Уладзімір Ляхоўскі. Фота з яго прыватнага архіва

Уладзімір Ляхоўскі. Фота з яго прыватнага архіва

57-гадовы Уладзімір Ляхоўскі памёр раптоўна: разрыў аорты. Яго знайшлі на вуліцы, ён ішоў з крамы дахаты, купіў смятаны на вячэру.

Гэты не асабліва публічны гісторык выкладаў мытную справу на факультэце міжнародных адносін БДУ. Ён быў аўтарам адной з самых цікавых гістарычных кніг апошняга дзесяцігоддзя: «Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове ХІХ ст. — 1-й палове ХХ ст.» — захапляльнае інтэлектуальнае чытво.

Уладзімір Ляхоўскі быў гісторыкам-капачом. Ён працаваў і працаваў у архівах.

Апошняе адкрыццё, якім ён падзяліўся ў сябе ў Фэйсбуку (цікавыя памяткі нашай эпохі, старонкі ў сацыяльных сетках людзей, якія адышлі) — сенсацыйны дакумент 1920-х.

Сенсацыйны ён тым, што раней не існавала сведчанняў, што ўжо тады людзі называлі дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі «Днём Волі». Лічылася, што гэтая назва за 25 Сакавіка замацавалася пазней.

«Не толькі т. зв. «ябацькі», але ігноры, мізантропы і прочыя «рэзанёры», — піша Ляхоўскі, — дагэтуль сцябаюцца з БНР і самога Акта 25 Сакавіка, што прадэкляраваў незалежнасць Беларусі… Маўляў, «акрамя малой кучкі змагароў, што насіліся са «сваёй незалежнасцю» як з пісанай торбай, збольшага ніхто ў Беларусі й нават у Менску пра гэтую т. зв. «гістарычную падзею» і не ведалі». Ці так гэта? Вось цікавая выпіска са справаздачы менскага ГПУ за красавік 1924 года: «Сообщаем, что русская семья Пустотиных, приехавшая в 1924 г. из Рязани в Минск, усыновила девочку-подкидыша, которую нашли на улице 24 марта. Неожиданно для регистраторов приемные родители дали ей имя Воля. На вопрос — почему они назвали приемную дочь по белоруски (Воля — белорусский аналог русского имени Оля), — Пустотины в своем заявлении так объяснили это: «Просим дать девочке имя Воля, так как она родилась накануне Дня Воли».

Вось такі сенсацыйны дакумент пра Менск (тады сталіца Беларусі афіцыйна так называлася) 1920-х.

Калі ж браць увогуле апошні-апошні пост Уладзіміра Ляхоўскага, то гэта цытата з расійскага гісторыка Георгія Фядотава: «Мы достаточно искушены опытом, чтобы не поддаваться оптимизму… Безумные или корыстные диктаторы могут сильно осложнить работу, заставить нас колесить, возвращаться назад, переделывать по несколько раз исторические задания, но им не изменить ее магистрали».

Уладзімір Ляхоўскі меў выразную пазіцыю і адносна сённяшніх падзей. Пра гэта сведчыць і апошняе інтэрв'ю яго, якое было апублікаванае ў дзень развітання з ім. Хоць ён сам не ведаў, што яно развітальнае. Даваў ён яго на выпадак, калі на нацыянальную сімволіку будзе распачатая новая атака і быў гатовы, што за гэта цяпер, у часы суцэльных чыстак, магчыма, давядзецца і пацярпець:

«Ёсць глыбокі сэнс у тым, што сённяшнія нашы людзі, якія выступаюць за сумленныя выбары, узялі за свае сімвалы «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг. Для кагосьці гэта было нечакана, але гэта абсалютна справядліва, і я абсалютна шчаслівы. Нават не як гісторык, а як грамадзянін сваёй краіны. Да гэтага нацыянальная сімволіка не была шырока папулярнай, ёю цікавілася збольшага моладзь. Але пара жнівеньскіх дзён перавярнулі абсалютна ўсё. Я ўжо ўпэўнены, што нічога з гэтым не зробіш. Яна ўжо ўсталявалася.

Мы з Віктарам Бабарыкам выраслі на адной вуліцы і з дзяцінства ведаем адзін аднаго. Калі пачыналася выбарчая кампанія, то ён казаў, што час яшчэ не прыйшоў, што трэба цэлы прэзідэнцкі тэрмін, каб потым вынесці пытанне сімволікі на ўсеагульнае абмеркаванне. Але падзеі паказалі, якія нацыянальныя сімвалы падтрымлівае народ. Ходу назад ужо не будзе», — сказаў Уладзімір Ляхоўскі ў сваім апошнім інтэрв'ю.

Уладзімір Ляхоўскі будзе пахаваны на Чыжоўскіх могілках Мінска, побач са сваімі бацькамі.

Чытайце таксама артыкул Уладзіміра Ляхоўскага «Як бел-чырвона-белы сцяг стаў нацыянальным»

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0