Сяргей Дарошка на развітанні з калектывам Акадэміі МУС

Сяргей Дарошка на развітанні з калектывам Акадэміі МУС

Летам Дарошку знялі з пасады начальніка Акадэміі. Паводле логікі, генерал-маёра маглі перавесці на іншую генеральскую пасаду. Але цяпер ён дапрацоўвае да пенсіі, да якой у такім званні яму яшчэ пяць гадоў, усяго толькі выкладчыкам — будзе вучыць курсантаў тактыцы ўнутраных войскаў. 

Такі паварот лёсу абазнаныя звязваюць з няпростымі адносінамі з былым падначаленым. У 2020 годзе і сярод выкладчыкаў, і сярод студэнтаў былі незадаволеныя дзеяннямі сілавікоў па падаўленні пратэстаў з выкарыстаннем катаванняў.

Сяргею Дарошку сёлета споўніцца 50 гадоў, ён выпускнік факультэта ўнутраных войскаў МУС. Пачынаў камандзірам у канвойнай брыгадзе вайсковай часткі ў Баранавічах, кіраваў корпусам аховы грамадскага парадку ўнутраных войскаў.

Пяць гадоў (з 2012 па 2017) ён кіраваў Дэпартаментам выканання пакаранняў, быў галоўным над усімі турмамі, калоніямі, «хіміямі» і ЛТП. У 2013-м годзе атрымаў медаль найвышэйшай ступені «За бездакорную службу». Гэтаму не перашкодзіла скандальная гісторыя са смерцю асуджанага Ігара Пцічкіна ў СІЗА на Валадарскага, судзілі па справе турэмнага фельдчара.

На час кіраваннем Дэпартаментам прыпаў усплеск асуджаных за распаўсюд наркотыкаў, пераважна маладых людзей. Іх бацькі гадамі абівалі парогі МУС, каб дабіцца паляпшэння ўмоваў. Лукашэнка тады загадваў стварыць для асуджаных за наркотыкі невыносныя ўмовы, каб яны прасілі смерці. У калоніях былі створаныя адмысловыя атрады для «наркаманаў», на іх сталі вешаць адметныя каляровыя біркі, на парушэнне правоў звярталі ўвагу і беларускія, і міжнародныя правабааронцы. Цяпер шмат у чым такое стаўленне перакінулася на асуджаных за палітычную пазіцыю.

Наступнай прыступкай па кар'ернай лесвіцы для Дарошкі стала мінская міліцыя, якую ён узначальваў з 2017 па 2019 год. Лукашэнка, прызначаючы яго начальнікам, заявіў:

«Добрая практыка, калі выходзяць нашы хлопцы з вайсковай часці, амапаўцы, ідуць, дзяжураць тры хлопцы — красаўцы. Гэта дэманстрацыя насельніцтву, што ў нас парадак. І вайскоўцам трэба гэтаму вучыцца, калі яны патрулююць горад. Яны будуць разумець, што патрэбныя людзям, а людзі, гледзячы на іх, будуць разумець, што ў горадзе спакойна».

На кіраванне Дарошкі выпалі «Маршы нетунеядцаў», брутальныя затрыманні і збіццё людзей на Дзень волі. 

Праз 16 месяцаў Сяргей Дарошка змяніў крэсла — стаў кіраваць Акадэміяй міліцыі. У 2020 годзе, пасля брутальных разгонаў і збіцця дэманстрантаў, некаторыя выкладчыкі сышлі з Акадэміі, крытыкавалі сілавікоў, пытанні задавалі і курсанты: іх заўсёды прыцягвалі да аховы грамадскага парадку на масавых акцыях пратэсту. 

Сёлета ў Акадэмію МУС чакаўся недабор на дзвюх спецыяльнасцях на факультэце міліцыі — «адміністратыўна-прававая дзейнасць» і той жа кірунак у інтарэсах Мінабароны. Паступіць на бюджэт на юрыста мог нават троешнік, які набраў 135 балаў (сума балаў за тры ЦТ і сярэдні бал атэстата).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?