Дзяўчыну тройчы за тры месяцы адпраўлялі ў ШІЗА, таксама яе пазбавілі доўгатэрміновага спаткання з маці, а кароткачасовага не дазваляюць цягам ужо чатырох месяцаў.
У гомельскай калоніі Соня працуе і вучыцца на курсах цырульніка. Яе таксама паставілі на прафілактычны ўлік.
Сафія Малашэвіч першы раз была затрымана 6 верасня на акцыі пратэсту «Марш адзінства», падчас якой яна балончыкам з фарбай малявала на паверхні шчытоў спецыяльных сродкаў загароды. Яна стала падазраванай па крымінальнай справе па арт. 342 КК (удзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асобаў).
Тады яе адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, але зноў затрымалі 30 лістапада і змясцілі пад варту.
Таксама стала вядома, што Сафію вінавацяць у абразе прэзідэнта (арт. 368 КК РБ).
Падчас суда абвінавачанне таксама перакваліфікавала ч.2 арт. 339, згодна з якой абвінавачвалі Сафію Малашэвіч, на ч.1 арт. 339. Шляхам складання пакаранняў па трох артыкулах (ч.1 арт.368, ч.1 арт. 342, ч.1 арт. 339) яе пакаралі двума гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.