— Віталь, я пачытаў вашы кнігі, паслухаў вашы відэаролікі — яны створаны захопленым і надзвычай дасведчаным чалавекам. Адкуль у вас гэтае захапленне беларускай ваеннай гісторыяй? Думаю, што такой дысцыпліны ў Бакінскім вышэйшым агульнавайсковым камандным вучылішчы вам не выкладалі.

Вядома ж, не выкладалі. І ў школе (звычайнай мінскай, рускамоўнай) я гісторыяй не асабліва захапляўся. Потым — два гады тэрміновай службы, чатыры — у вучылішчы. Гісторыя як бы ішла міма мяне. І вось пасля распаду СССР я лейтэнантам вяртаюся ў 1992 годзе ў Беларусь і служу ў Мар’інай Горцы. Неяк іду побач з мясцовым кірмашыкам, а там нейкі дзядок кнігі прадае. Я купіў аповесць «Пагоня на Грунвальд» Кастуся Тарасава — з бел-чырвона-белым сцяжком на вокладцы. І яна мяне настолькі захапіла! Помню, чытаю пералік беларускіх харугваў, што выпраўляліся на Грунвальд, і думаю: дык і нашы продкі не аборай хлеб кроілі, у такіх бітвах удзельнічалі! Вось тады і прарасло ўва мне зярнятка цікавасці да ваеннай гісторыі.

— Але як афіцэр-пехацінец мог рэалізаваць на практыцы гэтую сваю цікавасць?

Так, маёй задачай было — навучыць байцоў страляць, хадзіць страявым крокам, вадзіць баявую машыну пяхоты. Мае пасады — камандзір мотастралковага ўзвода, роты, начальнік штаба танкавага батальёна, мотастралковага батальёна, камандзір стралковага батальёна, намеснік начальніка штаба разведвальнага батальёна — не былі звязаны з ідэалогіяй, якой займаліся нампаліты. Але я адчуваў, што ў беларускім войску не хапае ведання сваёй гісторыі.

Мне і мае нампаліты гаварылі: «Няма адпаведнай літаратуры, чым гістарычным мы можам зацікавіць салдат?» Але і тады, і цяпер я перакананы: толькі веданне ваеннай гісторыі выхоўвае салдата-патрыёта. І я стаў прыходзіць у нядзелю — у свой выхадны дзень — у сваё падраздзяленне і чытаць лекцыі. Першая лекцыя, як сёння помню, была ў разведбаце — пра лісоўчыкаў (гэта свайго роду першы беларускі спецназ, які існаваў яшчэ ў XVII стагоддзі).

Годная кампанія — падпалкоўнік з гетманамі і маршаламі.

Годная кампанія — падпалкоўнік з гетманамі і маршаламі.

— Зміцер Вайцюшкевіч нават песню лісоўчыкам прысвяціў: «Мы Масковію дзідай мералі, / шабляй мералі сіні Дунай, / даляцелі б і да Амерыкі, / толькі надта ж далёкі край»

Так, кавалерысты палкоўніка Аляксандра Лісоўскага (беларускі шляхціц з Віленшчыны) шмат куды даляталі — удзельнічалі ў бітвах і з Масковіяй, і з туркамі-асманамі.

— Помню вашы артыкулы ў часопісе «Армія» — афіцыйным выданні Міністэрства абароны. Пра Вітаўта, Канстанціна Астрожскага, Яна Караля Хадкевіча — у кожным нумары! Гэта 2010—2011 гады. Тады гэта было запатрабавана?

Яшчэ як! У 2010-м, завочна скончыўшы гістфак Педуніверсітэта імя Маскіма Танка, я ўзначальваў (з 2007 года) у Міністэрстве абароны групу па арганізацыі ваенна-гістарычнай працы і геральдычнага забеспячэння Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Мы бралі ўдзел у шматлікіх ваенна-гістарычных канферэнцыях, рыхтавалі даклады для вышэйшых чыноў — міністра абароны, начальніка Генеральнага штаба. Я актыўна папулярызаваў ваенную гісторыю праз часопіс «Армія», які разыходзіўся па ўсім войску. Мы таксама беларусізавалі ваенна-геральдычную сістэму. Загадам міністра абароны было зацверджана, што ўсе геральдычныя знакі — шэўроны, нашыўкі і г.д. — павінны быць выключна на беларускай мове. Як, дарэчы, робіцца і ў дзяржаўнай сістэме ўзнагарод. Вы дзяржаўную ўзнагароду з надпісам на рускай мове не знойдзеце. Там усё па-беларуску. І гэта правільна.

— Не адступіліся вы ад сваіх перакананняў і ў Ваеннай акадэміі, выкладаючы на кафедры тактыкі. Як вы там папулярызавалі беларускую мову?

Ну, напрыклад, казаў курсантам: тым, хто будзе адказваць па-беларуску, завышу адзнаку на бал. І курсанты ставіліся да гэтага пазітыўна. Неяк выкладаў у дэсантнікаў, вельмі добрыя хлопцы былі. Адзін падымае руку і пытаецца, ці ёсць сучасныя вайсковыя статуты па-беларуску. Я прынёс — ён з такім захапленнем іх чытаў, як «Тры мушкецёры»! А неяк падышоў да мяне начальнік факультэта і прапанаваў абнавіць яшчэ савецкія стэнды ў фае.

Я падрыхтаваў цэлую гістарычную экспазіцыю, як у музеі, — пачынаючы ад Полацкага княства і Вялікага Княства Літоўскага да сучаснасці. Начальніку акадэміі спадабалася, ён выдзеліў сродкі. І я некалькі месяцаў сядзеў дзень-ноч, дзень-ноч, рыхтаваў ілюстрацыйны матэрыял, пісаў тэксты. Падборка персаналій там пачынаецца ад князя Брачыслава, ад Усяслава Чарадзея і заканчваецца сучасным Героем Беларусі лётчыкам Карватам. Там цяпер кожны дзень праходзяць экскурсіі працягласцю каля гадзіны. Ёсць пра што расказаць. Беларуская ваенная гісторыя — гэта цэлы акіян нязведаны!

— А ваша экспазіцыя (з выгляду сапраўды цэлы музей) у акадэміі нейкую цэнзуру праходзіла?

Вядома ж. І не ўсё тая цэнзура прапусціла. Скажам, Аршанская бітва была выкраслена чорным маркерам. Я папрасіў: ну хоць карцінку пакіньце. І знакамітая карціна «Бітва пад Оршай» засталася, курсанты яе бачаць. А яшчэ мне сказалі: у вас зашмат паўстанняў супраць Расійскай імперыі, прыбярыце. Нешта я прыбраў, але паўстанне 1863 года пакінуў. І яно таксама засталося.

— Курсанты вас паважалі, міні-музей вы ў акадэміі стварылі. За што ж вас звольнілі ў кастрычніку 2020 года?

У мяне атрымалася прэвентыўнае звальненне. На мяне даўно вока паклалі. А тут — выбары. Мяне «зафіксавалі» на пікеце Ціханоўскай, потым нехта напісаў данос, што я з балкона «Жыве Беларусь!» крычаў. Начальства выклікала: вы нам не падыходзіце, пішыце заяву… Я напісаў. Відаць, сёння ў акадэміі нехта рукі пацірае: глядзіце, якую мы «контру» выкарчавалі… Але я не шкадую. Толькі вельмі сумую па сваіх курсантах.

«Даскакаліся. У вас на вокнах аркушы белай паперы!» Звольнены выкладчык Вайсковай акадэміі

Сям’я аднадумцаў: з жонкай Наталляй і сынамі Янам і Антосем.

Сям’я аднадумцаў: з жонкай Наталляй і сынамі Янам і Антосем.

— У акадэмічнай аўдыторыі вас чалавек 100 слухала, а на YouTube ў вас 12.000 падпісчыкаў. Вось як кола слухачоў пашырылася!

Я ведаю дакладна, што мяне глядзяць нават генералы, хоць падабайкі і асцерагаюцца ставіць. Іду ў краму ў сваім ваенным гарадку, сустракаю афіцэраў, шторазу мінімум чалавек пяць скажуць, што глядзяць мой канал.

— Дык і сапраўды цікава. У вашых роліках нават элементы мультыфікацыі прысутнічаюць. Скажам, калі князь Альгерд Маскву захапіў, Дзмітрый Данскі плача на карцінцы. Вам нехта прафесійна дапамагае?

Так, сам я не справіўся б. Найбольш мне дапамагае малодшы сын. Ён мяне і падштурхнуў, падказаў, з якога боку ў раку пад назвай YouTube ўвайсці. Гэта як скочыць з парашутам. Галоўнае — не баяцца.

— Вы аўтар дзвюх грунтоўных кніг — «Беларусь у войнах» (2016) і «Беларусь у войнах Расійскай імперыі» (2018). Я іх з цікавасцю прачытаў і хачу запытацца: наколькі правамоцна залічваць да беларускіх палкаводцаў, напрыклад, маршала Якубоўскага ці куміра дэсантнікаў генерала арміі Маргелава? Яны ўсё ж служылі Савецкаму Саюзу, а не Беларусі.

З такім падыходам трэба і ад Каліноўскага адмовіцца, і ад Касцюшкі. Бо і яны не змагаліся за Беларусь у сучасным разуменні. Не трэба гэтага рабіць. Той жа Маргелаў — гэта найвыдатнейшая асоба! У яго асабістай справе, якую я знайшоў у Падольскім архіве, ён уласнаручна вызначыўся: беларус. Ён вучыўся ў Аб’яднанай беларускай вайсковай школе ў 1920-я гады, калі поўным ходам ішла беларусізацыя, яго рыхтавалі на камандзіра нацыянальнай вайсковай часці. Ён служыў у 33-й Беларускай стралковай дывізіі пад Магілёвам. У 1934 годзе ўдзельнічаў у легендарным паходзе лыжным з Мінска у Маскву — даставіў асабіста наркаму Варашылаву пакет з вітаннем ад Беларускай вайсковай акругі. Ён прабег на лыжах каля 1000 кіламетраў, дасылаючы данясенні па-беларуску (яны публікаваліся ў тагачаснай перыёдыцы). І прысягу ён прымаў на беларускай мове. А вазьміце таго ж Якубоўскага. У маёй экспазіцыі выстаўлена копія яго анкеты, запоўненая ім па-беларуску. Ён пісаўся тады Янка Ігнатаў, гэта потым з яго зрабілі Івана.

— Лепш ужо бачыць у нашых музеях Маргелава з Якубоўскім, чым якога-небудзь Суворава, на перамогах якога дакладна не выхаваеш патрыёта Беларусі.

Я быў у музеі Суворава ў Кобрыне. Пабачыў карціну, прысвечаную бітве пад вёскай Арэхава і спытаўся ў экскурсавода, ці ведае ён, што Сувораў загадаў гэту вёску спаліць. Яна яму перашкаджала пры вядзенні бою. Не з людзьмі, канешне, як Хатынь. Цяпер у гэтай вёсцы стаіць бюст Суворава… Што нам рабіць з гэтымі Суворавымі, Кутузавымі, Неўскімі і гэтак далей? Я супраць таго, каб помнікі ім нішчыць бульдозерамі. Тут павінна атрымацца спаборніцтва. Мы павінны стварыць на фактуры, якой у нас дастаткова, свой беларускі пантэон: Леў Сапега, Ян Караль Хадкевіч, Касцюшка, Канстанцін Астрожскі, Каліноўскі… Трэба здымаць пра іх фільмы, пісаць пра іх кнігі, помнікі ім ставіць. І людзі павернуцца да свайго, а не да Суворава… І тут яшчэ адзін важны момант. Калі людзі прыходзяць у домік Пятра І у Полацку, то павінны даведацца, хто ўзарваў сабор Святой Сафіі.

— Армія — даволі закрытая прастора. Якія там настроі? Ці шмат там прыхільнікаў «русского мира»?

Яны ёсць, хоць з гадамі іх становіцца менш. Сярод маіх знаёмых афіцэраў такіх было прыкладна два чалавекі са ста. У маёй практыцы здараліся выпадкі, калі на інфармацыйных хвілінках курсанты (пасля падзей у Крыме) з непрыхаваным піетэтам гаварылі пра Пуціна. У адносінах да беларускага прэзідэнта я такога піетэту не адчуў… Але прарасійскія настроі апошнім часам значна апалі. Згадайце, як «русскомирцы» летась хадзілі маршамі па Мінску, чакаючы, што да іх далучацца шматлікія прыхільнікі. І што? Іх хадзіла ўсяго некалькі дзясяткаў. Амаль ніхто ў двухмільённым Мінску не далучыўся. І гэта вельмі паказальны факт.

— Што вы, падпалкоўнік запасу, які палову жыцця аддаў Узброеным сілам, адчувалі ў жніўні 2020-га, калі супраць мірных шэсцяў былі кінуты вайскоўцы з бранятэхнікай?

Мне было прыкра і агідна, што вайскоўцаў выкарыстоўваюць, укладваючы ім у галаву, нібы яны абараняюць дзяржаву. Але, зноў жа, што павінен быў зрабіць капітан ці маёр у сваім падраздзяленні? Паўстанне падняць? Яму загад зверху прыйшоў, ён выканаў. Добра, што не было каманды адкрыць агонь… Многія афіцэры зразумелі, куды іх хочуць уцягнуць, што потым гэтую пляму з армейскага мундзіра не змыеш. Вайскоўцы ў такой сітуацыі — заўсёды закладнікі. Я не магу сказаць, што яны здрадзілі беларускаму народу.

— Вы прымалі прысягу пад бел-чырвона-белым сцягам. А як ставіцеся да ініцыятывы Генеральнай пракуратуры прызнаць яго экстрэмісцкім?

Найперш нагадаю, што першымі, хто прыняў гэты сцяг як беларускі, сталі не навукоўцы, не інтэлігенцыя, а вайскоўцы. З лютага 1917 года, каб абазначыць сябе, яны пачалі на фронце насіць стужкі бел-чырвона-белыя. А што адбылося на Першым Усебеларускім з’ездзе ў тым жа 1917-м? Калі нейкі засланы казачок абразіў на сцэне бел-чырвона-белы сцяг, генерал Аляксееўскі, барадаты франтавік, укленчыў перад сцягам і пацалаваў яго. Калі б гэта прафесар які зрабіў (той жа Карскі) — гэта было б адно. А тут — генерал! Гэта было вельмі важна. Што да ініцыятывы Генпракуратуры, то гэта проста дурасць. Яны хоць разумеюць, што прыдумалі? Гэта ж трэба будзе выразаць з усіх газет фота першага прэзідэнта са сцягам, рэвізаваць усе музеі, бібліятэкі…

Трэба пакінуць нацыянальную сімволіку ў спакоі, яна ўжо засталася ў беларускай гісторыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?