Паводле рашэння Вярхоўнага суда, усе довады прадстаўніка ГА «БАЖ» аб тым, што гэты пазоў не мусіць быць задаволены, прызнаць няважнымі, а прадстаўнік адказчыка «няправільна разумее закон».

Нагадаем храналогію падзей:

9 чэрвеня Міністэрства юстыцыі пачало маштабную праверку дзейнасці ГА «БАЖ».

14 ліпеня ў офісе БАЖ без прысутнасці прадстаўнікоў арганізацыі сілавікі правялі чарговы вобшук, пасля якога офіс быў апячатаны і доступ у яго блакаваны. Копіі пратаколаў вобшуку нам не ўручаліся. Пералік адабранай маёмасці нам не вядомы. Таксама ў гэты дзень былі заблакаваныя аперацыі на банкаўскім рахунку арганізацыі.

15 ліпеня, на наступны дзень пасля вобшуку і блакавання офіса, асацыяцыя атрымала ад Міністэрства юстыцыі копію загаду аб вынясенні нам пісьмовага папярэджання.

21 ліпеня Міністэрства юстыцыі паведаміла ў сацыяльных сетках аб тым, што ўжо накіравала ў Вярхоўны суд Беларусі пазоў аб ліквідацыі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

«БАЖ — гэта не запіс у рэестры юрыдычных асоб. Гэта амаль паўтары тысячы сябраў арганізацыі, аб'яднаных усведамленнем сваёй місіі: пашыраць прастору свабоды слова ў Беларусі. Прабачце за пафас і цытату з Стратэгіі БАЖ.

Гэта — сябры і калегі. Гэта — МЫ, а не юрыдычны статус і офіс. І МЫ будзем працягваць рабіць сваю справу, незалежна ад рашэння судоў і адміністрацыйных органаў, — усімі законнымі спосабамі», — гаворыць старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец.

ГА «БАЖ» дзейнічае з восені 1995 года. Аб'ядноўвае больш за 1300 сябраў — работнікаў медыясферы. ГА «БАЖ» — гэта ўплывовая і прызнаная міжнароднай прафесійнай супольнасцю арганізацыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0