БДУ

Самы высокі конкурс у вядучым універсітэце краіны — на спецыяльнасць «дызайн» (напрамак «камунікатыўны дызайн»). Ажно 12 чалавек на месца.

Па прахадных балах карцінка традыцыйныя. Рэкордныя парогі — на факультэце міжнародных адносін. Каб паступіць на «лінгвакраіназнаўства», сёлета патрабавалася 384 балы (сума вынікаў ЦТ па трох прадметах і сярэдні бал атэстата), на «міжнароднае права» — 378, на «міжнародныя адносіны» — 374.

Сярод прыродазнаўчых спецыяльнасцяў топавымі аказаліся «прыкладная інфарматыка» (362 балы), «хімія лекавых злучэнняў» (352 балы), «інфарматыка» (350 балаў) і «біяхімія» (333 балы).

Дарэчы, амаль чвэрць усіх стабальнікаў паступіла ў БДУ.

БДУІР

У айцішнай ВНУ вялікі попыт на «чыстае» праграмаванне і электронную эканоміку.

Складаней за ўсё паступіць на факультэт камп’ютарных сістэм і сетак. Прахадны бал на спецыяльнасць «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» — 371, «інфарматыка і тэхналогіі праграмавання» — 362. На іншых факультэтах попытам найбольш карысталася навучанне на гульнявую індустрыю (361 бал), інфармацыйныя тэхналогіі ў бізнэс-менеджменце і электронны маркетынг (па 360 балаў).

БДМУ

У будучых медыкаў найбольш прэстыжным кірункам застаецца стаматалогія. Сёлета конкурс там склаў 2,2 чалавекі на месца, а прахадны бал — 387. Каб бясплатна навучацца на фармацэўтыцы, трэба было набраць 365 балаў, на лячэбнай справе — 357.

БНТУ

Самы высокі конкурс тут на архітэктара — 4,3 чалавека на месца. Паступіць на гэту спецыяльнасць можна было з 338 баламі.

Сярод топавых кірункаў таксама маркетынг (прахадны бал — 346), эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве (336), транспартная лагістыка (334). Перспектыўнымі абітурыенты таксама палічылі спецыяльнасці «праграмнае забеспячэнне і інфармацыйныя тэхналогіі» і «мытная справа» (і там, і там для паступлення трэба было набраць 331 бал).

БДЭУ

У эканамічным універсітэце нечакана здарыўся наплыў у дзяржаўныя кіраўнікі — 3,2 чалавека на месца. У папярэднія гады конкурс быў удвая меншы.

Па балах самы высокі парог — на знешнеэканамічныя сувязі (361 бал). Абітурыенты з добрымі вынікамі ЦТ ішлі таксама на бізнэс-адміністраванне (348 балаў), сусветную эканоміку і паліталогію (па 340 балаў).

Што ў рэгіёнах?

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы самай запатрабаванай спецыяльнасцю стаў «міжнародны турызм» — 354 балы. З высокімі баламі паступалі на правазнаўства (329), нямецкую філалогію (328) і кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі (322). А найбольшы конкурс склаўся сярод будучых дызайнераў — 8,2 чалавека на месца.

Наплыў ахвотных вучыцца правазнаўству назіраўся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Конкурс на гэту спецыяльнасць — 6,2 чалавека на месца, прахадны бал — 335. Таксама попытам карысталіся кірункі «бізнэс-адміністраванне» (330 балаў), «міжнародны турызм» (328 балаў) і «эканамічная інфарматыка» (322 балы).

Лагапед — гэта прафесія аказалася ў топе сярод абітурыентаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна. На месца там прэтэндавала шэсць чалавек, а для паступлення неабходна было 310 балаў. Высокі прахадны бал назіраўся на паліталогіі (316), камп’ютарнай лінгвістыцы (314) і гісторыі і грамадазнаўстве (307).

Моладзь, якая ішла ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава, абірала прафесіі юрыстаў і праграмістаў. Конкурс на міжнароднае права склаў 6,3 чалавека на месца, на праграмнае забеспячэнне — 5,8, на знешнеэканамічныя сувязі — 3,4.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0