Сваю версію прычын крымінальнага пераследавання Мікалая Аўтуховіча ў інтэрв’ю карэспандэнту «БелГазеты» выклаў экс‑дэпутат Вярхоўнага Савета, давераная асоба Аўтуховіча падчас выбарчай кампаніі ў палату прадстаўнікоў у 2004 г Мікалай Аксаміт.
Міністр апёкся
Да вас дайшлі чуткі пра тое, што ГУБАЗ МУС выявіла змову групы былых воінаў‑інтэрнацыяналістаў на чале з Мікалаем Аўтуховічам, якія быццам бы рыхтавалі замах на губернатара Гродзенскай вобласці і намесніка міністра па падаках і зборах?
— Ён ніякі не тэрарыст. Затое ён можа выказаць тое, што думае, ім у вочы. За гэта, упэўнены, і паплаціўся. А падрыхтоўка замаху — абсурд і глупства.
Я праходжу ў гэтай справе ў якасці сведкі. У мяне дома рабілі ператрус.
Дома адна жонка, урываюцца больш 20 чалавек з аўтаматамі, бягуць у прыбіральню, на балкон. Жонка кажа: вы нармальныя? Не маглі як людзі зайсці? Так можна і завал сэрца атрымаць! А сёмай раніцы пабудзілі.
Хіба ж нармальныя людзі так робяць? Зверху загадалі — гэтыя і рады старацца, а мазгоў нуль. Забралі шмат рэчаў. Потым я патрабаваў у пракуратуры, каб мне вярнулі рэчы, і ў мяне папрасілі прабачэння.
Спачатку патрабавалі, каб я прыехаў да следчага ў Гродна, потым гавораць: дашлем пытанні ў ваўкавыскую міліцыю факсам, падыдзіце і адкажыце. Там пытанні такога кшталту: ці ёсць у вас зброя, ці ведаеце вы што пра меркаваныя тэракты ці пра асобаў, што іх рыхтуюць? Я адказаў: так, ведаю,
экс‑старшыня КДБ напярэдадні выбараў 2006 г паведамляў, што апазіцыя збіраецца ваду пацукамі труціць. Ну, яны так і запісалі. Нават следчы, з якім мы размаўлялі, лічыць: раз узялі, трэба абвінавачваць.
Усё прыцягнута за вушы.
Адразу пасля распаўсюду гэтай інфармацыі прэс‑служба МУС паведаміла, што ёй пакуль нічога невядома пра завядзенне крымінальнай справы. У той жа час намеснік міністра па падатках і зборах прызнаўся, быццам бы чуў пра выкрыццё тэрарыстычнай групы, якая рыхтавала на яго замах.
Экс‑міністр МУС ужо абпаліўся, калі яны арыштавалі Аўтуховіча.
У нармальнай прававой дзяржаве спярша збіраецца доказная база, а толькі потым чалавека арыштоўваюць. Цяпер ужо самалюбства не дазваляе выпусціць яго.А намеснік міністра яшчэ не абпальваўся. Да таго ж там сядзяць непрафесіяналы, яны робяць безадказныя заявы. У нармальнай дзяржаве чалавек потым адказваў бы за свае словы.
Тэрарысты на «Дажынках»
Ці сапраўды гранатамёт быў знойдзены ў школе, размешчанай побач з гаражом Аўтуховіча?
— Я вучыўся ў гэтай школе, і Аўтуховіч там вучыўся.
Гаражы ад яе больш чым за кіламетр!
Побач з школай знаходзіцца вайсковы гарадок, «Шанхай‑горад» яго называлі — паваенныя забудовы, драўляныя баракі.
Там па 4‑5 сем’яў афіцэраў жыло, адныя ваенныя. Як там апынуўся гранатамёт? Пасля развалу СССР многія кралі і прадавалі зброю.
Можа, хтосьці ўзяў і прадаць не здолеў. Другі варыянт — яны яго самі прывезлі.
Чаму гранатамёт? Магло быць і што пасур’ёзней.
А ці мог губернатар вобласці ўплываць на лёс Аўтуховіча ў большай ступені, чым ваўкавыскія ўлады?
— Гэта не так. Па‑першае, цяперашні губернатар і той, пры якім Аўтуховіча арыштоўвалі ў першы раз, ‑‑ людзі розных кланаў, сувязі паміж імі не бачу. Па‑другое, калі там неяк мог аказваць уплыў гродзенскі губернатар, дык толькі праз ваўкавыскую адміністрацыю.
Чаму справа Аўтуховіча настолькі прынцыповая для ўладаў нават у час лібералізацыі?
— Хутка прэзідэнцкія выбары, а цяперашняя ўлада любіць ствараць вобраз ворага. Гэтую гісторыю можна раздзьмуць — глядзіце, змова, тэрарысты, па частках разарвуць.
Вельмі прыгожая сітуацыя: былыя аўганцы, дзяржзмова! Добра, што не супраць самога прэзідэнта. Больш за тое, гэта ўжо не першы выпадак.
Гады чатыры таму, перад выбарамі, калі ў Ваўкавыску праводзіліся «Дажынкі», у сеціве з’явілася інфармацыя, што плануецца замах на Лукашэнку, бо ягоны рэйтынг падае. Я ўзяў раздрукоўку, сустрэўся з начальнікам ваўкавыскага КДБ і сказаў: калі паспрабуеце гэта павесіць на нас — у вас нічога не атрымаецца. Я тады з Аўтуховічам размаўляў: Мікалай, сітуацыя даволі сур’ёзная, ты пойдзеш як выканаўца, а я — як арганізатар. І вось, мяркую, гэта здарылася б яшчэ на «Дажынках». А так атрымалася засцерагчыся — праз уцечку яны пабаяліся.
Прэзідэнт неабыякавы да Ваўкавыску, ён памятае, як яго тут сустрэлі падчас выбараў — сказалі ў вочы ўсю праўду, не шкадуючы эпітэтаў. Ведаю яго дастаткова добра, пяць гадоў побач праседзеў…
Ці быў Аўтуховіч палітычна актыўны?
— Толькі апошнім часам. З чаго ўсё пачалося? Калі ён сутыкнуўся з гэтай сістэмай як прадпрымальнік, убачыў, што тут працуе не прававая база, а іншыя прынцыпы, для яго гэта сталася шокам. У выніку ён пачаў займацца палітыкай — у прыватнасці, балатавацца ў дэпутаты ПП НС.
Белыя «мерсы» з лічыльнікамі
Служба таксі, заснаваная Аўтуховічам, была самай папулярнай у горадзе?
— Раней была такая сістэма: бярэш таксі, табе кажуць — за столькі паеду, за столькі не паеду. Самыя розныя машыны былі, розныя маркі.
А ў Аўтуховіча былі аднолькавыя белыя «Мерсы», прыгожа аздобленыя, ва ўсіх стаяў лічыльнік. Таксіст выходзіў, адчыняў дзверы, ставіў багаж.
Бралі строга па лічыльніку. Гэта была візітная картка гораду, такога сервісу не было нават ў Мінску.
Спытай любога ваўкавысца! Цэны на таксоўкі ўпалі больш чым у 2 разы, даехаць з цэнтру да мікрараёну каштавала 2 тыс. Цяпер гэта каштуе 4‑5 тысячаў. У Аўтуховіча было 30 машын, а цяпер машын 10 засталося дабітых.
Калі ў нас была дзяржаўнае таксі, дырэктар аўтапарку на кожнай сесіі райсавету патрабаваў датацыі на таксоўкі. Калі не будзе датацыі, будзе ліквідаваны «міжгорад», потым «горад»: гарадскіх таксовак не будзе. І прадаў усе таксоўкі з‑за нерэнтабельнасці.
А Аўтуховіч на роўным месцы, не атрымаўшы ні капейчыны з бюджэту, стварыў цудоўную службу. За што і паплаціўся.
Сёння фірма існуе, але дыхае на ладан.
У сувязі з чым цяперашнюю дырэктарку фірмы Людмілу Парэмскую на мінулым тыдні затрымалі міліцыянеры і супрацоўнікі спецпадраздзялення «Алмаз» з Мінску?
— Не чуў, я ж зараз у Польшчы. Калі н быў, ужо сядзеў бы з Аўтуховічам як арганізатар. Следчы так і сказаў жонцы: муж арганізаваў тэрарыстычную групу, а сам з’ехаў у Польшчу, каб было алібі.
Парэмская — адзіны чалавек, які застаўся пасля Аўтуховіча працягваць ягоную справу, яна з ім калісьці пачынала. Яны проста жадаюць знішчыць яго. За такі тэрмін галадоўкі ён непапраўна падарваў здароўе, гэта незваротныя працэсы. Яны бачылі, што гэта будзе мець летальны вынік: калі Аўтуховіч упрэцца — дык ужо ўпрэцца. Адсюль надуманае абвінавачванне. Натуральна, цяпер будуць вешаць на іх усіх сабак.
Трэба расправіцца з фірмай, каб жонка і дачка засталіся без сродкаў да існавання. Яны ўжо калі дабіваюць, то дабіваюць да канца. Ваўкі нават так не дабіваюць.
Суд на насілках
Мяcцовы друк неяк асвятляе гэтыя падзеі?
— Незалежнага друку ў горадзе ўжо няма. Выканкамаўская газета дала невялікую нататку. Са спасылкай на МУС, пераканаўча так. А калі ўважліва прачытаць гэтую інфармацыю, то становіцца смешна. Цытую даслоўна: «Тры чалавекі арыштаваныя, і многія з іх даюць прызнальныя паказанні». Многія з трох! Тым не менш абвінавачванні не маглі прад’явіць цэлы год.
На чыім баку грамадская думка ў Ваўкавыску, ці вераць гараджане ў вінаватасць Аўтуховіча?
— Не вераць абсалютна. Як не вераць у тое, што яго выпусцяць.
Усе сімпатыі людзей на ягоныя баку. Чым болей з Аўтуховіча здзекуюцца, тым большы ягоны аўтарытэт.
У Беластоку сядаю на машыну ваўкавыскую, найперш пытаю, што ды як. Людзі кажуць: яго ўзяць ні за што і пасадзяць. Аўтуховіча жа строгі быў, калі правініўся — адразу звальняў. Я размаўляў з таксістам, пакрыўджаным чалавекам, якога ён звольніў. І нават ён на баку Аўтуховіча, хаця мусіў бы затаіць крыўду.
Аднак людзі запалоханыя, адмаўляюцца каментаваць падзеі…
— Кожны баіцца: скажу — застануся без працы. Канечне, народ запалоханы. На кухнях гавораць, а ў адкрытую баяцца.
У горадзе хто‑небудзь абвяшчаў галадоўку салідарнасці, былі спробы арганізаваць акцыю пратэсту?
— Не ведаю, не чуў.
У вас ёсць прагноз далейшага развіцця падзеяў?
— Працэс будзе закрытым — не сумняюся. На адкрытым усё іх абвіненне паляціць к чорту. Апраўдальны вырак малаверагодны.
Паступіў загад — узялі пад казырок. Калі ў нас глуханямы выкрыквае антыпрэзідэнцкія лозунгі, на што можна разлічваць?