«Гэта аўтаматычная выплата, а не ўзнагарода Мінску за штосьці, — піша аналітык. — Такую ж дапамогу для барацьбы з кавідам атрымалі амаль усе краіны свету прапарцыйна сваёй вазе.

Верагодна, яшчэ будуць спробы заблакаваць магчымасць карыстацца гэтымі сродкамі. Але паказальна, што Беларусь не паставілі ў адзін шэраг з М'янмай, Афганістанам і Венесуэлай, чые ўрады не прызнаюцца легітымнымі.

Наогул, прызнанне легітымнасці ўлады — гэта больш палітычны, чым прававы канструкт. Няма універсальных законаў аб (не) прызнанні ў выпадках, калі нейкая група людзей трымае ўладу незаконна. Усё праяўляецца на практыцы, і з яе мы разумеем, што нават у вачах Захаду міжнародная нелегітымнасць — гэта спектр, на якім могуць быць цалкам прызнаныя ўрады з аднаго боку, а з другога — хунта ў М'янме. І бліжэй да М'янмы будуць розныя рэжымы ад талібаў да Мадуры, дзе кантакты на нейкім узроўні магчымыя, але афіцыйная пазіцыя пры гэтым: «Вы нелегітымная ўлада».

У Беларусі ж, як высвятляецца, не прызналі не ўсю вертыкаль, а толькі Лукашэнку як прэзідэнта. Паміж ім і ўрадам у вачах Захаду праходзіць нейкая нябачная рыса. У выніку астатнія ведамствы беларускай дзяржавы заходні свет працягвае лічыць уладай, з якой можна размаўляць і весці справы.

Калі са жніўня 2020 года прадстаўнікі беларускага ўрада і Нацбанка засядалі ў МВФ, то што здарылася цяпер, каб іх выганяць? Мяркуючы па ўсім, у арганізацыі менавіта такая логіка. Таму амбасадары краін ЕЗ гатовыя ўручаць даверчыя граматы прызначанаму Лукашэнкам міністру Макею, але не гатовыя ўручаць іх самому Лукашэнку.

У гэтым сэнсе лагічнае пытанне — а ці ёсць наогул нейкі практычны сэнс у непрызнанні Захадам Лукашэнкі, калі адной рукой Захад заяўляе пра гэта, а другой — дае ягоным міністрам мільярд, хай і не жывых грошай, але таго, што можна выдаткаваць на аплату даўгоў?

Сэнс застаецца.

Лёсавызначальныя для Беларусі дакументы і дамовы, якія будзе падпісваць сам Лукашэнка, у вачах заходніх краін і структур будуць валодаць куды меншай юрыдычнай сілай, чым тое, што падпісваюць ягоныя міністры.

Таму як новая Канстытуцыя па выніках рэферэндуму, так і дарожныя карты па інтэграцыі могуць быць ўцягнутыя ў варонку заходняга непрызнання, таму што да іх дакранулася не самая легітымная рука (дарэчы, цікава, што будзе з прызнаннем ўрада ці таго ж ВНС пасля прыняцця гэтай новай Канстытуцыі ).

А калі гэта, напрыклад, будзе продаж нейкіх стратэгічных актываў або размяшчэнне ў краіне расійскіх войскаў, гэта палічаць аднабаковым расійскім актам, што можа пагражаць Маскве (або пакупнікам актываў) санкцыямі.

Ну а пакуль, выдача мільярда Мінску — яшчэ адна нагода для цвярозасці ў надзеях на жыватворчы Захад. З іншага боку, цікава паглядзець, як пасля гэтага дзяржпрапаганда будзе распавядаць, што МВФ — паслухмяны сабачка Вашынгтона».

Адзначым, што дапамога ад МВФ не азначае паступленне чыстых грошай, «чэкі» МВФ яшчэ трэба канвертаваць у нейкую рэальную валюту ў замежным банку.

Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка каментаваў, што будзе рабіць апазіцыя, калі МВФ усё ж такі выдзеліць грошы Беларусі.

«Нават калі гэтыя грошы будуць вылучаныя, мы ўсё яшчэ можам зрабіць так, каб іх нельга было абмяняць на цвёрдую валюту. Ёсць і іншы варыянт — выставіць умовы для рэалізацыі гэтых сродкаў. Напрыклад, зрабіць, каб грошы можна было патраціць толькі на вакцыны і апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, але ні ў якім разе не дапусціць, каб яны паступілі ў бюджэт рэжыму».

Тым часам праўладныя эксперты і чыноўнікі ўсё часцей заяўляюць, што за заклікі да санкцыяў могуць увесці адказнасць. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0