Херон Прэстан (у цэнтры) і яго капсульная калекцыя адзення для Mercedes. Фота media.daimler.com

У гэтым годзе спаўняецца паўстагоддзя з моманту атрымання патэнта на падушку бяспекі і 40 гадоў з тых часоў, як Mercedes-Benz прапанаваў першую надзіманую падушку бяспекі ў якасці опцыі на седане S-класа серыі W126.

Сістэмы пасіўнай і актыўнай бяспекі вельмі важныя для кампаніі, таму было вырашана адзначыць юбілей вельмі незвычайным спосабам — стварэннем лініі адзення, выкананай з перапрацаваных падушак бяспекі. І так, адзенне… надзімаецца!

Для стварэння лініі адзення Mercedes запрасіў знакамітага амерыканскага мадэльера Херона Прэстана, які вядомы як прапагандыст экалагічнасці, наватарства і ўстойлівага развіцця. Прэстан прыдумаў канцэптуальную калекцыю Airbag — тры вобразы мужчынскага і жаночага адзення, створаныя з выкарыстаннем перапрацаваных падушак бяспекі.

Для яшчэ большага падабенства з падушкамі бяспекі і адлюстравання прынцыпу іх дзеяння Прэстан схаваў унутры прыстасаванні, якія дазваляюць надзімаць вопратку.

Mercedes абраў Прэстана не толькі за яго авангардны дызайн, але і за яго імкненне з 2016 года выкарыстоўваць у сваім бізнэсе менш разбуральныя для навакольнага асяроддзя метады і матэрыялы.