Новабудоўлі эканом-класа паднялі цэны

З мінулага жніўня сталічны рынак нерухомасці прасеў праз палітычныя шокі. Здзелак было мала — да гэтай вясны. Эксперт па нерухомасці Наталля Літоўская кажа, што з красавіка пакупнікі ажывіліся.

«Адкладзены попыт нарэшце выйшаў на рынак. Людзі адаптаваліся і вырашылі, што калі хочацца купіць кватэру, то трэба купляць. Плюс з’явілася хоць і дарагое, але крэдытаванне — Беларусбанк прапанаваў крэдыты на жыллё пад 21%, і каля 3000 чалавек скарысталіся гэтай прапановай. Сярэдняя сума крэдыту была 40 тысяч рублёў».

Паўплывала і тое, што ў законе замацавалі магчымасць уводзіць Нацбанкам валютныя абмежаванні.

«Народ па-свойму трактаваў гэта, вырашыў, раптам банкі возьмуць і не аддадуць тое, што там ляжыць. Частка пабаялася пакідаць грошы на рахунках, захоўваць дома буйныя сумы таксама небяспечна, таму вырашылі іх «забетанаваць», — лічыць эксперт.

— Вельмі шмат здзелак, якія можна назваць інвестыцыйнымі: калі чалавек укладае колькі ёсць, заскоквае ў апошні вагон крэдытавання і набывае жыллё з разлікам на тое, што калі ўсё наладзіцца, то яно будзе прададзена, грошы назапашаны і вырашыцца пытанне з кватэрай мары. Плюс людзі, якія проста збіралі грошы, вырашылі купіць умоўную аднушку каля метро, якая будзе здавацца».

Усплёск продажаў — у мікрараёне «Мінск Мір». Яны актыўна рэкламуюцца ў рэгіёнах, і для людзей там гэта прывабная прапанова — пабудаваць кватэру ў сталіцы за 800-900 даляраў за квадрат.

Квартал «Мінск Мір»

«Яны не звярталі ўвагу, што гэта паўфабрыкаты. Пасля, канечне, давядзецца сутыкнуцца з тым, што жыллё вельмі дарагое ў чарнавым рамонце. Давядзенне яго да стану, калі ўжо можна рабіць звычайны рамонт, каштуе да 200 даляраў за квадратны метр. І калі так падлічыць, кватэра-паўфабрыкат ад «Мінск Міру» і кватэра ў каркасным доме з чарнавой аддзелкай прыкладна аднолькавыя па кошце.

Мінчукі, якія разумеюць розніцу ў якасці асяродку, выберуць, як ні дзіўна, хрушчоўку. Бо там менш праблем з паркоўкамі, будзе зялёная зона, крамы працуюць, садкі і паліклінікі ёсць. А ў тым жа «Мінск Міры» інфраструктура спазняецца».

На фоне высокага попыту новабудоўлі эканом-класа паднялі цэны — на 100 даляраў за «квадрат» (да 1200 даляраў). Запатрабаваны і дарагія кварталы. Напрыклад, «Лявада» і «Фарфоравы», дзе квадратны метр каштуе 1400-1500 даляраў. 

«Цяпер у сярэднім 1200-1300 здзелак у месяц пры норме для Мінска ў 1100-1150. Прамежкавыя звесткі нацыянальнага кадастравага агенцтва сведчаць, што за жнівень было 1400 здзелак. Гэта ўнушальная лічба», — адзначае Наталля Літоўская.

Аднапакаёвую хрушчоўку з нядрэнным рамонтам у абжытым спальніку можна набыць за 45 тысяч даляраў.

Аднушку ў новым каркасным доме каля метро (40-45-метровую, гатовую да пражывання) — за 65 тысяч даляраў. 

«Кліенту абрыдлі стандартныя планіроўкі»

Адна з тэндэнцый — падзенне продажаў на другасным рынку жылля.

«Гэта звязана, напэўна, з вялікай забудовай «Dana Holdings»: цяпер цана за квадратны метр у новабудоўлях практычна такая ж, як на другасным рынку. Таму выбар робіцца на карысць куплі больш сучаснага жылля, з лобі, кансьержкамі», — тлумачыць дырэктар агенцтва нерухомасці «Партнёр для ўсіх» Ірына Данцова.

Калі казаць пра новабудоўлі, то аднапакаёвую кватэру з рамонтам людзі хочуць браць за 50-55 тысяч даляраў, двухпакаёвую — да 65 тысяч.

Эксперт таксама адзначае, што ёсць попыт на элітную нерухомасць. Так, на кватэру без аддзелкі ў «Славянскім квартале» за 2000 даляраў за метр у агенцтва было некалькі пакупнікоў.

«Кліенту абрыдлі стандартныя планіроўкі — вось чаму яны перакінуліся на новабудоўлі, на А-100 і «Мінск Мір». Іх прывабліваюць кватэры з французскімі вокнамі, дзе можна рабіць сучасныя праекты і ствараць пад сябе кухню-гасцёўню. Стары фонд застаецца часовым месцам знаходжання для тых, хто хоча хутчэй заехаць жыць і не траціць грошы на рамонт».

Па назіраннях Ірыны Данцовай, даступнага жылля шмат у Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах. Крыху горш сітуацыя ў Заводскім.

«Катэджы, якія каштавалі 260-300 тысяч даляраў, выстаўляюць за 180»

Мяняліся тэндэнцыі і па загараднай нерухомасці.

«Праз пандэмію быў актыўны рост пакупкі дамоў. Напэўна, многія вырашылі, чым патраціць грошы на адпачынак, дзе цана на сям’ю з дзецьмі, скажам, 4000-5000 даляраў, лепш набыць домік, — кажа Ірына Данцова.

— Цяпер у нашага кліента попыт на домікі ад 5 да 12 тысяч даляраў. Былі такія, хто хацеў купіць домік з праведзеным газам, камунікацыямі ў 60-70 кіламетрах ад Мінска за суму да 10 тысяч даляраў. Хаця мы лічым, што гэта нізкая цана для такой нерухомасці». 

Па дарагіх традыцыйных катэджах практычна няма званкоў.

«Тыя катэджы, якія каштавалі 260-300 тысяч даляраў, выстаўляюць за 180, і яны не запатрабаваныя. Запатрабаваны сучасныя дамы ў прыбалтыйскім стылі, напрыклад, за 300 тысяч даляраў у межах горада», — апісвае стуацыю Ірына Данцова.

Наталля Літоўская назірае, што цяпер вялікі попыт на ўчасткі ў блізкім прыгарадзе — Калодзішчах, Бараўлянах, Фаніпалі.

«Мне здаецца, пэўная катэгорыя людзей вырашыла, што хоць што здарыцца, яны будуць жыць тут, таму будуць купляць участак і будаваць дом. На нядаўніх таргах участак у Калодзішчах сышоў за 100 тысяч даляраў — складана ўявіць, што хтосьці мог за зямлю аддаць столькі. Прытым што ў тых жа Калодзішчах можна за 150-250 тысяч купіць абжыты катэдж. А будаўніцтва сёння дарагое, бо будматэрыялы падаражэлі».

«У тры разы скараціўся прыток кліентаў на рынку арэнды»

На рынку арэнднага жылля ў канцы лета не было ажыятажу, як звычайна.

«У сувязі з пандэміяй, іншымі абставінамі колькасць студэнтаў зменшылася. У нас, напрыклад, у тры разы скараціўся прыток кліентаў на рынку арэнды жылля», — дзеліцца Ірына Данцова,

За год колькасць прапаноў у Мінску вырасла ўтрая — вольныя 11,2 тысячы кватэр (па звестках Realt.by). 

Што наконт цэн? Агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» прыводзіць такія лічбы. Аднапакаёвую кватэру ў сярэднім здаюць за 220 даляраў, двухпакаёвую — за 270, трохпакаёвую — за 330. Калі шукаць варыянт побач з метро ці з поўным наборам мэблі і бытавой тэхнікі, сумы будуць большыя.

Самая дарагая арэнда — у цэнтры, мікрараёнах «Лебядзіны» і «Маяк Мінска». Там цэны ў два разы вышэйшыя, чым у сярэднім.

«Попыт будзе задаволены літаральна за верасень»

Верагодна, у бліжэйшыя месяцы на рынку будзе зацішша.

«Па маіх адчуваннях, людзі ўжо менш цікавяцца жыллём. Усе, хто нерваваўся і баяўся захоўваць грошы ў банку ці дома, вызначыліся ці ў бліжэйшыя дні вызначаюцца, набываюць неабходныя метры.

Застаецца невялікі працэнт, які хоча жыллё, але крэдытаванне для іх дарагое, на пачатковы ўзнос не хапае. Таму, на мой погляд, плацежаздольны попыт будзе задаволены літаральна за верасень», — мяркуе Наталля Літоўская. 

Ці варта пачакаць з пакупкай жылля? Ірына Данцова разважае: калі ў вас ёсць лішнія грошы, лепш укласці іх цяпер у кватэру і атрымліваць пасіўны даход.

«Нядрэнная двухпакаёвая кватэра ў спальным раёне будзе каштаваць 300-350 даляраў у арэнду. Ці чалавек можа ўкласці ў новабудоўлю, дзе цяпер арэнда каля 400-500 даляраў у эквіваленце. Бяром «Маяк Мінска» — у межах 700-1000 даляраў разбіраюць. Я за тое, каб кіраваць сваімі інвестыцыямі, а не пакідаць грошы проста так ляжаць». 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?