Пасля 20 гадоў барацьбы з войскамі заходніх краін і нацыянальнай арміяй Афганістана Талібан узяў краіну пад кантроль — на гэта яму спатрэбілася два тыдні. Гэтаму спрыяла шмат фактараў: супярэчлівае мірнае пагадненне, недахоп палітычнай волі ў былых кіраўнікоў краіны і нястрымная карупцыя.

Але нельга недаацэньваць і сучасную медыястратэгію, якую зараз прапанаваў Талібан. У мінулы перыяд кіравання краінай (1996-2001) рух ставіўся да медыя па-іншаму: Інтэрнэт і музыка былі пад забаронай, грамадзянам краіны было загадана не глядзець тэлебачання. Аднак пасля акупацыі Афганістана войскамі заходніх краін талібы памянялі свой погляд на СМІ, піша аглядальніца Guardian Віда Мехран.

Усё пачалося ў 2003 годзе са стварэння радыёстанцыі «Голас шарыяту», у якой з’явіўся афіцыйны сайт пад назвай Al Emarah. Гэты рэсурс, на якім публікуюць ваенныя навіны і заявы руху, і сёння з’яўляецца яго афіцыйным сайтам. Пазней талібы пачалі пашыраць сваю прысутнасць у сеціве і заснавалі анлайн-выданні на розных мовах, прычым ад мовы рэсурсу залежыць тое, чаму ён будзе прысвечаны.

Але ва ўсіх выданнях талібаў ёсць і нешта агульнае. Гэта

імкненне прадставіць Талібан як жыццяздольную альтэрнатыву афіцыйнаму кабульскаму ўраду, а таксама падтрымка афганскай самаідэнтычнасці.

Такі падыход спрыяў таму, што рух атрымаў вялікую падтрымку сярод некаторых пластоў грамадства, у тым ліку сярод рэлігійных дзеячаў і старэйшын. У апошнія тыдні гэтыя саюзнікі талібаў адыгралі важную ролю: яны шмат у чым упэўнілі афганскіх чыноўнікаў і войскі здацца Талібану замест таго, каб змагацца з ім.

Рух таксама здолеў скарыстацца мадэрнізацыяй краіны і тым, што амаль усе афганцы зараз маюць доступ у Інтэрнэт. Талібан нават прысутнічае ў месенджарах: дадаткі накшталт WhatsApp і Telegram дапамагаюць адэптам руху звязвацца паміж сабой, каардынаваць аперацыі і падтрымліваць кантакт з журналістамі. У раёнах, занятых талібамі, выкарыстанне WhatsApp таксама дапамагае ім арганізоўваць сервісы накшталт гарачых ліній.

Медыястратэгія Талібана аказалася паспяховай, бо рух здолеў дастаўляць інфармацыю і дзяліцца сваім поглядам на рэчы хутчэй, чым афіцыйная ўлада Афганістана і войскі заходніх краін. Гэта вельмі дапамагло ў сітуацыі з вывадам войск США — праз свае каналы Талібан прадставіў дзеянні амерыканцаў як сваю перамогу і пачатак канца афіцыйных афганскіх уладаў. Гэта дэмаралізавала сілы бяспекі краіны і часткова спрыяла іх нежаданню змагацца з талібамі.

Пасля захопу Кабула талібы запусцілі піяр-кампанію з мэтай дыстанцыявацца ад мінулага іміджу руху. Цяпер Талібан больш кажа пра бяспеку для ўсіх афганцаў.

Прадстаўнікі руху нанялі ўплывовых відэаблогераў з тысячамі падпісчыкаў, якія цяпер будуць расказваць пра жыццё ў Кабуле пры талібах і дапамогуць стварыць пазітыўны імідж руху.

Але магчыма, што сацсеткі таксама дапамогуць разбурыць Талібан: як мінімум, зараз такія платформы — адзіная магчымасць для афганцаў выказаць сваё меркаванне па сітуацыі ў краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0