверыць мяне.

Праз некаторы час людзі, якія хацелі выратавацца ад талібаў і да гэтага мірна стаялі ў чарзе каля брамы, сталі ўсім натоўпам напіраць на плот, молячы амерыканскіх салдат аб дапамозе, і ўрэшце прарваліся на поле. Вядома, пра мяне тут жа забыліся, таму што салдатам давялося ўтаймоўваць натоўп. У рэшце рэшт усіх адправілі назад за агароджу, але я страціў сваё месца ў чарзе, да якога мне давялося стаяць дзевяць гадзін. Я ўсю ноч не спаў і маліў салдат, якія праходзілі міма, дазволіць мне выехаць з Афганістана, паколькі ў мяне ёсць дзейная грын-карта ЗША. Але ніхто не хацеў слухаць, і ўсе мы не спалі ўсю ноч да раніцы.

Галодныя, абяссіленыя ад смагі, стомленыя і напалоханыя, мы разам з двума іншымі афганцамі (адзін з нямецкім пашпартам, іншы з брытанскім) у роспачы блукалі ўздоўж плота, амаль страцілі надзею з’ехаць. Час ад часу раптам пачыналася стральба, калі натоўп спрабаваў прабіцца да самалётаў».

«Я шчаслівы, бо ў бяспецы ад талібаў»

«Нарэшце мне ўдалося пагаварыць з адным з вайскоўцам, які ахоўваў лётнае поле, і растлумачыць, што ў нас ёсць дзейныя дакументы ЗША, Германіі і Вялікабрытаніі, гэта значыць, мы маем права на эвакуацыю. Я паказаў салдату грын-карту і дакументы, якія даказваюць, што я працую ва ўніверсітэце ў ЗША. Ён паглядзеў нашы дакументы і нарэшце дазволіў аддзяліцца ад натоўпу і ісці да паўночнай брамы аэрапорта — момант вялізнага палягчэння для ўсіх нас траіх. Гэта было ўжо ў панядзелак, каля 16-й гадзіны.

Затым яшчэ дзевяць бяссонных гадзін, пасадка ў самалёт, узлёт — і ў 5:30 раніцы ў аўторак мы прыбылі на авіябазу ў Катары. Зараз, калі я пішу гэты ліст, я ўсё яшчэ знаходжуся тут у чаканні рэйса ў Кувейт, адкуль я нарэшце адпраўлюся ў Вашынгтон, а затым у Омаху. Мне трэба атрымаць яшчэ нейкі дадатковы дазвол на ўезд у ЗША. Усё гэта такія пакуты.

Я страшна стаміўся і нічога не адчуваю, акрамя пачуцця поўнай бездапаможнасці.

Але стараюся думаць толькі пра тое, што мае дзеці чакаюць мяне, што я вяртаюся дадому і што я шчаслівы, бо мы ўсе ў бяспецы ад талібаў».

«Сітуацыя з эвакуацыяй — відавочны правал і ганьба»

Свет абышлі кадры з кабульскага аэрапорта, дзе мясцовыя жыхары, спрабуючы выратавацца, заскокваюць на самалёт, а калі ён узлятае, падаюць на смерць з вышыні.

Пра сітуацыю з эвакуацыяй «Наша ніва» спытала гісторыка і палітолага Розу Турарбекаву.

«Наша Ніва»: Наконт амерыканцаў. Яны мусілі эвакуяваць людзей, якія паверылі ім, працавалі ў іх установах? Ці не былі іх паводзіны своеасаблівай здрадай?

Роза Турарбекава: Так, яны мусілі займацца эвакуацыяй. Эксперты называюць лічбу, як мінімум, у 20 тысяч чалавек, якіх трэба было вывезці. Гэта безадказны момант. Але не будзем забывацца, што

амерыканцы ўклалі велізарную колькасць грошай. Яны маглі спадзявацца, што гэтыя людзі не пабягуць пры першым набліжэнні «Талібана».

Да таго ж, у гісторыі амаль няма прыкладаў, калі вялікія групы людзей, якіх не хацелі пакінуць ворагу, паспяхова эвакуавалі. Адно з выключэнняў — Дзюнкерк, калі англічане ў 1940-м эвакуявалі сваіх салдат з Францыі, дзе тыя змагаліся з нацыстамі.

Але гэта стала магчымым, бо простыя англічане селі на свае катары і паплылі. Уласна брытанскіх ваенных караблёў не хапіла. Калі ў 1989-м сыходзіў Савецкі Саюз — натуральна, не так ганебна, як цяпер амерыканцы, але таксама сыходзіў, — ці адказваў ён за людзей, якія засталіся ў краіне? Натуральна, не. А хто калі-небудзь нёс адказнасць? Калі гэта адбывалася?

Паралеляў можна праводзіць шмат. Хтосьці параўноўвае з Сайгонам (гаворка пра эвакуацыя амерыканцаў з В’етнама — НН). На мой погляд, гэта бессэнсоўна. Сёлетнія падзеі можна параўнаць з 1979 годам, калі іранскі шах збег з краіны, захапіўшы золата, жонак, але пакінуў сваіх прыхільнікаў.

Я не апраўдваю адміністрацыю Байдэна. Не ведаю, якія разлікі яна рабіла, калі пралічвала хуткасць руху войскаў «Талібана». Чаму яна думала, што афганцы будуць супраціўляцца. Тое, што мы ўбачылі, — відавочны правал і ганьба. Але нічога новага няма. У гэтай праблемы не было добрага рашэння. Іншая справа, што сёлета мы маглі назіраць за гэтымі падзеямі ў прамым эфіры.

Чытайце таксама:

«Бясконцы канфлікт у Афганістане не скончыўся». Што чакаць свету пасля прыходу да ўлады «Талібана»?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0