55-гадовы Крысціян Зель абвінавачваецца ў перавозцы і распаўсюдзе вялікай колькасці наркотыкаў. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 15 гадоў.

Зель нарадзіўся ў Таджыкістане і з'ехаў у Германію яшчэ ў маладосці, ён з'яўляецца грамадзянінам Германіі. Акрамя таго, у яго ёсць дазвол на знаходжанне ў Беларусі, паколькі там у яго жывуць сваякі.

У судзе ён сказаў, што жыве ў Германіі 30 гадоў.

«Па спецыяльнасці я зваршчык, а працую аўтамеханікам у аўтасэрвісе», — сказаў абвінавачаны.

Зель раней не быў судзімы. Ён разведзены. Дзеці ад першага шлюбу ўжо дарослыя.

«У мяне ёсць пазашлюбны сын, яму 7 гадоў», — дадаў ён.

Літоўскія мытнікі затрымалі яго 22 кастрычніка 2020 года.

Ён прыцягнуў увагу мытнікаў тым, што ехаў на ровары і цягнуў за сабой чамадан на колцах. Пад падшэўкай у чамадане мытнікі знайшлі два пакеты, у якіх агулам было 0,5 кг гераіну. Зель увесь гэты час знаходзіўся пад арыштам, яго не адпускалі пад заклад, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы.

Зель заявіў, што чамадан яму не належыць. Ён спрабуе даказаць гэта ў Віленскім судзе суддзі Арунасу Будрысу.

26 жніўня Зель сваю віну не прызнаў, але даць паказанні пагадзіўся толькі пасля апытання ўсіх сведак.

Мужчына падчас следства расказаў, што ездзіў у Беларусь прадаваць сваю кватэру. Ён сказаў, што для таго, каб уехаць у краіну на машыне, ён павінен быў унесці заклад у памеры 10 000 еўра.

Зель вырашыў не плаціць такія грошы і паехаў на ровары — пешшу нельга пераходзіць мяжу. Ён пакінуў машыну недалёка ад мяжы, паехаў у Беларусь на ровары, зрабіў усё неабходнае і паехаў назад у Літву, а адсюль ён планаваў вярнуцца дадому ў Германію.

Зель сказаў, што ля мяжы ён сустрэў незнаёмага мужчыну. Той сказаў, што яго не пускаюць у Літву і папрасіў Зеля перавезці праз мяжу яго чамадан. Зель нібыта праверыў чамадан, не знайшоў у ім нічога падазронага і пагадзіўся аказаць мужчыну паслугу.

Потым мытнікі ўжо дасталі наркотыкі, якія былі схаваны пад падшэўкай. Суд высветліць, ці ёсць праўда ў версіі абвінавачанага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0