Што значыць выбыванне з рэйтынгу, «Нашай Ніве» патлумачыў эканаміст Дзмітрый Крук:

«Адкліканне рэйтынгу падсанкцыйных банкаў з боку Fitch я б інтэрпрэтаваў як выказвання з іх боку «ў бягучых варунках стандартны падыход ацэнкі крэдытаздольнасці ў дачыненні да гэтых банкаў перастае працаваць, далей можа быць што заўгодна».

Само па сабе адкліканне рэйтынгу, хутчэй, не мае «аўтаматычных» наступстваў, у выглядзе датэрміновага пагашэння замежных пазыкаў (хоць, дапускаю, падобнае абавязальніцтва можа прысутнічаць у асобных угодах), адклікання сродкаў замежных банкаў і гэтак далей.

Таму пакуль я б не стаў казаць аб хуткім эфекце ў дачыненні да ўсёй фінансавай стабільнасці. Але гэта вельмі істотны фактар, які ўмацоўвае негатыўныя пабочныя і інфармацыйныя эфекты ад санкцый.

Мяркую, гэта адаб’ецца на гатоўнасці ўкладчыкаў трымаць свае дэпазіты ў гэтых банках, пацягне далейшае вымушанае скарачэнне пасіваў, пагаршэнне стану ліквіднасці, і ўрэшце будзе адбівацца на фінансавым становішчы гэтых банкаў.

Таксама гэта істотна скажацца на жаданні замежных контрагентаў мець справу з гэтымі банкамі, што таксама будзе паступова весці і да фінансавых пагаршэнняў.

Кажуць, кропля точыць камень, так і санкцыі, і звязаныя з імі крокі па рэйтынгу, «точаць» фінансавае становішча як падсанкцыйных банкаў, так і (у выніку іх сістэмнай значнасці для айчыннага фінансавага рынку) перспектывы фінансавай стабільнасці ў краіне наогул».

Шэраг дзяржаўных банкаў у сувязі з санкцыямі ўжо не можа прыцягваць знешняе фінансаванне. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?