Коммерсантъ: Пакет з 28 інтэграцыйных саюзных праграм цалкам гатовы да прыняцця

Пакет з 28 расійска-беларускіх інтэграцыйных саюзных праграм цалкам гатовы да прыняцця, сцвярджаюць суразмоўцы «Камерсанта» ў Маскве і Мінску, знаёмыя з ходам падрыхтоўкі дакумента.

Кіраўнікі ўрадаў дзвюх краін плануюць падпісаць іх на наступным тыдні, але абавязковымі да выканання яны стануць пасля зацвярджэння Пуціным і Лукашэнкам.

Хоць праграмы датычацца збліжэння эканомік, іх узгадненне называюць геапалітычным поспехам і адзначаюць: эканамічная інтэграцыя непазбежна пацягне за сабой палітычную.

На 10 верасня ў Мінску намечана пасяджэнне Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы. Яго галоўная мэта — падпісанне 28 саюзных праграм прэм'ер-міністрамі Міхаілам Мішусціным і Раманам Галоўчанкам.

«Усё ў высокай ступені гатоўнасці. Супярэчнасцяў няма», — запэўніў «Коммерсантъ» суразмоўца ў беларускіх дзяржструктурах.

Падобным чынам сітуацыю каментуюць і з расійскага боку. Са слоў інфармаванага суразмоўцы з расійскага боку, 9 верасня Пуцін і Лукашэнка правядуць фінальнае абмеркаванне дакумента і «добраславяць» урады на падпісанне.

Саюзныя праграмы прадугледжваюць інтэграцыю эканомік дзвюх краін, уключаючы стварэнне адзінага рынку нафты і газу і ўніфікацыю падатковай і мытнай сістэм.

Расійскі дыпламат называе ўзгодненыя праграмы прарыўным і важным праектам:

«Гэта першы дакумент, які перакладае расійска-беларускія адносіны з плоскасці дэкларацый аб вечным сяброўстве ў плоскасць канкрэтных мер па збліжэнні эканомік нашых краін».

Вядучы НТВ расказаў анекдот аб дрэнным танцоры

Тэлевядучы НТВ Андрэй Норкін пажартаваў аб так званай «шматвектарнай палітыцы» Лукашэнкі, расказаўшы анекдот пра танцора.

«Тут меркаванні падзяліліся. Адны лічаць, што мы дайшлі да фінішнай кропкі, цяпер будуць падпісаныя ўсе неабходныя паперы і мы будзем жыць у новых умовах. Іншыя лічаць, што нічога не зменіцца і ніякага прасоўвання наперад не будзе», — заявіў Норкін.

Вядоўца і іншыя ўдзельнікі эфіру нагадалі, што галоўнай перашкодай для рэальнай інтэграцыі Расіі і Беларусі заўсёды заставалася «шматвектарная» палітыка Лукашэнкі. Аднак падзеі 2020 года з масавымі пратэстамі і з'яўленнем Святланы Ціханоўскай паказалі небяспеку «стаўкі на Захад».

«Думаю, што пераменнасць пазіцыі беларускага лідара залежыць ад ціску на яго. Гэта можа быць нейкі ўнутраны ціск, можа быць знешні. І ў залежнасці ад гэтага ён сапраўды змяняе сваю пазіцыю. Добра гэта ці дрэнна, я не ведаю, але гэта адбываецца як у знакамітым газетным загалоўку: «Выконваючы танец з шаблямі, дрэнны танцор раптам стаў добрым»», — пажартаваў Норкін.

«Вестник Кавказа»: Толькі Расія можа выратаваць Беларусь ад крызісу

«Для прэзідэнта Пуціна пытанне аб уладзе не стаіць, а вось для Лукашэнкі, вядома, прынцыповае пытанне — захаваць сваю ўладу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у поўным аб'ёме. Наколькі Масква можа гарантаваць ці не гарантаваць гэта, з'яўляецца прадметам перамоваў, якія вядуцца ў рамках шматлікіх сустрэч Пуціна і Лукашэнкі», — сказаў у гутарцы з выданнем «Вестник Кавказа» кандыдат палітычных навук Станіслаў Бышок.

Нездарма Лукашэнка ўвесь час заяўляе пра тое, што Беларусь ніколі не будзе ахвяраваць сваім суверэнітэтам і «ніколі не ўвойдзе ў склад Расіі». Прычына такіх рэзкіх заяў заключаецца не толькі ў імкненні захаваць уладу пры інтэграцыі з Расіяй, але і ў страху перад рэвалюцыяй, адзначае выданне.

У той жа час, ён і не можа сядзець на двух крэслах, калі Еўропа, Брытанія і ЗША загналі Беларусь пад жорсткі рэжым санкцый. Каб выратавацца ад крызісу і «заходніх калектараў», Мінску патрэбны спонсар. Гэтым спонсарам можа выступіць толькі Расія, лічыць «Вестник Кавказа».

«У людзей, якія настроеныя на інтэграцыю Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы, ёсць асцярогі, што і гэтая сустрэча не прынясе нейкіх прарыўных гісторый, звязаных з падпісаннем дарожных карт.

Дарожныя карты па беларуска-расійскай інтэграцыі сталі ўжо падобныя на гульню ў карты: раней казалі, што ёсць 31 дарожная карта, і з іх 30 ужо ўзгодненыя, а цяпер гаворыцца, што ўзгодненыя 28 з 28 дарожных карт — але зусім незразумела, што ў гэтых картах змяшчаецца», — адзначыў Бышок.

Па мытні, падатках і энергетыцы інтэграцыя цалкам рэальная, лічыць выданне. Для Лукашэнкі тут самае адчувальнае пытанне — паліва. Пасля падатковага манеўру ў Расіі цэны на імпарт нафты з Расіі ў Беларусь сталі даражэйшыя.

Палітолаг Суздальцаў: Лукашэнка едзе не па саюзныя праграмы, а па грошы

«Лукашэнка мог падпісаць дарожныя карты яшчэ ў 2019 годзе, але яму не патрэбна інтэграцыя. Яму патрэбныя толькі грошы. Адсюль і ўсе праблемы ў расійска-беларускіх адносінах, — лічыць палітолаг Андрэй Суздальцаў. — Гэты візіт праходзіць у сувязі з выбарамі ў Дзярждуму. Мабыць, Лукашэнка павінен адыграць нейкую пазітыўную ролю для ўрадавага лагера. Адсюль, напэўна, заяўленая сумесная прэс-канферэнцыя.

Лукашэнка тыдзень таму абвясціў, што будуць абмяркоўвацца саюзныя праграмы, якія замянілі дарожныя карты. Але падпісвацца яны, па яго думку, павінны не раней за снежань.

Зразумела, што ён едзе не па саюзныя праграмы, а па грошы. Выступаючы на сваёй прэс-канферэнцыі месяц таму, ён абвясціў аб сваім жаданні атрымаць ад Расіі каля 5 млрд даляраў.

Гэта галоўная яго мэта. Я сумняваюся, што ён атрымае гэтыя грошы, таму што ў нас няма інтэграцыі. Мы наогул не адмаўляемся падтрымаць Беларусь і Лукашэнку, падчас падтрымкі Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбургу ў сярэдзіне ліпеня абмяркоўвалася нават пытанне аб крэдытах на аплату расійскай нафты, але гэта ўсё павінна было ісці ў рамках інтэграцыі, якой пакуль што няма.

Лукашэнка мог падпісаць дарожныя карты яшчэ ў 2019 годзе, але яму не патрэбна інтэграцыя. Яму патрэбныя толькі грошы. Адсюль і ўсе праблемы ў расійска-беларускіх стасунках».

Свободная пресса: Пуцін і Лукашэнка 9 верасня пачнуць галоўны торг года

Запланаваную сустрэчу палітыкаў пракаментаваў выкладчык Фінансавага ўніверсітэта пры ўрадзе Расіі Станіслаў Мітраховіч.

«Пытанне ўсё тое ж: ці гатовы Лукашэнка не на словах, а на справе пагадзіцца на дадатковы ўзровень інтэграцыі. Таму што да сённяшняга моманту ён спрабаваў усяляк адхіліцца ад гэтага працэсу і зрываў гэтую інтэграцыю гадамі.

Ён адказны за тое, што ў нас да гэтага часу не з'явілася адзіная валюта, няма адзінага грамадзянскага і падатковага кодэксаў. Беларускія прадпрыемствы расійскаму бізнэсу ён таксама прадаваць адмаўляўся. Пры гэтым Аляксандр Рыгоравіч упарта хоча, каб цэны на газ, які прадаецца ў Беларусь, былі такімі ж, як у Смаленскай вобласці Расіі», — адзначае эксперт.

«Я ўжо не кажу, што ён адмовіўся прызнаваць Крым часткай Расіі, і нават авіязносіны з паўвостравам адмовіўся ўстанавіць. Паўднёвую Асецію з Абхазіяй не прызнаў. І ніякай, нават сімвалічнай дапамогі ў Сірыі, не аказаў», — наракае Мітраховіч.

Федеральное агенство новостей: Расія і Беларусь ствараюць сацыяльна-эканамічны падмурак Саюзнай дзяржавы

За мінулы год Масква і Мінск прарабілі ў дачыненні да інтэграцыі куды большы аб'ём работ, чым за папярэднія дзесяць гадоў, мяркуе аглядальнік прапагандысцкага выдання.

«2020-ы паказаў, што час саступак з расійскага боку прайшоў. Чарговы раз «горда бразнуць дзвярыма» і «павярнуцца тварам да Еўропы» ў Аляксандра Рыгоравіча не атрымаецца — сітуацыя ўжо не тая. Восень 2021 года павінна стаць у адносінах Расіі і Беларусі шмат у чым знакавай», — піша выданне.

Працягваць адмахвацца ад інтэграцыі Лукашэнкі пасля падзей 2020-га дазволіць сабе ўжо не можа.

«З праектаў прыбраныя палітычная частка і радыкальныя сацыяльна-эканамічныя крокі ў выглядзе адзінай валюты або банкаўскай сістэмы. Такія рэзкія ўзрушэнні, якія стануць сур'ёзным абцяжараннем для айчыннай эканомікі, Расіі не патрэбныя», — лічыць аглядальнік.

Ён адзначае, што Расія імкнецца зрабіць гандлёвы працэс з Беларуссю максімальна празрыстым і легальным, вывеўшы яго шэрую частку ў рэгуляванае, законнае поле.

За ліквідацыю сегмента кантрабанды беларускіх і транзітных тавараў Расія гатовая плаціць гандлёвымі прэферэнцыямі і даваць крэдыты.

У вайскова-тэхнічнай інтэграцыі Расія дамаглася ледзь не самых уражлівых вынікаў, піша выданне.

«Калі казаць без акалічнасцяў, то мы назіраем стварэнне Масквой і Мінскам ужо не толькі адзінай сістэмы СПА, але і самай сапраўднай адзінай арміі дзвюх дзяржаў», — гаворыцца ў артыкуле.

Расія сістэмна стварае глыбокую аснову ўзаемнай інтэграцыі, якую перапыніць нейкім палітычным рашэннем у Мінску будзе немагчыма, робіць выснову аўтар.

EurAsia Daily: Не варта чакаць прарыву

Чакаць ад маючай адбыцца сустрэчы ў Маскве Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна прарыву па саюзных праграмах не варта, лічыць выданне. Гаварыць аб падпісанні дакументаў па інтэграцыі, імаверна, усё яшчэ рана.

«Ні Масква, ні Мінск, пайшоўшы на саступкі адзін аднаму па шэрагу напрамкаў, усё яшчэ не гатовыя страчваць эканамічную выгаду ад двухбаковага супрацоўніцтва, на чым сёння і трымаецца Саюзная дзяржава», — піша аўтар.

Саюзная дзяржава ўжо ператварылася ў своеасаблівы партнёрскі саюз, дзе абодва бакі гатовыя да збліжэння, але пры захаванні сваіх нацыянальных інтарэсаў.

Таму і саюзныя праграмы, калі яны будуць калі-небудзь падпісаныя, наўрад ці стануць інструментамі рэалізацыі саюзнай дамовы 1999 года, бо ад большасці мэтаў і задач, якія былі ў ім прапісаныя, бакі ўжо даўно адмовіліся.

«Версия»: Усё ж абвесцяць аб завяршэнні фарміравання Саюзнай дзяржавы

Пасля сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі будзе вялікая прэс-канферэнцыя, намякнулі ў МЗС Беларусі. Выданне адзначае, што апошні час пасля сустрэч палітыкаў выхадаў да журналістаў не было — не аб чым было паведамляць. Але раз абяцаюць прэс-канферэнцыю, значыць, рыхтуецца нешта важнае?

«Хутчэй за ўсё 9 верасня ўсё ж абвесцяць аб завяршэнні фарміравання Саюзнай дзяржавы, толькі гэта не стане святочнай датай стварэння новага саюза, гэта адбудзецца крыху пазней. Важна, што нарэшце завяршылася доўгая і нудная эканамічная прыцірка Саюза, яна выклікала больш за ўсё пытанняў. Дарэчы, усе нядаўнія інфармацыйныя атакі на Сяргея Глазьева, архітэктара гэтага саюза, былі звязаны менавіта з тым, што эканамічная прыцірка адбываецца занадта ўжо імкліва, не ўсе гэтаму рады. Але пытанняў і насамрэч шмат. Аб саюзе абвесцяць, але хто растлумачыць выразна, якім ён будзе і чаго ўсім чакаць?» — кажа палітолаг Сяргей Маркаў.

Прадмет неўрэгуляванай спрэчкі — расійская вайсковая прысутнасць у Беларусі і пасады ў новай канфігурацыі Саюзнай дзяржавы, піша «Версия». Спрэчных момантаў хапае, і іх нашмат больш, чым адна «дарожная карта».

BFM.ru: Лукашэнка дабівае апазіцыю

Аглядальнік выдання піша пра рэпрэсіі супраць беларускай грамадзянскай супольнасці ў кантэксце сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна.

Журналіст лічыць, што падаўленне беларускіх пратэстаў і апазіцыі ў цэлым развіваецца, перш за ўсё, згодна з унутранай палітычнай логікай. Пры гэтым, вядома, Лукашэнка і перад тварам Пуціна хоча выглядаць палітыкам моцным, які не прагінаецца ні перад апазіцыяй, ні перад Захадам.

З боку Масквы відавочна не было ніякіх спробаў пераканаць Мінск у тым, каб пайсці на нейкія кампрамісы і тым больш дыялог з апазіцыяй. Размаўляць, уласна, ужо там і няма з кім, піша расійскі СМІ.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?