Фота flickr.com.

Фота flickr.com.

Наступны нямецкі канцлер будзе павінен улічваць моцныя бакі Меркель, то-бок яе талент да кіравання дзяржавай і высокую здольнасць спраўляцца з крызісамі. Яму таксама прыйдзецца мець справу з наступствамі яе найбольш значнага мінуса — няздольнасці мець стратэгічнае бачанне будучыні Еўропы.

Імя новага канцлера стане вядома пасля федэральных выбараў, якія пройдуць у Германіі 26 верасня. Сама Меркель падтрымлівае кандыдатуру Арміна Лашэта, 59-гадовага кіраўніка партыі Хрысціянскі дэмакратычны саюз і прэм’ера нямецкай зямлі Паўночны Рэйн — Вестфалія. Разлічваецца, што партыя Лашэта можа атрымаць на выбарах каля 20% галасоў — рызыкоўныя лічбы, але іх можа хапіць для таго, каб Лашэт стаў наступным канцлерам.

Калі так і здарыцца, Лашэт абяцае павысіць выдаткі на абаронныя патрэбы да 2% ВУП, каб выканаць абавязкі Германіі перад НАТА. Што датычыцца ўнутранай бяспекі, лідар хрысціянскіх дэмакратаў жадае выслаць з краіны патэнцыйных тэрарыстаў і ўзмацніць барацьбу з арганізаванай злачыннасцю.

Пра адносіны з Расіяй Лашэт таксама выказваўся. Ён цярпіма ставіцца да палітыкі Крамля і ў свой час нават выражаў сімпатыі расійскаму ўраду. Тым не менш, лідар хрысціянскіх дэмакратаў патрабаваў ад Масквы тлумачэння ў сувязі з атручваннем Аляксея Навальнага і нават пагражаў Крамлю санкцыямі, калі Расія пачне выкарыстоўваць газаправод «Паўночны паток-2» для ціску на Ўкраіну.

Добрыя шансы на пасаду канцлера мае таксама Олаф Шольц, цяперашні віцэ-канцлер Германіі і міністр фінансаў. Ён асабліва вядомы сваёй працай падчас пандэміі. Напрыклад, Шольц кантраляваў выплату нямецкім урадам 750 мільярдаў еўра, накіраваных на дапамогу нямецкім кампаніям і іх супрацоўнікам у кавідны крызіс.

Падчас перадвыбарчай кампаніі Шольц зрабіў шэраг выказванняў на тэму знешняй палітыкі. Ён падкрэслівае, што межы Еўропы больш не павінныя падвяргацца гвалтоўнаму перадзелу накшталт таго, што здзейсніла Расія, калі анексіравала Крым. Але пры гэтым Шольц гатовы супрацоўнічаць з Расіяй, каб захаваць бяспеку ў Еўропе. Унутры краіны віцэ-канцлер атрымаў папулярнасць падчас паводкі летам 2020 года, калі ён паказаў сябе вопытным упраўленцам.

Нарэшце, на пост канцлера прэтэндуе Анналена Бёрбак, кандыдатка ад партыі «зялёных». Спадарыня Бёрбак — самая маладая з усіх кандыдатаў, ёй 40 гадоў. З 2013 года Анналена з’яўляецца дэпутаткай Бундэстага, яна займаецца праблемамі сям’і і экалогіі. Лічыцца, што з трох кандыдатаў Бёрбак мае менш за ўсё шансаў на перамогу, аднак яе партыя мае добрыя шансы ўвайсці ва ўрад.

Як прадстаўніца партыі «зялёных», Бёрбак заснавала сваю перадвыбарчую кампанію на пытаннях экалогіі. Таксама вядома, што Анналена моцна цікавіцца праблемамі агульнаеўрапейскай палітыкі і выступае за адзіную абарончую палітыку ЕС.

Бёрбак ставіцца да Крамля досыць насцярожана - напрыклад, яна не падтрымлівае запуск «Паўночнага патоку-2». Вясной 2021 года, калі Расія ўзмацніла свой кантынгент на мяжы с Украінай, Анналена прапанавала ў адказ узмацніць ціск на Маскву. Па даных выдання Bloomberg, Крэмль нават спрабаваў перашкаджаць перадвыбарчай кампаніі Бёрбак. Для гэтага нібыта выкарыстоўваліся хакерскія атакі і дэзінфармацыя ў сацсетках.

Наступны нямецкі ўрад, як лічыцца, будзе кааліцыйным. То бок, акрамя адзначаных вышэй партый, свой уплыў на нямецкую палітыку будзе аказваць адна з наступных партый: Свабодныя дэмакраты, крайне правае аб’яднанне «Альтэрнатыва для Германіі» і нямецкія левыя.

Аналітыкі інвестыцыйнага банка Goldman Sachs называюць тры асноўныя праблемы, з якімі будзе павінен працаваць наступны нямецкі канцлер. Першая з іх — кліматычны крызіс і неабходнасць знізіць выкіды вугляроду ў атмасферу, другая — старэнне нямецкага насельніцтва. Нарэшце, аналітыкі сцвярджаюць, што арыентаваная на экспарт эканоміка Германіі можа пацярпець праз цяперашнія трэнды, накіраваныя супраць глабалізацыі.

Пакуль цяжка сказаць, хто стане пераемнікам Меркель. Апошнія апытанкі аддаюць 24% партыі Шольца, 21% - хрысціянскім дэмакратам і 17% - «зялёным». Эксперты кажуць, што пры такім раскладзе існуе як мінімум тры варыянты кааліцый, якія можна будзе пабачыць у нямецкім урадзе. Магчыма, іх фарміраванне таксама зойме некалькі месяцаў, пасля чаго ў нямецкай палітыцы нарэшце настане стабільнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0