Рыбалоўны экран — гэта самаробная снасць, якая ўяўляе сабой два пруты, паміж якімі нацягнута сетка. Прылада змяшчаецца ў ваду, звычайна на пратоках і на плыткаводдзі ў затоцы, і пакідаецца там.

«Я адмоўна стаўлюся да ўсіх самалоўных сродкаў, якія ловяць рыбу без удзелу рыбака», — кажа спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сяргей Зуёнак. — «Часта бывае, што такую сетку-«тэлевізар» паставілі і забылі, і туды трапляе рыба і гіне. У тым ліку могуць трапляць і «чырванакніжныя» віды. У выніку «тэлевізар» становіцца эфектыўным і доўгатэрміновым, улічваючы, што робяць яго з сінтэтычнай сеткі, прыстасаваннем для знішчэння воднай фаўны».

«Тэлевізары» могуць забіваць не толькі рыбу, але і птушак.

Цяпер артыкул 13 Правіл аматарскага рыбалоўства дазваляе ў рыбалоўных угоддзях выкарыстоўваць на рыбалова па два «тэлевізары» памерам не болей за 1 х 1,5 метра і крокам ячэйкі не болей за 30 мм.

Заолаг Міхаіл Максіменкаў, старшы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра НАН па біярэсурсах:

«Я лічу гэта экалагічна шкодным рашэннем, несумленным у адносінах тых рыбакоў, якія законнымі снасцямі ловяць рыбу, думаюць, як аднавіць рыбныя запасы, каб імі ўстойліва карыстацца. Колькі мы змагаліся, каб стварыць умовы для нерасту, аднаўлялі нерасцілішчы. У Вілейскім раёне мы з суседзямі і сябрамі аднавілі праток на старыцу шырынёй 4-5 м. Колькі мы змагаліся з мясцовымі браканьерамі, каб яны не ставілі там прылады лову: перад нерастам там ловіцца тая рыба, якая нясе ў сабе дзясяткі тысяч ікрынак! Адлавіў такіх дзясятак — і нерасціцца няма каму. Гадоў пяць як адбілі ахвоту браканьераў, яны зразумелі, што ўсе рыбакі мясцовыя пільнуюць і паведамляюць у дзяржінспекцыю. А цяпер усе высілкі і праца людзей, якія змагаліся за цывілізаваны падыход да рыбалоўства, перакрэслены: на законнай падставе яны прыйдуць утраіх-чатырох і перагародзяць старыцу — ужо нічога не скажаш. Заклікаць да сумлення браканьера — апошняя справа, сумлення ў яго няма, гэта ў яго ўжо грамадзянская пазіцыя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0