Беларуская сітуацыя на практыцы дэманструе нежыццяздольнасць экстэнсіўнага шляху развіцця (з засейваннем вялікіх плошчаў пры нізкай ураджайнасці) на фоне абранай заходнімі суседзямі інтэнсіфікацыі.

Так, Літва нядаўна ўвогуле адмовілася ад часткі былых палёў, прызнаўшы бесперспектыўнасць вырошчвання на іх культур, цяпер там вырошчваюць лес.

Беларускія гаспадарнікі з гэтага кпілі і крытыкавалі курс на ўмацаванне прыватнага фермерства ў Літве і Польшчы — як забяспечваць харчовую бяспеку без дзяржплана? 

«Наша Ніва» паспрабавала разабрацца, чаму Беларусь стала апошняй у рэгіёне. Мы сабралі меркаванні многіх людзей. Сярод іх кіраўнік калгаса ў Магілёўскай вобласці, функцыянер структуры Міністэрства сельскай гаспадаркі, закупшчыкі кармоў, фермеры. 

Сёлета сышлося адразу некалькі істотных праблем. Праз фінансавы крызіс банкі не здолелі выдзеліць дастаткова сродкаў для правядзення пасяўной кампаніі, і слабыя гаспадаркі з малым аб'ёмам абароткі правялі яе кепска — не ўнеслі як мае быць угнаенняў, не пасадзілі досыць насення. 

Інвестыцыі калгасаў самыя вялікія, а прыбыткі самыя нізкія

Найперш, сельская гаспадарка — гэта шматпавярховы працэс, які пачынаецца з унясення ў зямлю ўгнаенняў, пасяўной, хімічнага праполвання, збору ўраджаю, перапрацоўкі яго на фураж для корму жывёлам, якія таксама пойдуць на гэтак званыя «прадукты з дадатковай вартасцю» — мясныя і малочныя вырабы, якія пастаўляюцца за мяжу і прыносяць валюту.

«Прамежкавыя» вынікі сельскай гаспадаркі, такія як збожжа, мы ў чыстым выглядзе за мяжу не прадаём — больш за тое, зараз дзейнічае забарона на вываз. 

У гэтай схеме асноўны прыбытак у выглядзе валюты атрымлівае канцавы ланцужок схемы — перапрацоўшчыкі жывёльных прадуктаў, як правіла, гэта дзяржаўныя прадпрыемствы. Іх інвестыцыі ў агульны працэс самыя маленькія. А вось інвестыцыі непасрэдных выканаўцаў амаль усяго працэсу — калгасаў (цяпер іх называюць СПК), — самыя вялікія, адначасова пры самых нізкіх прыбытках. 

Беларуская сельская гаспадарка як бы існуе ў вельмі спрошчаным выглядзе, а дзяржава нічога апроч валютнай выручкі ад яе не мае, але і гэтая выручка ў сухой рэшце дасягаецца коштам велізарных страт у калгасах, якія кожны сезон усё глыбей залазяць у крэдытную кабалу, спадзеючыся на чарговае спісанне даўгоў.

Гэтая мадэль значна адрозніваецца ад Літвы, што прыбрала са сваёй тэрыторыі «калгасы» і аддала зямлю фермерам, якія цяпер паказваюць ураджайнасць у 56 ц/га, плацяць падаткі не з аднаго, а з усіх прыбытковых этапаў вядзення гаспадаркі, і ствараюць працоўныя месцы, не кажучы пра экспарт. 

Такім чынам, першым пунктам беларускай бяды суразмоўцы называюць сам прынцып функцыянавання сельскай гаспадаркі — пры планавай эканоміцы гаспадаркі вечныя банкроты і залежаць ад аб'ёмаў крэдытных уліванняў. 

«У Беларусі неаднаразова ратавалі гаспадаркі ільготнымі крэдытамі з адтэрміноўкай, якія ўсё роўна не пагашаліся, банк пры гэтым мусіць ствараць рэзерв на ўсю рызыковую суму. У выніку прыдумалі схему — аблвыканкамы выпусцілі аблігацыі, і «пагасілі» абавязкі перад банкамі з новым тэрмінам вяртання сродкаў. Тэрміны вяртання — да 2027 года, але наколькі мне вядома, некаторыя вобласці праз вялікі ўнутраны доўг не плацяць па гэтых крэдытах. Гэта проста ілюстрацыя закрэдытаванасці, калі праблемы гаспадарак становяцца праблемамі ўсёй вобласці, што пагашаць іх даўгі павінны падаткаплацельшчыкі.

У рамках гэтай жа праграмы, але і не толькі, моцныя гаспадаркі абвешвалі слабымі, пакуль былі грошы — трошачку «лягчэй» гэтаму баласту станавілася, калі грошы перасталі даваць — усім разам стала кепска», — кажа адзін з апытаных спецыялістаў. 

Закрэдытаваныя гаспадаркі не могуць купіць якасныя насенне, угнаенне і тэхніку

Прычынамі правалу называюць тое, што выцякае з хранічнага недахопу грошай і незацікаўленасці выканаўцаў у працэсе. 

«Закрэдытаваныя гаспадаркі не ў стане закупіць ні якаснае насенне, ні сродкі абароны раслін, ні ўгнаенні, ні тэхніку. Вядома, што для таго, каб пасеяць у зоне рызыкоўнага земляробства, трэба ўнесці арганіку. Але за што купіць азот, фосфар і калій? Рэальнасць такая, што ўгнаенняў уносіцца ўсё менш — раней па разнарадцы раздавала дзяржава, цяпер трэба плаціць сваімі сродкамі, таму сеюць ужо абы сеяць. Гэта вядзе не толькі да невялікіх ураджаяў, але і да таго, што яны кожны год будуць усё меншымі — плённасць глебы кожны сезон зніжаецца, паколькі мы не кампенсуем угнаеннямі вынас харчовых элементаў з глебы», — тлумачыць дырэктар гаспадаркі. 

«Займаюся аптовым гандлем с/г прадукцыі, у асноўным зернем. Мы працуем толькі з фермерскімі гаспадаркамі, і ўвесь гэты год нашы партнёры, нават маючы пэўную фінансавую трываласць, часта скардзіліся на падаражанне ўгнаенняў, асабліва вытворчасці «Гродна Азот».

У прыватных гутарках мы прадбачылі, што калі цяжкасці ўзнікаюць у прыватнікаў, то што тады ў дзяржаўных калгасах?

У сельскую гаспадарку ўсе гэтыя гады ўлівалася вялікая колькасць фінансаў, але сёлета прыярытэты, выглядае, змяніліся, або проста не было чаго ўліваць.

Па маіх назіраннях, у пасяўную ўвайшлі кепска: тэхніка не рамантаваная, гаруча-змазачных матэрыялаў вобмаль, пытанне да якасці насення і колькасці ўгнаенняў, не ясна ў якім аб’ёме ўносіліся сродкі абароны раслін. 

У прыватных гаспадарках, у якіх мы закупаем прадукцыю, такой катастрофы няма, за выняткам выпадкаў, звязаных з відавочнымі прыроднымі катаклізмамі.

У Гомельскай вобласці, напрыклад, у адной з дзяржаўных гаспадарак сярэдняя ўраджайнасць азімага жыта была 4 цэнтнера з гектара, ні ў аднаго прыватніка няма такіх лічбаў», — тлумачыць «Нашай Ніве» закупшчык.

У абгрунтаванне нізкага збору ўраджаю чыноўнікі кажуць, што вінаваты санцапёк. Ці сапраўды гэта так? 

«Надвор’е сапраўды месцамі было вельмі сухое. У нас некалькі гаспадарак, там дзе прайшлі два дажджы — ураджайнасць на 15% вышэйшая чым там, дзе дажджоў не было, але ўсё роўна ў нас сабрана паболей, чым у суседніх гаспадарках дзяржаўнай формы.

Я раблю выснову, што яны не кіраваліся тэхналогіяй, якая ўключае шмат этапаў, у тым ліку ўнясенні ўгнаенняў і сродкаў абароны раслін, не ведаю якое зерне яны сеялі», — кажа прыватны фермер. 

«Працую на трактары ў Віцебскай вобласці. Мы заўсёды былі адстаючымі праз глебу з пяском, камянямі і гэтак далей. Сёлета было кепска з угнаеннямі, бо не было грошай на пасяўную.

У адной з вёсак, дзе я працую, летась уносілі 13 тон «гуана» (азотна-фосфарнае ўгнаенне) у зямлю, сёлета ўнеслі адразу 4 тоны, потым у чэрвені яшчэ 2 тоны.

З прыборкай ураджаю троху затрымаліся па прычыне тэхнікі, але ўсё ж такі паспелі. За тры месяцы лета набягае заробак 4800 рублёў, у маёй сферы лета корміць год, а гэта мала — раней толькі за сваю работу атрымліваў 6000, калі з падпрацоўкамі і рамонтам, то можна было дацягнуць да 10 тысяч», — кажа трактарыст адной з гаспадарак.

Кіраўнік дзяржаўнай гаспадаркі ківае на тое, што часам няма як уносіць насенне і ўгнаенні так, як таго патрабуе тэхналогія. 

«Існуе праблема татальнай зношанасці машынна-трактарнага парку, праз што немагчыма правільна ўнесці ўгнаенні, пасеяць, правесці хімічную апрацоўку і сабраць ураджай. У большасці гаспадарак тэхніка даведзена да стану жалю з-за нізкай якасці кадраў, якія ставяцца да яе абы-як, а таксама праз адсутнасць сродкаў на яе правільную эксплуатацыю.

Прыклад: пасля прыборкі зерня новы камбайн трэба пачысціць ад лішкаў і бруду, робіцца гэта па тэхналогіі з дапамогай сціснутага паветра — усё смецце выдзьмуваецца кампрэсарам. Але такой тэхнікі ў калгасаў няма, на яе няма грошай, таму мыюць вадой з дапамогай мыек высокага ціску.

Як вынік — многія запчасткі іржавеюць і выходзяць з ладу, што адназначна не можа трактавацца як гарантыйны выпадак, камбайн здымаецца з гарантыі і пры іншых паломках гаспадарцы трэба або плаціць яшчэ большыя грошы сэрвісу за рамонт, або рамантаваць сваімі сіламі, абсталяваннем і кадрамі. Вынік зразумелы.

Вядомыя выпадкі, калі гаспадаркі проста не сеялі зернавыя ў запланаваных аб’ёмах, але справаздачыліся, што сеялі. Чаму? Бо няма грошай, тэхнікі, сямян, угнаенняў — можна падкрэсліць патрэбнае. Або гаспадарка справаздачыцца аб намалочаных тонах зерня, але заніжае колькасць прыбраных плошчаў. Адпаведна, ураджайнасць у цэнтнерах з гектара «расце», — тлумачыць суразмоўца.

Вельмі часта, па словах суразмоўцы, калі ў гаспадаркі ёсць уласныя грошы і жаданне абнавіць тэхніку, яна закупляецца па вельмі дзіўных алгарытмах, з падказак начальства і па завышаных цэнах. 

Цікава, што на тую ж самую непразрыстасць закупак у 2019 годзе ў размове з «Нашай Нівай» звяртаў увагу былы кіраўнік Глыбоцкага раёна Алег Морхат

«Закупілі з абаротных сродкаў МКК 7 камбайнаў New Holland даражэзных, расійскай тэхнікі з Кірава яшчэ 22 адзінкі на мільёны, «Ягуары»-змяльчальнікі купілі. Але як можна купляць такую тэхніку дарагую, з такой дарагой амартызацыяй, калі ў нашым рэгіёне самая малая ўраджайнасць?! Дзевяць метраў жатка! New Holland — ён мінімум на 40 цэнтнерах з гектара працуе, а не на нашых 25! Можна на словах сказаць, што ў нас тут заўтра 70 цэнтнераў вырасце, але яны не вырастуць. Тэхніка дарагая, узятая ў лізінг у перакупаў, якія пагражаюць: не будзеце плаціць — адбяром. Мой сябра на ім ходзіць і за дзень намалочвае 6 бункерных тон — гэта што такое? Мы кідаем гэтую далікатную сеялку на гліністыя землі: рамы гнуцца, сашнікі рвуцца, жалеза крышыцца. У тысячах даляраў вымяраецца цана рамонту адной дэталі! Ну і тое, што New Holland працуе на рапсе 5—8 цэнтнераў — гэта ўжо злачынства! Асобная тэма расійскія «кіраўцы»: ламаюцца, азімыя кепска сеюць, сыраватыя, словам. І я яшчэ не лезу ў такія пытанні, напрыклад, а чаму куплялі ў прыватных структур на мільёны?», — казаў ён тады.

Недабор камбайнераў па краіне — паўтары тысячы

Яшчэ адна праблема — калгасам даводзяць планы па пасевах без уліку глебна-кліматычных асаблівасцяў і магчымасцяў канкрэтнай гаспадаркі, адзначае крыніца са структуры Міністэрства сельскай гаспадаркі. Лічбы зацвярджаюць і спускаюць «зверху». У выніку заведама невыканальныя паказчыкі прымушаюць старшыняў гаспадарак круціцца. 

Агульная дэпрэсія ў сферы нараджае і праблему з кадрамі. Працаваць у сельскай гаспадарцы, кажуць суразмоўцы, штогод хоча ўсё менш людзей. Толькі недабор камбайнераў па краіне — паўтары тысячы. 

«Чалавечы фактар і нізкая якасць кадраў таксама важны аспект. Што датычыць нізкакваліфікаваных работнікаў, то іх асноўная праблема — п’янства, абы-якое стаўленне да абавязкаў. Прыцягнуць лепшыя кадры ў вёску немагчыма, бо няма грошай. Агранамічная служба ў большасці гаспадарак прадстаўлена спецыялістамі глыбока пенсійнага веку з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй, якія разбаўляюцца маладымі спецыялістамі без досведу і жадання звязваць са сферай сваё жыццё, а з жаданнем толькі адбыць размеркаванне. З кіруючымі кадрамі таксама бяда — старшынёй калгаса можа стаць асуджаны за карупцыю, якому суд забараніў займаць кіруючыя пасады на пяць гадоў», — кажа чыноўнік. 

Па меркаванні апытаных спецыялістаў, сёлетняя няўдача — не вынік прыроднай няласкі, а следства сістэмнай дэградацыі сельскай гаспадаркі. Мільярды, якія дзяржава штогод улівае ў стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы, можна даць фермерам у выглядзе субсідый і ільготных крэдытаў на развіццё. Але гэта прынцыпова іншы падыход да развіцця сельскай гаспадаркі, які на дзяржаўным узроўні пакуль не падтрымліваюць.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?