Храм у Мураванцы.

Храм у Мураванцы.

На Шчучыншчыну варта ехаць ужо дзеля таго, каб пабачыць абарончую царкву ў Мураванцы.

Сярод найбагацейшае архітэктурнае спадчыны Беларусі царква ў Мураванцы займае пачэснае месца. Цяжка знайсці ў нас будынкі больш арыгінальныя паводле стылістыкі і самавітасці. Зрэшты, не так шмат старажытных храмаў дайшло да нас у першасным выглядзе… А змуравалі яе яшчэ ў 1524 г.

У Мураванцы даволі блытаная сістэма вуліц і пераездаў, трэба проста спытацца ў тутэйшых, дзе царква. Удакладніўшы — «старая».

Царква стаіць, адгарадзіўшыся ад нашага свету садамі ды яловымі прысадамі. Храм не раз рабіўся цвержаю падчас войнаў. Яго штурмавалі маскоўцы, крымчакі, зноў маскоўцы, шведы. Апошні раз, у 1706 г., абстралялі гарматы Карла ХІІ…

Храм‑цытадэль узняты на падмурак з валуноў. Магутны будынак фланкіраваны па кутах абарончымі вежамі, у якіх зробленыя байніцы. Каларыт архітэктуры храму надае спалучэнне чырвоных цагляных сценаў з тынкаванымі белымі нішамі. Усярэдзіне царква перакрытая складанымі зорчатымі гатычнымі скляпеннямі На паддашку праходзіць баявая галерэя. Пасярод храму, пад падлогай, — скляпеністыя сутарэнні, у якіх у старажытнасці захоўвалі зброю, рыштунак, царкоўную скарбніцу. Цяпер тут паўсюль можна пахадзіць, заплаціўшы пару тысяч рублёў за экскурсію.

Свет пахаў і красак

Саўгас у Вялікім Мажэйкаве — адна з нешматлікіх гаспадарак, што гадуе лекавыя зёлкі. Важкі прыбытак: кілаграм гаючых пялёсткаў каштуе ў разы даражэй за кілаграм бульбы. Адсюль нашы зёлкі развозяцца па ўсім свеце. Уяўляеце, як растуць палі спецыяльных рамонкаў, сардэчніку, пустырніку, календулы ці мяты? Водар неверагодны. Асабліва з плантацыі валяр’яны. Паглядзець на гэтае хараство трэба абавязкова — падарожжа ў свет пахаў!

Тутсама, у Вялікім Мажэйкаве, захаваўся з XVIII ст. вялікі панскі двор Хадкевічаў. Памер сядзібы з броварам, стайнямі, клецямі, лямусам, брамамі ды флігелем уражвае.

Сонечны гадзіннік

На Шчучын дарога ідзе праз Ішчалну. У сярэдзіне XVIII ст. тут быў збудаваны цагляны касцёл, што стаіць да нашых дзён. У ім ёсць барочныя скульптуры, гучыць арган, зроблены знакамітым віленскім майстрам Бярнацкім, звіняць старадаўнія званы. Але найбольшы рарытэт — унікальны сонечны гадзіннік. Яму больш за два з паловай стагоддзі. На круглым каменным слупе прымацаваная мядзяная пласціна — цыферблат з лініямі ад цэнтру, узятымі ў некалькі колаў. Калісьці гадзіннік вянчала трохкутная стрэлка, верхні кут якой паказваў на Палярную зорку, а цень — на дакладны час. Цяпер стрэлка напалову зламаная. На пласціне выгравіяванае імя майстра (J.Malecki), месца вырабу (Vilna), геаграфічная шырата в.Ішчална (54 *41’’2’) . Абсалютна унікальная рэч!

Больш чым райцэнтр

А вось і Шчучын. Багаты краявід. Збочыўшы з гродзенскай шашы, трапіце на вуліцу 17 Верасня, што праходзіць праз увесь цэнтр гораду. За гады незалежнасці ён відавочна змяніўся да лепшага. Тут пабудаваныя новыя дамы, крамы і банкі, папрыгажэлі старасвецкія будынкі. Высіцца дагледжаная Міхайлаўская царква. На плошчы Свабоды аточанай старасвецкімі камяніцамі, урадавымі будынкамі савецкіх часоў — сквер з фантанам. Некалькі гадоў таму аднавілі і званіцу з гадзіннікам, што закрыла сабою помнік Леніну.

Будынкі па перыметры плошчы адрэстаўраваныя з густам. Брыгады шчучынскіх мужыкоў зарабляюць на будоўлях у Польшчы, Літве і нават Нью‑Ёрку, і іх досвед прыдаецца ў родным мястэчку. Традыцыі тут знітаваныя з найноўшымі еўрапейскімі павевамі. Маляўніча размешчаны на гары і далёка бачны, аточаны лагчынамі і рэчкаю, гэты горад можна назваць элегантным. І нават фарсістым!

На другім беразе вадасховішча захаваўся велізарны палац Друцкіх‑Любецкіх, які рэстаўруюць. Хоць і марудна, але пэўна. Дах крыты новай бляхай, вокны і дзверы забітыя. Але і звонку палац робіць моцнае ўражанне.

Цікава, што Шчучын — адзін з нямногіх райцэнтраў краіны, што можа пахваліцца навуковай установай. Тут дзейнічае Даследчы інстытут сельскай гаспадаркі, што займаецца вырошчваннем розных раслінаў.

Кранальна шчучынцы ставяцца да славутых землякоў. Тут, напрыклад, цэлы культ Цёткі. У Шчучыне вельмі прыгожы помнік ёй, надзіва ўдалы і сувымерны. У мястэчку Астрына таксама стаіць помнік Цётцы, у вёсцы Шастакоўцы — мармуровы крыж на яе магіле, бюст ля школы…

Памятаюць тут і выбітнага мастака Казіміра Альхімовіча, удзельніка паўстання 1863 г.

На Шчучыншчыне нарадзіўся і Валеры Урублеўскі, які дапамагаў Каліноўскаму выдаваць «Мужыцкую праўду», а ў 1871 стаў генералам Парыжскай камуны.

Шануюць шчучынцы і Вацлава Іваноўскага, пра якога ў выканкамаўскай брашурцы напісана, што ён «боролся за счастье и независимость белорусского народа», а пасля «погиб во время Второй мировой войны»… Недалёка ад Шчучына, як ехаць на Васілішкі, збераглася сядзіба Іваноўскіх, Лябёдка. Тут у 1903 г. Вацлаў разам з Цёткай і братамі Луцкевічамі выдаў першы нумар нелегальнага часопіса «Свабода».

Заснавальнікам тутэйшае галіны Іваноўскіх быў Станіслаў Іваноўскі. Яго сын Леанард будаваў прамысловыя прадпрыемствы па ўсёй Расіі. Двойчы на ўсерасійскіх сельгасвыставах яго гародніна з Галавічполля была адзначаная залатымі медалямі. Яго сын Вацлаў вызначыў сябе як беларуса. Браты Тадэвуш і Юры з узростам далучыліся да іншых нацыянальных рухаў: адзін — Літвы, другі — Польшчы.

Радзіма Немэна

Са Шчучына абавязкова варта наведацца і ў Васілішкі. Ад Васілішак, проста з касцёльнага цвінтару, відаць вежы іншага касцёлу ў Старых Васілішках. Гэты касцёл Святых Вярхоўных Апосталаў Пятра і Паўла быў пабудаваны на мяжы ХІХ і ХХ ст. У 1903 г. быў нарэшце адчынены… Як апавядаюць людзі, гарадзенскі губернатар Пётр Сталыпін загадаў зацерці прозвішчы фундатараў, цэлых сем’яў, якія рупіліся пра пабудову касцёлу. Праз тое, маўляў, што імя цара Мікалая ІІ на фундацыйнай табліцы было згаданае пры канцы, а не спачатку, як хацелася губернатару.

Ёсць у тым касцёле і табліца, прысвечаная яшчэ аднаму славутаму земляку. Старыя Васілішкі — радзіма кампазітара й спевака Чэслава Немэна (Выдрыцкага). Бацька Чэслава быў наладчыкам фартэпіяна, гадзіннікавым майстрам. Пасля смерці Сталіна тым, хто хацеў паехаць у Польшчу, далі такую магчымасць. Выдрыцкія з’ехалі… І там Чэсь, узяўшы сабе псеўданім Немэн, стаў адным з самых вядомых польскіх артыстаў у свеце. У сваіх творах выкарыстоўваў класічныя вершы, быў стваральнікам музыкі для спектакляў і тузіну кінафільмаў. У 1960—1970‑я Немэн быў найпапулярнейшым вакалістам Польшчы.

Бальшыня люду ў Старых Васілішках уважае сябе за палякаў, кабеты імкнуцца як умеюць гаварыць па‑польску. Пыталіся ў людзей, ну які быў Чэсь, які?

— Ён быў бардзо цікавы, не такі як вшысцы, правдзівы поляк, шчэры католік, ходзіл до хору, спевал. Спевал і в дому, і в школе.

— А што спяваў? Якія песні?

— »О‑однозвучно звенит ко‑ло‑кольчик…».

Taka prawda їycia! Родны край Немэн адведаў у 1970‑я. Убачыў калгасны лад, зарослы ставок, у якім дзіцем купаўся, закінуты парк…

Ну вось, адсюль можна вярнуцца і да Малога Мажэйкава з Мураванкаю. Каб яшчэ раз пабачыць наш бясспрэчны цуд — стражытную царкву‑крэпасць. Калі пашанцуе, трапіце на літургію, каб адчуць дзівосную акустыку і непаўторную атмасферу гэтага храму.

***

Шчучын вядомы з XVI ст. У 1436 ваявода троцкі Пётар Лялюш заснаваў тут драўляны касцёл. Удалае геаграфічнае становішча (дарога Гродна—Ліда—Вільня), прыцягнулі да Шчучына ўвагу мажнаўладцаў. Належаў Радзівілам, Сцыпіёнам, Друцкім, у XVIII ст. перайшоў ва ўладанне маршала ВКЛ Сціпіё дэ Кампа. 23 траўня 1761 атрымаў Магдэбурскае права і герб «у блакітным полі срэбная манаграма I(gnatus) S(cipion) пад залатой каронай».

У Шчучыне размяшчаліся заснаваныя піярамі калегія, семінарыя і вышэйшая школа. Сярод выхаванцаў Шчучынскай школы піяраў — Ігнат Дамейка, Мацей Догель, Казімір Нарбут, паэты А.Петрашкевіч і Ю.Корсак. У 1804—06 у Шчучыне выкладаў францускую мову і фізіку слынны філосаф, логік, пcіxoлаг і паэт Анёл Доўгірд.

На сёння — 16 тыс. жыхароў. Ёсць гатэль.

Сяргей Харэўскі

Глядзі ранейшае:
Усходні фарпост: Орша і ваколіцы
Сінія цэрквы: Здзітава - Жабінка - Збірагі
Слонім і Жыровічы
Ваўкавыская готыка
Нараўляншчына, адкуль вяртаешся з верай
Над ракой Арэсай
Котра. Рака і пушча
Край белай птушкі. Асвейшчына
Мазырскае барока
Балдук mon amour
Край за небакраем, або Беларуская Прусія
Мяжа між Усходам і Захадам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0