Ігар Бабкоў. Малітва

Я не самотны, Божа
Са мною сны і аблокі

Са мною травы і кветкі
Са мной ільвы і драконы

Сланы й пяшчотныя лані
Буды і бадхісатвы

Са мною тыя, хто поруч
І тыя, хто адхіліўся

Са мной дзяды і анёлы
І ты са мною, мой Божа

Усевалад Сцебурака. Мара беларуса

Мара беларуса - 
праца без прымусу.
Каб нікому справы —
левы ён ці правы.

І гадоў каб дзвесце 
жыць на адным месцы,
за прыватным лесам —
уласным інтарэсам.

Каб на ўсе напрамкі 
мець платы і брамкі,
і каб дабрадзеі
чым далей сядзелі…

Макс Шчур. Ляжу дома…

*

Ляжу дома з прастрэлам
згадваю такі ж цёплы верасень дваццаць
адзін год таму
калі быў толькі засяліўся ў сацыяльную
аднапакаёўку ў вёсцы пад Прагай
пустая кватэра
прастуда
кітайскія супы
жонка далёка
на падлозе кнігі
падсцілка для ёгі замест матраца
няпраная вопратка замест коўдры й падушкі
побач падораны сябрам касетны
магнітафон-мыльніца з радыёпрымачом
да трэцяй ночы чэшскі гумар і чэшскае
кантры замест калыханкі
адзіная повязь са светам
калі не лічыць электрычнага імбрыка
удзень амаль нікуды не выходзіў
рыхтаваўся да іспытаў па італьянскай
чытаў Зянона Касідоўскага пра гісторыю
біблійных тэкстаў
цэлая агромністая будучыня ў новай краіне наперадзе
прыўкраснае жыццё ў свабоднай краіне і чароўным горадзе
астатняе — дробязь
гэтак і сёння няма на што скардзіцца

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0