Птушка на скрыншоце — звычайная чаротаўка

Насамрэч такая карціна паўтараецца штогод. Пачынаецца восеньская міграцыя, і многія птушкі падчас яе гінуць ад сутыкнення з шыбамі.

«Сезон размнажэння скончыўся, і мігруе вельмі шмат маладых птушак, якія толькі-толькі навучыліся лятаць, але да многіх варыянтаў небяспекі не прызвычаены.

У прыродзе няма аналагаў вертыкальным празрыстым шыбам, і птушка не разумее, што туды не варта ляцець. Некаторыя дарослыя навучаюцца іх адрозніваць, але маладыя не прыстасаваныя, таму часцей гінуць.

Ёсць, канечне, невялікі ўнёсак іншых натуральных фактараў — інфекцыі, тое, што маладыя птушкі не могуць часам здабыць ежу. Але асноўнае — восеньская міграцыя», — тлумачыць арнітолаг «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Максім Нямчынаў.

Гарадскія птушкі — вялікая сініца, блакітная сініца, вераб’і дамавыя і палявыя — не адлятаюць на поўдзень, а вандруюць недалёка ад месцаў гнездавання. Пакуль птушаняты раслі, дарослыя збіралі ежу побач з гнёздамі. А калі там корм скончыўся, сталі шукаць яго на іншых тэрыторыях.

Напрыклад, сініца вывелася ў Парку Чалюскінцаў, а зараз лятае па малых насаджэннях уздоўж праспекта Незалежнасці і збірае насякомых.

«Пазней у верасні будзе яшчэ хваля міграцыі: шэраг птушак (напрыклад, слонка) лятуць на вышыні па-над дрэвамі, што выклікае сутыкненне з будынкамі ў цемры», — дадае Максім Нямчынаў.

Каб менш птушак гінула ад сутыкнення са шклом, арнітолагі прапануюць абклейваць шыбы рознымі выявамі. Ці фарбаваць іх адмысловымі ультрафіялетавамі маркерамі — гэта лепшы варыянт, бо птушкі ультрафіялет добра бачаць, а для чалавека гэты малюнак будзе амаль незаўважны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?