Даследаванне, у якім узялі ўдзел каля 14 тысяч чалавек, паказала, што дзве дозы расійскай вакцыны зніжаюць рызыку шпіталізацыі пасля заражэння штамам «дэльта» на 81% і дапамагаюць пазбегнуць сур’ёзных пашкоджанняў лёгкіх, піша навуковы часопіс Science.
Новыя хвалі заражэння каранавірусам і павелічэнне колькасці выпадкаў у вакцынаваных людзей выклікаюць занепакоенасць, што вакцыны не абараняюць ад штама «дэльта» так, як абараняюць ад папярэдніх штамаў.
Група навукоўцаў, якую ўзначальвае Антон Барчук з Еўрапейскага ўніверсітэта ў Санкт-Пецярбургу прааналізавалі звесткі пра захварэлых на кавід.
У аналіз былі ўключаныя 13894 пацыенты, 1291 з якіх былі цалкам вакцынаваныя. З усіх удзельнікаў шпіталізаваныя былі 495 чалавек.
Даследаванне паказала, што расійская вакцына абараняе ад шпіталізацыі на 81% пасля заражэння штамам «дэльта» ў выпадку поўнай вакцынацыі. Вызначыць эфект адной дозы не ўдалося, бо ў даследаванне было ўключана замала людзей для гэтага.
«Нашы звесткі пацвярджаюць, што сярод пераваг вакцынацыі — паслабленне цяжкасці захворвання», — сцвярджае Барчук.
Даследчыкі таксама выявілі, што Sputnik V на 76% ахоўвае ад сур’ёзных пашкоджанняў лёгкіх, якія выяўляе камп’ютарная тамаграфія.
Джон Мур, імунолаг з Weill Cornell Medicine, адзначае, што вынікі даследавання падаюцца дакладнымі і адпавядаюць чаканням.
Навуковец дадае, што расійская вакцына мае меншую ахову ад шпіталізацыі, чым еўрапейскія вакцыны, але яе вынік усё роўна лічыцца вельмі добрым.
Даследаванне ў Санкт-Пецярбургу было праведзена незалежна ад расійскага ўрада і цэнтра Гамалеі, які распрацоўваў вакцыну.