Новым канцлерам Германіі можа стаць сацыял-дэмакрат Олаф Шольц. Фота ДПА

Да выбараў у найбольшай краіне Еўрасаюза застаецца некалькі тыдняў.

Калі нічога не памяняецца, то антырэкордна нізкую колькасць галасоў атрымаюць хрысціянскія дэмакраты. Партыя Меркель выбрала няўдалага кандыдата ў канцлеры і запляміла рэпутацыю шэрагам скандалаў. Кандыдата ад ХДМ зваць Армін Ляшэт. Калі здарыцца такі правал, ён пэўна падасць у адстаўку.

Нейкі час наперад у выбарнай гонцы вырываліся Зялёныя. Але кандыдатка ў канцлеры ад гэтай партыі 40-гадовая Аналена Бербок таксама выглядала непераканаўча як лідар. Цяпер Зялёныя ідуць трэцімі. Яны, тым не менш, збіраюць свой гістарычны рэкорд галасоў.

Цяпер перадвыбарчыя рэйтынгі ўзначальваюць сацыял-дэмакраты — праўда, з далёка не рэкорднай для сябе колькасцю галасоў. 63-гадовы сацдэм Олаф Шольц, цяперашні міністр фінансаў, выглядае патэнцыйным новым канцлерам Германіі.

Рэйтынг палітычных партый у Нямеччыне за тыдзень да выбараў, працэнтаў

  • Сацыял-дэмакраты (левы цэнтр) 25
  • Хрысціянскія дэмакраты (правы цэнтр) 22
  • Зялёныя (левыя лібералы, экалагісты) 17
  • Свабодныя дэмакраты (правыя лібералы) 12
  • Альтэрнатыва для Германіі (правыя нацыяналісты) 11
  • Лявіца (левыя, прарасійскія) 6

Пры такім раскладзе галасоў можа спатрэбіцца кааліцыя трох партый для фарміравання ўрада. Гэта не будзе проста, але гэта не такая ўжо нерэальная задача з улікам нямецкай традыцыі пошуку кампрамісаў.

Што важна ведаць адносна новага раскладу.

Расія не выйграе на гэтых выбарах.

Расія ва ўсіх краінах Еўропы, Германія тут не выключэнне, падтрымлівае адначасова правых і левых радыкалаў, тыя сілы, якія выступаюць за дэзынтэграцыю Еўрасаюза. Гэта такі курс на ўзмацненне ўнутраных супярэчнасцей. Але дзве партыі, якім сімпатызуюць расійскія СМІ — Альтэрнатыва для Германіі і Левыя, — разам набяруць толькі 17-18 працэнтаў галасоў, тады як на выбарах 2017 года ў іх было супольна 22 працэнты.

Самыя прынцыповыя крытыкі Расіі — гэта Зялёныя.

Яны ж самыя паслядоўныя праціўнікі аўтакратый. Але складана пралічыць наступствы тых ці іншых практычных крокаў. Так, гэта Зялёныя былі галоўнымі лабістамі закрыцця нямецкіх атамных электрастанцый, што ў выніку прывяло да ўзмацнення залежнасці краіны ад паставак расійскага газу, што фарміруе «патрэбу ў Расіі».

Ці будзе ўрад на чале з сацыял-дэмакратам больш прарасійскім, чым урад Меркель?

У прынцыпе, гістарычна сацыял-дэмакратычныя ўрады Нямеччыны былі больш схільныя да кампрамісаў з Масквой, а канцлер-сацыял-дэмакрат Шродэр праславіўся тым, што пайшоў працаваць на «Газпрам» пасля сваёй адстаўкі. Але ў цэлым замежнапалітычны курс Германіі стратэгічна стабільны, не варта чакаць вялікіх змен і пасля выбараў.

Олаф Шольц — дасведчаны адміністратар і прадстаўнік цэнтрысцкага крыла сваёй партыі. Як чалавек ён някідкі, а як палітык — прадказальны. Змены ва ўсходняй палітыцы Германіі могуць адбыцца толькі ў выпадку, калі ва ўрад увойдуць Левыя.

Ці можна чакаць зрухаў у лукашэнкаўска-нямецкіх адносінах пасля выбараў? Цяпер яны на ўзроўні дна, антызаходняя, у тым ліку і антынямецкая, рыторыка афіцыйнага Мінска была выразная, і гэта адказ на паслядоўную крытыку Берлінам парушэнняў законнасці і правоў чалавека ў Беларусі.

Канцлерка Меркель у 2020 годзе гатовая была прапанаваць сваё пасярэдніцтва для арганізацыі нацыянальнага дыялогу ў Беларусі, але Аляксандр Лукашэнка адмовіўся нават падняць слухаўку. Замест гэтага ён пазваніў Уладзіміру Пуціну і папрасіў таго стварыць сілавы рэзерв для падаўлення народных пратэстаў у Беларусі, калі ягоныя сілавікі не дадуць рады самі.

У прынцыпе, Аляксандр Лукашэнка можа скарыстацца зменай урада ў Берліне для разрадкі ў беларуска-еўрапейскіх адносінах. Аднак наўрад ці гэта будзе залежаць ад фармату новай урадавай кааліцыі. Самога факта сыходу Ангелы Меркель для беларускай прапаганды будзе дастаткова.

Дарэчы, падзенне папулярнасці Хрысціянска-дэмакратычнага саюза ніяк не адбілася на асабістым аўтарытэце Ангелы Меркель. Яна пакідае пасаду, маючы 62-працэнтны рэйтынг сярод немцаў. Яна таксама мае гіганцкую павагу ў свеце. Да яе пазітыўна ставяцца 80% украінцаў, 75% іспанцаў, 70% французаў. І, тым не менш, Меркель сыходзіць, не трымаецца за ўладу сваімі далёка не пасінелымі пальцамі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?