У ліпені іх было 327, у чэрвені — 246, у маі — 332, у красавіку — 304. У лютым затрымлівалі не менш за 511 чалавек, у сакавіку — 1139 чалавек.

Такім чынам, ад часу прэзідэнцкіх выбараў з паведамленняў МУС і спісаў праваабаронцаў вядома пра не менш за 36 211 затрыманняў.

Што датычыць крымінальных спраў, то на 1 верасня праваабаронцам вядомыя 1592 фігуранты крымінальных спраў палітычнага характару, якія знаходзяцца пад следствам або ўжо асуджаны (+260 у параўнанні з 1 ліпеня). Гэтая лічба фатальна няпоўная, бо пры такім маштабе валанцёры і СМІ няздольныя даведацца пра ўсе імёны, асабліва ў правінцыі. Праваабаронцы гавораць, што лічба ў некалькі тысяч чалавек выглядае рэалістычнай.

Вядома пра 1041 зняволенага па крымінальных справах палітычнага характару (+234 проці 1 ліпеня).

667 з іх праваабаронцы па выніках дэталёвага вывучэння спраў на гэты момант прызнаюць палітвязнямі (+138 проці 1 ліпеня).

Сярод сусветна вядомых беларускіх палітвязняў — асуджаная на 12 гадоў зняволення Марыя Калеснікава, паплечніца Святланы Ціханоўскай. Яна праз адваката расказала, што яе спрабавалі сілай вывезці за мяжу, але яна на пагранічным шлагбауме парвала пашпарт. Разам з Ціханоўскай яна намінаваная на Нобелеўскую прэмію міру за сваю ролю ў арганізацыі мірнага руху за свабодныя выбары і грамадзянскія правы.

За кратамі ўжо амаль год застаецца і муж Святланы Ціханоўскай, Сяргей.

Ужо амаль год у зняволенні застаюцца таксама такія апаненты Аляксандра Лукашэнкі, як Мікалай Статкевіч і Павел Севярынец. А Віктар Бабарыка, якога ў 2020-м многія лічылі асноўным супернікам Аляксандра Лукашэнкі, атрымаў 14 гадоў зняволення.

За кратамі — і грамадзянка Швейцарыі беларускага паходжання Наталля Хершэ, віна якой у тым, што яна сарвала балаклаву з амапаўца, які затрымліваў мірных дэманстрантак.

Вялізнае абурэнне ў суседняй Польшчы выклікалі арышты дзеячаў інтэлігенцыі з ліку польскай нацыянальнай меншасці.

За кратамі знаходзяцца як мінімум 28 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, некаторыя з іх — лаўрэаты нацыянальных і міжнародных журналісцкіх прэмій. Улады спынілі выхад усіх незалежных друкаваных газет, незалежных ТБ і радыё ў краіне няма ад 1996 года. У маі быў закрыты самы папулярны інтэрнэт-партал краіны — Tut.by. У ліпені была разгромленая «Наша Ніва». На сёння ўнутры Беларусі больш не засталося рэальна дзейных незалежных грамадска-палітычных выданняў.

Калі дадаць да колькасці затрыманых лічбу звольненых з працы ці выключаных з ВНУ за палітычную актыўнасць, то агульная лічба закранутых палітычнымі рэпрэсіямі перавысіла 40 тысяч чалавек. Дакладных звестак пра колькасць людзей, якія эмігравалі па палітычных матывах, няма. Але статыстыка атрымання адпаведных віз і дазволаў на жыхарства ў краінах Еўрасаюза і Украіне дае падставы думаць, што такіх людзей — тысячы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?