Паводле яго слоў, усяго на мерапрыемстве пад Барысавам было каля 70 чалавек, у тым ліку замежнікі. Яно пачалося 3 верасня і павінна было працягвацца дзесяць дзён.

«Раніцай мы медытавалі, і я хацеў пайсці ў пакой, каб працягнуць медытацыю па дазволе настаўніка там, але, дайшоўшы да дзвярэй, убачыў двух чалавек у цывільным і кепках са сцягам Беларусі, чырвона-зялёным. За імі былі прыкладна 10—15 [чалавек] у форме АМАПа з дубінкамі, якія ішлі проста на нас. Дзяўчыну адну адштурхнулі ад дзвярэй, і яна ўпала трохі», — распавёў суразмоўца «Медыязоны».

Усіх удзельнікаў амапаўцы сабралі ў адной зале, а пасля «выклікалі арганізатараў і доўга гаварылі з імі».

«Супрацоўнікі прыходзілі і рабілі фатаграфіі залы і ўсіх нас. Некаторыя хацелі схадзіць у прыбіральню, бо нас трымалі дзесьці 1,5-2 гадзіны, але выходзіць нельга было, нават калі вельмі хацелася. Пасля гэтага арганізатараў і замежных грамадзян павезлі ў РАУС, дзе іх сталі распытваць пра тое, што адбываецца і што яны ўсё робяць тут. Нас адпусцілі прыкладна праз 10 хвілін, калі павезлі арганізатараў і замежнікаў».

Па словах удзельніка, сітуацыя ў лагеры доўжылася каля дзвюх гадзін. Яшчэ прыкладна столькі ж арганізатары і замежнікі правялі ў аддзеле міліцыі.

«Пасля РАУС замежнікаў і арганізатараў прывезлі назад. Усім намякнулі, што трэба пакінуць лагер на працягу сутак, інакш яны зноў прыйдуць і ўжо будуць па-іншаму гаварыць. А пазней змянілі патрабаванні і сказалі, што калі мы не хочам праблем ужо сёння, то з'ехаць трэба на працягу 3-х гадзін», — распавёў суразмоўца.

Ён дадаў, што арганізатары «былі ў шоку», «папрасілі прабачэння і хутка дапамаглі ўсім з'ехаць». Па інфармацыі суразмоўцы «Медыязоны», на арганізатараў склалі пратаколы па артыкуле аб парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкулы 24.23 КаАП).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0