фота Салідарнасці

фота Салідарнасці

У Беларусі прайшоў конкурс «Міс грудзі Беларусі‑2009». Як аптымістычна паведаміў Інтэрфакс «упершыню». Я задалася пытаннем, каму, навошта і ці ўвогуле патрэбныя такія конкурсы, і паспрабавала сабраць думкі беларускіх інтэрнэт‑карыстальнікаў на гэтую тэму.

Меркаванні падзяліліся ўмоўна кажучы на «Грудзі — гэта добра, хай будзе!» і «Які жах, жанчын ізноў як рэч выстаўляюць на паказ!». Негатыўна выказваліся ў асноўным жанчыны. Частка спадарынь, праўда, была абыякавай да пытання, маўляў, гэта прыватная справа тых, хто на тыя конкурсы ходзіць. А вось мужчыны, за рэдкім выключэннем, прынялі тую з’яву пазітыўна.

Я ж усё‑такі не пагаджуся, што справа выключна прыватная, калі ўжо інфармацыйныя агенцыі пра яе апавяшчаюць і выкладваць справаздачы з дзесяткамі фотаздымкаў. Мне, напрыклад, усё роўна, хто што робіць у прыватнай спальні, ці ў якім закрытым клубе для людзей з нейкімі «асаблівасцямі» густу. Хочаш — попамі, хочаш — пупкамі мерайся, прыватная справа, сапраўды.

А вось калі тэма пайшла ў медыях і грае не толькі інфарматыўную, але і выхаваўчую, фарміруючую густы ролю, тут ужо, я лічу, трэба выказвацца.

Адстойваючы права конкурсу «бюстаў» на існаванне, прыхільнікі падкрэслівалі, што дзяўчаты ідуць туды добраахвотна, ніхто іх за косы не цягне. Нібыта магчымасць паказаць сябе без вопраткі падыме ім настрой і самаацэнку. Ну і паездка ў Парыж, само сабой, як фінансавае заахвочванне для пераможцы.

У конкурсе, мяркуючы па фотаздымках, бралі ўдзел некалькі дзесяткаў жанчын. З іх перамагла адна, яшчэ дзве атрымалі суцяшальныя прызы. Калі зрабіць элементарныя падлікі, можна ўбачыць, што калі і паднялася ў некага самаацэнка з‑за перамогі, то большасць якраз аказаліся «у пралёце».

Дый чаму менавіта ацэнка чужымі людзьмі тваіх грудзей павінна уплываць на тое, як ты сама да сябе адносішся? Не прафесіяналізм, не чалавечыя якасці, не талент і інтэлект, ці хаця б густ, а менавіта твая частка цела? Нешта, што не мае ніякіх адносінаў да таго, што завецца асобай.

Можа і сапраўды гэта нармальна дазваляць ацэньваць сябе выключна па выглядзе і пагаджацца, каб цябе асацыявалі выключна з тваімі сцёгнамі ці бюстам? Але чаму ж тады гэтае «нармальна» існуе толькі для кабет? Кожны з апытаных блогераў‑мужчын лічыць такі спосаб паказытаць сваё «эга» для сябе непрымальным. Большасць з тых, хто не мае нічога супраць конкурсаў малочных залозаў, чамусьці скептычна і нават са смехам паставілася да ідэі такіх жа конкурсаў на часткі цела мужчыны, напрыклад, торса ці чэлеса. Але ў чым прынцыповая розніца, хіба ж мужчына і яго цела не бывае прыгожым? Чаму тыя, хто казаў «Грудзі — гэта здорава, хай будзе!» не хочуць чуць «Які зад у гэтага прыгажуна!»?

Толькі ўдумайцеся, ці ж не дзіўна: нешта, што адна частка людзей лічыць ганебным, іншая частка павінна прымаць як магчымасць падняць самаацэнку? І што самае страшнае — прымае!

Ну і галоўнае пытанне пра дзяўчат — ці сапраўды яны пайшлі б на той конкурс, калі б мелі роўныя магчымасці з мужчынамі? Можа яно так у вочы адразу і не кідаецца, але мне падаецца, не варта недаацэньваць ролю такіх маленькіх конкурсаў, бо тое, магчыма, паказальнік вялікай і больш агульнай праблемы. У сітуацыі, калі працадаўцы больш ахвотна бяруць на працу мужчын і пры аднолькавым вопыце і адзнаках у дыпломе добрае месца хутчэй дастаецца кандыдату мужчынскага полу, ясна, што ў жанчыны меншы выбар у сэнсе рэалізацыі сябе. Менш забяспечанасці і ўпэўненасці ў будучыні.

Менавіта таму інтуітыўна беларуская жанчына адчувае, хочаш выжыць — трэба пашыраць магчымасці, разглядаць варыянты, якія адкідваюцца больш упэўненым у будучыні чалавекам. Не кожная гатовая сапраўды прыкласці падвойныя намаганні, каб прабіцца ў свеце мужчын. Шмат хто думае, што лепш — ісці «лёгкім шляхам» і шукаць мужчыну‑падпорку. Не самой рэалізоўвацца, а на яго спадзявацца. Адсюль і жаноцкая канкурэнцыя і спробы як мага большай колькасці мужчын падабацца, пажадана ўвогуле ўсім. Таму і на абцасах ногі калечым і ў непрактычнай, але сэксоўнай вопратцы ходзім, і час на манікюр ды салоны прыгажосці марнуем. А калі за прафесійныя поспехі даюць дыпломы, медалі і прэміі, то і за такую працу «над сабой» жанчына хоча адзнаку, лепш за ўсё паставіць штамп «вышэйшы гатунак». Вось і выходзяць кабеты на падмостак з аголенымі жывоцікам, попамі і грудзямі. Усе з надзеяй той штампік атрымаць і стаць больш прывабным «таварам» на рынку, дзе ідуць баі «за мужыка».

А ці прыемна самім мужчынам потым у ролі такой падпоркі?
Мабыць, усё‑такі не, раз так часта можна пачуць, як мужчыны не любяць тых, хто іх «за грошы любіць» ды як цяжка знайсці добрую, мілую і некарысталюбную сяброўку. Але ж, даражэнькія, некарысталюбныя могуць быць тыя, хто з Вамі на роўных. Толькі роўня будзе любіць шчыра. Падпорку любіць бескарысна не магчыма, на тое яна і падпорка. Яе страшна згубіць і яе трэба прывязваць. Магчыма, мае сэнс падумаць над гэтым пад час прагляду наступнага конкурсу «мокрых цішотак».

Ну а наша прыгожая пераможца пакуе турыстычныя валізкі. І думае, мабыць, нешта накшталт таго, што «пяць хвілін ганьбы, затое Эйфелеву башню пабачу». А мо пра ганьбу і не думае, мо ганарыцца, хаця з бацькам, строгім мусульманінам, наўрад ці яна засталася ў добрых адносінах. Затое Парыж і штамп якасці на тушцы… прабачце, дыплом пераможцы важнага рэспубліканскага конкурсу.

Ізноў жа, паездка у Парыж. Не кожная бедная жанчына пойдзе агаляцца за турпаездку. Але багатая дакладна ніводная. І мужчына, што багаты што бедны, думаю, таксама не пойдзе. Бо разумее, у яго больш магчымасцяў на тую паездку грошы знайсці, не рызыкуючы потым хадзіць з кляймом на сваім жыцці «Містэр пеніс Беларусі 2009».

Жанна Ямайкіна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0