Сёння на баявое дзяжурства заступілі расійскія С-400 у Гродне і Су-30СМ у Баранавічах. Тым самым, з улікам слоў Лукашэнкі аб тым «што, «магчыма», для Беларусі набудуць С-400, цырк з прыстаўкай «вучэбна-» стаў відавочным.

Раней можна было меркаваць, што цэнтры будуць навучальнымі, а баявы складнік будзе толькі як рэзерв (па аналогіі з іншымі вайсковымі навучальнымі цэнтрамі, якія ў ваенны час пераўтворацца ў баявыя часткі), але сёння стала канчаткова зразумела, што расійская вайсковая прысутнасць баявых часцей у Беларусі фіналізавалася на дадзеным этапе.

Пацешна было чытаць аргумент некаторых вайскоўцаў, што Расія не паставіць за 5 км ад мяжы С-400 на баявое дзяжурства, маўляў, гэта комплекс сур'ёзнага значэння, які апынецца ў межах дасяжнасці ствольнай артылерыі праціўніка.

Па-першае, размяшчэнне С-400 — гэта больш не ваенны, а палітычны крок на дадзеным этапе. Сутнасць яго — пашырыць сваю прысутнасць у Беларусі і стварыць дадатковы пункт пранікнення, на якім можна далей пашырацца. Па-другое, С-400 — гэта не радыёлакацыйная станцыя «Баранавічы», па вайне яго можна перамясціць у іншы раён. Па-трэцяе, уразлівы раён толькі пры раптоўным нападзе на тэрыторыю, пры наступальнай аперацыі, дзе найбліжэйшыя сродкі паражэння суперніка будуць знішчацца, у тым ліку тактычным дэсантам і авіяцыяй пад прыкрыццём гэтага комплексу, ён ужо не такі ўразлівы.

Па-ранейшаму няма інфармацыі аб статусе расійскіх вайскоўцаў ва ВБЦ. Падпарадкоўваюцца яны, відавочна, Расіі. Паколькі іх статус не вызначаны, то нават з пагаднення аб адзінай рэгіянальнай сістэме супрацьпаветранай абароны Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь не ясна, каму яны будуць падпарадкоўвацца ў мірны час у выпадку неабходнасці знішчэння аб'екта.

Самае цікавае будзе, калі РФ саб'е самалёт на тэрыторыі Польшчы або Літвы, фармальна заявіўшы аб пагрозе нападу, напрыклад. Атрымаецца, Беларусь дала тэрыторыю для нанясення расійскага ўдару па тэрыторыі Польшчы з усімі вынікаючымі.

Наяўнасць расійскіх С-400 паблізу беларускай мяжы пашырае пералік магчымых правакацый, у тым ліку і ўцягванні Беларусі ў рэгіянальны канфлікт.

Пастаноўка С-400 на баявое дзяжурства ў дзень адкрыцця актыўнай фазы вучэнняў «Захад-2021» вельмі характэрна. Стварылі лішні спосаб напружыць суседзяў. Хоць я раней казаў, што пакуль эскалацыя не ў інтарэсах Расіі праз перадвыбарчы перыяд і месяц-другі ёсць час адносна спакойны. Тым не менш, рызыка застаецца. Звязана яна можа быць з падзеннем рэйтынгаў «Адзінай Расіі», адным з твараў якой прасоўваюць Шайгу. Для ўзняцця рэйтынгу — непасрэдна перад выбарамі або пасля для адводу ўвагі ад падзення рэйтынгу — могуць у чарговы раз узняцца зброяй, іншыя спосабы ў выглядзе ўзняцця пенсій і т.п. ужо выкарыстоўвалі. Хоць сам факт пашырэння вайсковай прысутнасці ў Беларусі — ужо плюсік для ўладаў РФ і «Адзінай Расіі».

Наяўнасць С-400 — гэта і спосаб далейшага пашырэння прысутнасці. Напрыклад, можна, як у выпадку з расійскім вузлом сувязі ў нас у Вілейцы, — узмацніць комплексамі радыёэлектроннай барацьбы. Далей для забеспячэння бяспекі ад дыверсійных груп можна даслаць роту аховы і гэтак далей. У канчатковым выніку, як у выпадку з расійскімі вайсковымі аб'ектамі ў Кіргізіі ў 2017 годзе, магчыма аб'яднанне двух расійскіх аб'ектаў у нас і гэтых вучэбна-баявых цэнтраў у адзіную расійскую базу.

Дарэчы, ніколі не бачыў сэнсу ў адрозніванні расійскіх вайсковых аб'ектаў і вайсковых баз — гэта ўсё фармалістыка для прававой публіцыстыкі, важная толькі сутнасць — знаходжанне расійскіх войскаў.

У той жа час гэтыя цэнтры могуць быць і згорнутыя ў хуткім часе, усё залежыць ад гандлю Лукашэнкі і Пуціна.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?