Калі вывучыць лічбы больш уважліва, то ствараецца ўражанне, што мы пастаянна перажываем Год сурка. Штогод беларускаму ўраду тэрмінова патрэбныя грошы, штогод Расія падстаўляе сваё плячо, — і так кожны год.

Практычна штогод Беларусь атрымлівае падтрымку не толькі ад Расіі, але і ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, і гэта, па сутнасці, таксама квазірасійскія грошы.

У 2015-м узялі ў доўг у Расіі $1 млрд 572 млн, у 2017-м запазычанні ў Расіі і ЕФСР сумесна склалі ўжо $2 млрд 110 млн, у 2018 гэта быў «усяго толькі» $1 млрд 79 млн.

Адзіным анамальным годам стаў 2019-ы, калі сумарна вярнулі даўгоў Расіі і ЕФСР больш ($979 млн), чым узялі ($730 млн) у іх крэдытаў. Зрэшты фінансавым апетытам таго года дапамог Кітай: у 2019 Беларусь атрымала ад Паднябеснай крэдытаў на $638 млн, але ўсё хутка вярнулася назад, і ў 2020 і 2021 мы зноў стабільна больш бяром у Расіі і ЕФСР пазыку, чым аддаём.

Для параўнання, калі ў 2015-ым сукупныя плацяжы па крэдытах, якія прыйшлі з боку Расіі і ЕФСР, складалі $653 млн, то ў 2020 гэта было ўжо $1 млрд 86 млн.

У 2021-м з улікам абяцаных $640 млн мы ў агульным атрымаем ад Расіі каля $1,404 млрд. Магчыма, гэта не канчатковая лічба запазычанняў. Пры гэтым мы ўжо выплацілі за мінулую частку 2021-га $689 млн доўгу толькі Расіі і Еўразійскаму фонду стабілізацыі і развіцця. Гэта значыць, па сутнасці, палова грошай, якія мы ў гэтым годзе пазычылі ў Расіі, пайшла ў залік старых даўгоў.

Падводзячы вынік, мы бачым наступныя тэндэнцыі.

Першае — крэдытныя апетыты Беларусі стабільна высокія, а вось магчымасцяў атрымаць пазыкі становіцца ўсё менш.

Другое — Расія застаецца асноўным крэдыторам і Беларусь трапляе ва ўсё большую ад яе залежнасць. Пры гэтым выдзяляе грошы Масква ўсё больш асцярожна.

Трэцяе — мы рэгулярна бяром у доўг больш, чым аддаём. З улікам таго, што наперадзе маячаць усё больш жорсткія міжнародныя санкцыі, такая сітуацыя абяцае сур'ёзныя праблемы.

Каб зразумець, чым гэта можа пагражаць, дастаткова з года ў год набіраць даўгі, плаціць па іх менш, чым браць пазыку, а потым пазбавіцца крыніц іх рэфінансаваць.