Нацбанк штомесяц маніторыць, колькі валюты купляе насельніцтва. Што бачна па гэтых даных, апублікаваных паводле вынікаў васьмі месяцаў 2021 года?

Першае — упершыню за гэты год беларусы прадалі больш за мільярд даляраў за адзін месяц. Для параўнання, у студзені продаж склаў $613 млн, у красавіку — $883 млн, у чэрвені — $909 млн, звярнуў увагу тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Другое — сумарна за перыяд са студзеня па жнівень насельніцтва ўсё яшчэ застаецца чыстым пакупніком валюты.

Беларусы за гэты час купілі на $316 млн больш, чым прадалі. Але калі глядзець памесячна статыстыку, то бачна, што сітуацыя змянілася.

Калі раней, са студзеня па чэрвень уключна, насельніцтва больш купляла валюту, чым прадавала, то ўжо ў апошнія два месяцы сітуацыя адваротная: за ліпень было прададзена на $47 млн, а за жнівень — на $94 млн больш.

Трэцяе — купля і продаж валюты дзеліцца ўнутры яшчэ на дзве катэгорыі: абарот наяўны і безнаяўны. З мільярда даляраў, які насельніцтва прадало ў жніўні, $740 млн — продаж у абменніках.

Калі глядзець статыстыку па месяцах на працягу года, становіцца зразумела, што беларусы стабільна здаюць наяўную валюту больш, чым купляюць.

А вось па безнаяўным разліку сітуацыя адваротная, насельніцтва больш актыўна купляе такім чынам валюту, чым прадае. Купля валюты па безнаяўным разліку — гэта, напрыклад, перавод грошай з рублёвай карты на валютную.

І калі са студзеня па чэрвень сітуацыя на рынку куплі-продажы валюты насельніцтвам складвалася пад уплывам вынікаў безнаяўнага абароту, то зараз першынство перахапіла гатоўка.