Што адбылося?

План на сёлетнюю кваліфікацыю быў наступны. Беларусы (14-е месца ў рэйтынгу ІІХФ) перамагаюць палякаў (22-е месца) і аўстрыйцаў (18-е). А потым змагаюцца за адзіную пуцёўку з моцнай Славакіяй (№8 у рэйтынгу).

Але з самага пачатку штосьці пайшло не так. Здавалася, сілы супернікаў былі непараўнальныя:

беларусы сёлета выступалі ў элітным дывізіёне, палякі знаходзяцца ў трэцім. Але нашыя ўпершыню прайгралі заходнім суседзям у афіцыйным матчы — 0:1.

Матч з Аўстрыяй скончыўся з лікам 5:2 на карысць «нашых». «Зборная у Браціславе пакуль выдала ўсяго адзін якасны перыяд. З шасці», — канстатаваў пасля гэтага матча «Прэсбол».

У выніку, каб заваяваць пуцёўку на Зімовыя алімпійскія гульні, трэба было ў асноўны час перамагчы Славакію.

Падапечныя Крэйга Вудкрафта першымі прапусцілі, потым зраўнялі, але вырашальную шайбу прапусцілі ў канцы трэцяга перыяду (1:2). На Алімпіяду едзе Славакія.

Што назіралася з хакеем у апошнія гады?

Гэты вынік можна было б лічыць збегам акалічнасцяў. Але насамрэч нічога дзіўнага няма. Беларускі хакей даўно ў глыбокім крызісе.

Апошні раз мы гулялі на Алімпіядзе 11 гадоў таму — у Ванкуверы, у 2010-м.

Дарэчы, туды беларусы трапілі без кваліфікацыі, бо мелі высокі рэйтынг. Папярэдняя і наступныя спробы перамагчы ў кваліфікацыі (на Гульні ў 2006, 2014 і 2018) скончыліся праваламі.

Апошнія чэмпіянаты свету — суцэльнае расчараванне. Цягам 2010-х гадоў беларусы толькі двойчы траплялі ў чвэрцьфінал (з іх адзін раз — на хатнім першынстве ў Мінску, куды не прыехала частка зорак з НХЛ) і неаднаразова балансавалі на мяжы вылету з вышэйшага дывізіёна.

У 2018-м шанцаванне скончылася.

Праўда, беларусы перамаглі ў другім дывізіёне і хутка вярнуліся ў эліту.

Але сёлета свет назіраў нашую ганьбу: на чарговым чэмпіянаце свету мы занялі перадапошняе месца, выйграўшы толькі адзін матч.

Аднак дапамог каранавірус: з-за яго спаборніцтвы ў слабейшых дывізіёнах не сталі праводзіць, таму з эліты ніхто не вылятаў. А так беларусы зноў бы трапілі ў адну кампанію са слабымі камандамі.

Савецкая спадчына і інфраструктура ад Лукашэнкі

Чаму так адбываецца? Прычын шмат.

Найбольшыя поспехі беларускага хакея — узыходжанне ў эліту з ніжэйшых дывізіёнаў цягам 1990-х, паспяховае выступленне на алімпійскіх гульнях (згадаем легендарнае чацвёртае месца ў 2002-м) — грунтаваліся на савецкай спадчыне.

Нездарма напрыканцы існавання Саюза мінскае «Юнацтва» двойчы прызнавалася найлепшай спецыялізаванай школай у СССР.

У 1990-я хакеем зацікавіўся Аляксандр Лукашэнка — так гэты від спорту атрымаў фантастычнае фінансаванне і добрую інфраструктуру. Па ўсёй Беларусі сталі ўзводзіцца лядовыя арэны. На тым этапе гэтага дало эфект і паспрыяла развіццю гэтага віду спорту.

Але калі параўноўваць сітуацыю з іншымі краінамі, агульнае захапленне знікае. У той жа Польшчы ў два разы больш мужчын-хакеістаў, чым у Беларусі — 1050, і амаль у 10 разоў — жанчын (320).

У нашых суседзяў агульная колькасць спартсменаў у гэтым відзе спорту меншая толькі за кошт дзяцей.

«У Польшчы хакеем займаецца 20 чалавек»: Лукашэнка пракаментаваў паразу ад палякаў і выступ беларусаў на Алімпіядзе

Шалёныя грошы і ігнараванне дзіцячага хакея

Чаму ж беларускія дзеці не даходзяць да прафесійнага спорту?

Пытанне ў інфраструктуры? У Польшчы 25 крытых каткоў і 10 адкрытых (у Беларусі, адпаведна, 41 і 2). Хоць нашыя заходнія суседзі не маюць велізарнай дзяржаўнай падтрымкі.

Мо не хапае грошай? Але зарплата варатара мінскага «Дынама» Дамініка Фурха — 41,6 тысяч даляраў у месяц, у галоўнага трэнера Крэйга Вудкрафта, які адначасова з’яўляецца галоўным трэнерам зборнай, 27,5 тысяч даляраў, у нападніка Брэндана Козуна, які ўжо сышоў з клуба, а таксама ў яго партнёраў па звяне — каля 30,8 тысяч.

Праўда, гэтыя грошы не зарабляюцца, сярод спонсараў каманды «Беларуськалій» і «А-100». 

Праблема ў іншым. Да дзіцячых школ такія грошы не даходзяць.

Напрыклад, у 2017-м трэнер Дзмітрый Баскаў заявіў, што «маленькую зарплату ў 400 рублёў ніводны нармальны спецыяліст не паедзе працаваць у рэгіёны». На яго думку, трэнер мусіў зарабляць адну тысячу. Сёлета Баскаў, ужо старшыня Федэрацыі хакея, прызнаўся, што спецыялісты зарабляюць 600 рублёў.

Патэнцыйныя дзіцячыя трэнеры не ідуць у прафесію, колькасць гульцоў, якія могуць гуляць на вышэйшым узроўні, змяншаецца. У выніку для гульні за зборную беларусы вымушаныя даваць пашпарты амерыканцам ды канадцам.

Яшчэ адзін дысбаланс назіраецца паміж клубамі. Згаданае мінскае «Дынама» гуляе ў КХЛ. Астатнія каманды выступаюць у чэмпіянаце Беларусі — не надта папулярным і прэстыжным. Зарплата ў хакейнай Экстралізе не можа перавышаць 6 тысяч рублёў (або 2,3 тысячы даляраў). Гэта велізарная сума для шараговых беларусаў, але мізэрная для КХЛ. Нездарма сёлета ў зборнай не было ніводнага прадстаўніка беларускага чэмпіянату.

Сёлета на выступленне нашых суайчыннікаў дадаткова паўплываў эмацыйны фон. Дакладней,

стаўленне заўзятараў. Шэраг з іх упершыню за апошнія гады жадалі камандзе паражэння.

Бо хакеісты, у адрозненне ад прадстаўнікоў іншых відаў спорту, амаль ніяк прарэагавалі на гвалт.

Ды і агулам сітуацыя ў хакеі сведчыць пра агульны крызіс у краіне, які назіраецца і ў культуры, і ў спорце, і ў іншых сферах.

Як ні дзіўна, беларусы — нават нягледзячы на ўсе згаданыя акалічнасці — маглі б выйграць кваліфікацыю і трапіць на Алімпіяду. У нас не самая горшая зборная, чатыры гульцы з якой маюць кантракты ў НХЛ. Але праблемы б ад гэтага не зніклі і абавязкова б праявілася наступным разам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0