На якой падставе тады беларускі бок просіць грошы? Хутчэй за ўсе, гаворка ідзе аб магчымым пераразмеркаванні дадзенай сумы з ліміту Расіі на карысць Беларусі, як гэта ўжо было ў верасні 2020 года. Тады ЕФСР выдаў Беларусі крэдыт на $500 млн.

Мы спыталі ў беларускіх экспертаў, ці можа, на іх думку, Беларусь разлічваць на новы крэдыт ад ЕФСР з нявыкарыстанага ліміту Расіі і наколькі гэты крэдыт можа выратаваць сітуацыю ў Беларусі.

«Для пачатку трэба патлумачыць магчымы механізм атрымання крэдыту, аб якім ідзе гаворка. У ЕФСР есць краіны-заснавальнікі, — кажа старшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб. — У кожнай краіны есць ліміт, прапарцыйны яе ўнёскам у гэты фонд. Чым большую долю краіна мае ў статутным фондзе, тым на большую суму з гэтага фонду яна можа разлічваць пасля.

Апошні крэдыт Беларусі далі восенню 2020-га года. І гэта было комплекснае рашэнне: падчас сустрэчы ў верасні мінулага года ў Сочы Пуцін і Лукашэнка дамовіліся аб крэдыце для Беларусі на агульную суму ў $1,5 мрд. З іх $500 млн у Беларусь прыйшлі па лініі ЕФСР, а $1 млрд — міжурадавы крэдыт Расіі Беларусі.

Калі мы ад ЕФСР атрымалі $500 млн, наш крэдыт на той момант ужо быў вычарпаны. Гэта значыць, што тыя $500 млн нам далі за кошт ліміту Расіі ў ЕФСР.

Што тычыцца рэальнасці ці нерэальнасці выдачы новага крэдыту Беларусі, то пакуль былі агучаныя толькі беларускія «хацелкі».

Зразумела, што гэта ўсе яшчэ будзе абмяркоўвацца паміж Пуціным і Лукашэнкам. Невядома, дадуць ці не. А калі дадуць, то ўзнікаюць пытанні: колькі, пад якія ўмовы, што папросяць узамен і гэтак далей?

Мы нават не ведаем, на якіх умовах Беларусь атрымала летась тыя $1,5 мільярды. Многія тады казалі, што «ўзамен Лукашэнка павінен сысці ці прызначыць новыя выбары». Але не, усё гэта было не больш чым варажба на кававай гушчы.

Навуковы супрацоўнік BEROC (Кіеў) Кацярына Барнукова лічыць, што невыпадкова гаворка пра крэдыт зайшла акурат перад сустрэчай Лукашэнкі з Пуціным.

«Мабыць, у яго есць надзея на тое, што Пуцін дапаможа яму атрымаць гэтыя грошы. Расія ўсе ж лічыцца асноўным стэйкхолдарам ( то бок краінай з асноўнай доляй — заўв. «Наша Ніва») Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, і мае вялікі ўплыў на яго рашэнні.

Калі будзе палітычная воля Расіі, тады ўсе гэтыя тэхнічныя нюансы накшталт пераразмеркавання расійскага ліміту на карысць Беларусі можна будзе лёгка вырашыць, — лічыць Барнукова.

— Але трэба разумець: нават калі нейкі крэдыт дадуць, то гэта, відавочна, будуць не $3 мільярды. Магчыма, дамовяцца на меншую лічбу.

Магчыма, гэта будзе праграма на найбліжэйшыя паўгода, ці год, ці на некалькі гадоў.

Прычым традыцыйна фонд выдае гэтыя грошы пад якія-небудзь макраэканамічныя ўмовы, якія мы традыцыйна не выконвалі. Таму нават калі такое пагадненне будзе падпісана цяпер, само вылучэнне гэтых грошай будзе расцягнута па часе.

І цалкам можа быць, што кожны новы транш гэтага крэдыту Беларусі трэба будзе пацвярджаць. Усе гэта будзе не так проста.

Асноўнае пытанне, наколькі дапамогуць гэтыя грошы беларускай эканоміцы. Абодва эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што іх можа хапіць на год.

«Усе залежыць ад таго, для чаго патрэбныя грошы: плаціць заробкі, аплачваць нафту, — разважае Вадзім Іосуб. — Магчыма, іх збіраюцца пусціць на пагашэнне знешняга доўгу.

Звярніце ўвагу, штогод Беларусь павінна выплачваць $3 мільярды знешняга доўгу. То-бок, калі крэдыт дадуць, Беларусь можа год не думаць пра тое, чым гасіць знешні доўг».

«Відавочна, што Беларусі цяпер вельмі спатрэбіцца знешняе фінансаванне, — адзначае Кацярына Барнукова. — Патрэбныя сумы будуць залежаць ад таго, як у дачыненні да нашай краіны будуць працаваць санкцыі.

Пакуль з санкцыямі есць нявызначанасці. Мы, напрыклад, не разумеем, ці будзе экспартавацца калій праз Літву ў снежні, ці зможам мы яго экспартаваць праз іншыя парты?

Пакуль гэтыя нявызначанасці не вырашаны, цяжка казаць пра тое, ці хопіць нам $3 мільярдаў крэдыту або не. Але пакуль выглядае так, што дадзенай сумы Беларусі хапіла б прыкладна на год».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?